Завочныя суды над беларусамі. Чаго чакаць і што рабіць, калі пазбаўляюць грамадзянства і маёмасці


Улады даўно казалі пра жаданне «разабрацца» з беларусамі, якія з’ехалі ў іншыя краіны, ратуючыся ад палітычнага пераследу і рэпрэсіяў. Цяпер такіх асобаў будуць судзіць завочна: калі пасадзіць у турму іх фізічна немагчыма, улады надумалі адбіраць маёмасць і нават пазбаўляць грамадзянства. Разбіраемся, што ўсё гэта значыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Каго будуць судзіць першымі

Днямі Следчы камітэт Беларусі назваў першыя імёны, каго будуць судзіць завочна. У спісе – пяцёра чалавек, якіх звязваюць з адміністраваннем тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Гэты канал публікаваў асабістыя звесткі сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў, што здзяйснялі рэпрэсіі супраць беларускага народу. Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занямонская і Дзмітрый Навоша абвінавачваюцца паводле ч. 3 арт. 130 («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, учыненыя групай асобаў») і ч. 3 арт. 203-1 КК («Наўмысныя незаконныя збор, надаванне і распаўсюд інфармацыі пра персанальныя звесткі іншай асобы без ейнай згоды»).

Пазней гэты спіс дапоўніўся імёнамі Аляксандры Герасімені, Аляксандра Апейкіна і Дзмітрыя Салаўёва. Алімпійскую прызёрку ў плаванні Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна вінавацяць у закліках да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК), а Дзмітрыя Салаўёва – у перамяшчэнні праз мяжу буйной сумы грошай (ч. 4 арт. 282 КК) і ў рыхтаванні асобаў да ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, фінансаванні ды іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 4 арт. 282 КК).

Герасіменя і Апейкін – заснавальнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці, што дапамагае рэпрэсаваным спартоўцаў. Дзмітрый Салаўёў – праваабаронца, праходзіць падазраваным у справе супраць вясноўцаў, здолеў з’ехаць з краіны ўвесну 2021 года. Ён адзін з арганізатараў незалежнага назірання за выбарамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Прадстаўнікі Следчага камітэту анансавалі, што збіраюцца таксама судзіць удзельнікаў і кіраўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна», Каардынацыйнай рады, тэлеграм-каналу «Nexta» і Валерыя Цапкалу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акруговы суд у польскай сталіцы падчас разгляду справы аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы, заснавальніка тэлеграм-каналу «Nexta», абвешчанага ўладамі Беларусі экстрэмісцкім. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Закон аб змене Крымінальна кодэксу, які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачванымі, калі тыя за мяжою, 21 ліпеня быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

«Людзям, якія з’ехалі, ад гэтых судзілішчаў ні горача ні холадна»

Даведка
Арцём Праскаловіч
Фота: Zviazda.by

Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч у гутарцы з «Белсатам» адзначыў, што разглядаць такія завочныя працэсы з юрыдычнага гледзішча можна было б у дэмакратычнай прававой дзяржаве, дзе працуе закон. Аднак гэта не пра цяперашнюю Беларусь:

«Гэта адзін з крокаў закруціць гайкі і тэрарызаваць грамадства, што рэжым працягвае здзяйсняць з 2020 года. Але ён адбываецца са спазненнем. Такі крок ужо ніяк не можа нікога напужаць. Тым людзям, якія з’ехалі, ад гэтых судзілішчаў ні горача ні холадна.  Калі ў выніку яны будуць пазбаўленыя не толькі маёмасці, але і грамадзянства Беларусі, беларусамі ад гэтага яны менш не стануць. Таксама гэта наўрад ці спалохае тых, хто застаецца ў краіне».

На думку эксперта, завочнае судовае вядзенне дапушчальнае, калі падсудны не можа прысутнічаць на паседжанні і паўнавартасна сябе бараніць.  Такая практыка існуе ў краінах, дзе шматгадовыя, стагоддзямі ўсталяваныя падыходы для абароны правоў і інтарэсаў чалавека, дзе існуюць розныя дэмакратычныя інстытуцыі – не толькі незалежны суд, але і праваабарончыя, няўрадавыя арганізацыі, ёсць моцная і развітая грамадзянская супольнