«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку


Мігрант з Сірыі, які паспяхова перайшоў беларускую мяжу і ўжо знаходзіцца ў Нямеччыне, тлумачыць «Белсату», чаму людзі рызыкуюць жыццём і аказваюцца не гатовыя да пагрозаў у дарозе.

Выява носіць ілюстрацыйны характар. Мігранты на набярэжнай Свіслачы. Менск, Беларусь, 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

На межах Беларусі мігрант можа «затрымацца» паміж двух агнёў: польскія і літоўскія памежнікі не пускаюць і разгортваюць назад, а беларускія зноў гоняць на мяжу. Некалькі мігрантаў ужо загінулі, але паток не спыняецца.

Каб знайсці «правадыроў», напішыце ў пошуку Facebook альбо Telegram слова «بيلاروس»

Аб’явы накшталт «ад € 5000 з Іраку ў Нямеччыну праз Беларусь» адкрыта публікуюцца ў Facebook-групах і Telegram-чатах, даюцца кантактныя тэлефоны. Дастаткова проста ўвесці ў пошук слова «Беларусь» на арабскай мове. Такія групы і чаты не закрываюць і не блакуюць. Пра тое, каб кімсьці з арганізатараў нелегальнай міграцыі з-за такіх прапаноў зацікавіліся мясцовыя сілавікі, не паведамлялася. Беларускі бок тым больш не перашкаджае іх дзейнасці, а толькі дапамагае з «турыстычнымі паслугамі» і пераходам мяжы.

Самі арганізатары пра рызыкі не пішуць. Адны ў каментарах папярэджваюць аб небяспецы і магчымым падмане, іншыя адразу пад гэтымі паведамленнямі ўдакладняюць кошты і ўмовы.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра беларускі канал нерэгулярнай міграцыі
2021.10.27 16:55

«Белсат» звярнуўся да тых, хто цікавіўся аб’явамі, з пытаннямі аб тым, ці ведаюць яны пра рызыкі. Хтосьці тлумачыць, што проста шукае не самы дарагі спосаб міграцыі. Хтосьці – што нават шанцы «50/50» досыць нядрэнныя, а сярод знаёмых ёсць тыя, хто паспяхова дабраўся ў жаданую краіну. Хтосьці адказвае просьбамі аб дапамозе і шчырым абурэннем: чаму не хочуць пускаць у Еўропу, чаму не адкрылі межы?

Адзін з тых, хто каментаваў пост аб міграцыі праз Беларусь адзначыў: «Звяроў і птушак праз мяжу прапускаюць, і з імі не абыходзяцца так жорстка, як з людзьмі. Абаронцы правоў чалавека, перакананы ён, сваю місію правалілі. Ён дадае: так, даводзіцца ісці гэтай дарогай, якая некаторых прыводзіць да смерці, але ці ёсць лепшы шлях?»

Выява носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Яшчэ адзін заявіў: «Людзі ўцякаюць ад беднасці і вайны, і для яго нават смерць будзе большай міласэрнасцю, чым цяперашняе жыццё».

Міліцыя збіла, польскія памежнікі развярнулі, беларускія памежнікі дапамаглі сысці

Мігрант з Сірыі, які дабраўся праз Беларусь і Польшчу ў Германію, падрабязна распавёў «Белсату» пра свой вопыт. Ён не хоча паказваць твар і называць сапраўднае імя – просіць называць проста Мухамедам.

Ён даведаўся пра шлях праз Беларусь у Facebook: многія арабы сталі распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што «адкрыўся новы шлях», а беларускія сілавікі дапамагаюць у пераходзе мяжы. Атрымаў афіцыйнае турыстычнае запрашэнне ад беларускай кампаніі, ляцеў у складзе «турыстычнай групы» з людзьмі, якія пазнаёміліся толькі ў самалёце.

Ад Менску да польскай мяжы даехалі на таксі за $ 100, збіраліся пераходзіць невялікай групай. Але мігранты апынуліся каля вёскі, жыхары якой іх заўважылі і паведамілі аб гэтым у міліцыю. Міліцыя сапраўды прыехала, моцна збіла мігрантаў, паказала збітых мясцовым – і вярнула ў Менск. Восем чалавек зноў вярнуліся на мяжу, але на гэты раз адправіліся ў бязлюдныя месцы.

Выява носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Мухамед успамінае, што з сабой на мяжу бралі цыгарэты – была інфармацыя, што для таго, каб беларускія памежнікі прапусцілі мігрантаў, трэба даць ім цыгарэт. Але калі група мігрантаў сустрэла беларускіх памежнікаў, аддаць нічога не атрымалася – памежнікі самі забралі ўсё, што хацелі. У тым ліку спальнікі. Але дарогу адкрылі, рассунулі калючы дрот і выпусцілі.

На другім баку мяжы група трапілася польскім памежнікам. Тыя вярнулі іх на беларускую мяжу, пры гэтым забралі ўсе сім-карты, а ў аднаго з групы – і тэлефон. Палякі, кажа Мухамед, ведаюць, што мігранты ідуць па GPS да правадыра ў Польшчы, які ўжо адвязе на машыне ў Нямеччыну.

Калі палякі вярнулі мігрантаў у Беларусь, беларускія памежнікі сабралі ўжо больш за сотню чалавек у адным месцы і адправілі назад на польскую мяжу. Палякі зноў спынілі групу і вярнулі ў Беларусь. Але з трэцяга разу ў гурта Мухамеда атрымалася прайсці ў Польшчу – на шляху нікога не сустрэлі.

Да машыны да Германіі група ішла чатыры дні па лясах без ежы і вады, у холадзе. Ішлі толькі ноччу, без святла і гуку. Колькі кіламетраў прайшлі, Мухамед сам не ведае.

Лепшага шляху няма

Мухамед пацвярджае, што лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма. Як няма і добрага варыянту прытулку ў суседніх краінах. Турцыя, да прыкладу, не дае бежанцам практычна ніякіх правоў, многія ўцекачы ў Турцыі страцілі ўсё. Іран – таксама не надзейны варыянт, яны супрацоўнічаюць з тым жа ўрадам Башара Асада ў пытанні ўцекачоў.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Мігранты ў лагеры уцекачоў. Капчаміесціс, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Менавіта ў Нямеччыну імкнуцца з-за таго, што Польшча ці Літва не падаюць уцекачам супастаўных правоў. Супастаўныя даюць Галандыя, Бельгія і Вялікая Брытанія. Напрыклад, у Германіі мігранту адразу дадуць якую-ніякую грашовую дапамогу, адправяць на моўныя курсы, пасля якіх можна скончыць адукацыю або атрымаць новую. У краінах, якія мяжуюць з Беларуссю, такога не дадуць.

Асноўная маса мігрантаў не спрабуе легальны шлях. Напрыклад, іміграваць у Нямеччыну можна праз паступленне ў універсітэт, афіцыйнае працаўладкаванне і запрашэнне працадаўцы, спецыяльную візу для высокакваліфікаваных спецыялістаў, шлюб з грамадзянінам Германіі, уз’яднанне сямʼі ці праз атрыманне статусу бежанца. З апошнім не проста: трэба спачатку легальна трапіць у Германію з візай, потым даць пераканаўчыя доказы пагрозы на радзіме ці ўшчамлення правоў.

Бягуць і тыя, каму ёсць што губляць

Асноўная прычына міграцыі з Сірыі, кажа Мухамед, гэта армія: маладыя мужчыны ўцякаюць ад службы, дзе іх прымусяць забіваць суграмадзянаў. Каб пазбегнуць гэтага, гатовыя на вялікую рызыку.

Але сярод мігрантаў ёсць людзі старэйшага пакалення, і адносна нябедныя людзі, як то айцішнікі або медыкі. Яны, кажа суразмоўца, уцякаюць з-за таго, што ў арабскіх краінах «няма будучыні»: няма працы, не выконваюцца правы чалавека, у многіх у войнах загінулі сваякі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Мігранты ў лагеры для бежанцаў у Літве. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Тых, каму па правілах Еўразвязу варта даць прытулак, даволі мала. Напрыклад, Міністэрства замежных справаў Літвы нядаўна паведамляла такую статыстыку: разгледзелі 1289 хадайніцтваў аб прадастаўленні прытулку, задаволілі два ад эрытрэйскіх мігрантаў, адмовілі 878 мігрантам, а яшчэ 409 адхілілі ў сувязі з адсутнасцю заяўніка або вяртаннем у краіну паходжання. Аднак сярод людзей, якія затрымаліся на памежжы, ёсць і людзі, якім на радзіме пагражае палітычны пераслед.

Шанцы на поспех невядомыя

З пачатку года нямецкая паліцыя затрымала амаль 8 тысяч мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Германію праз Беларусь і Польшчу, каля 5 300 затрыманняў было ў кастрычніку. Польскія і літоўскія памежнікі штодня рапартуюць пра сотні папярэджаных спробаў нелегальнай міграцыі. Шмат людзей захрасла паміж памежнікамі.

Якія шанцы паспяхова дабрацца? Залежыць ад таго, дзе менавіта пераходзіць мяжу, кажа Мухамед. Дзе менш памежнікаў – шанцаў больш. Але цяпер пераход мяжы стаў больш складаны праз тое, што памежнікаў стала больш.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Літоўска-беларуская мяжа. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Часта праз мяжу ідуць не цэлымі сем’ямі – спачатку адпраўляецца малады і цягавіты мужчына. Калі ў яго атрымаецца дасягнуць канчатковай кропкі і легалізавацца, на месцы можна будзе падаць заяву пра ўзʼяднанне сямʼі, каб бяспечна перавезці сямʼю. Але гэта займае ад 6 да 18 месяцаў. Таму некаторыя бягуць цэлымі семʼямі.

Інфармацыі па-арабску мала

Многія ўцекачы, якія захраслі на мяжы, аказваюцца не толькі без ежы і вады, але і без адзення, якое адпавядае клімату. Некаторыя проста паміраюць ад пераахаладжэння. Некаторыя ўжо ў Беларусі купляюць на рынках цёплую вопратку і рыштунак. Чаму да рызыкі аказваюцца не гатовыя?

Мухамед кажа, што ў арабскіх краінах мала людзей ведае замежныя мовы, а інфармацыі пра Беларусь па-арабску мала. Мігранты проста не ведаюць, дзе ўзяць патрэбную інфармацыю.

А калі аказваюцца ў Беларусі, зваротнай дарогі ўжо няма. Ёсць патрэбнае для выжывання або няма – беларускія памежнікі не пусцяць назад і загадаюць ісці ў Польшчу.

Што з гэтым рабіць?

Ці варта лепш інфармаваць патэнцыйных уцекачоў аб небяспецы або ціснуць на ўлады краін, адказных за паток міграцыі?

Мухамед кажа, што галоўнае ягонае жаданне – каб польскія памежнікі дазвалялі мігрантам перасякаць мяжу. Справа ў тым, што мігранты ўсё роўна не збіраюцца заставацца ў Польшчы, усе звычайна імкнуцца ў Германію, таму як Польшча ўсё роўна не дае ім асаблівых прывілеяў як уцекачам.

Hавiны
Крыніца: Нелегальныя мігранты з Іраку ляцяць у Беларусь праз Дубай
2021.10.07 14:34

АА/ІР, belsat.eu

Стужка навінаў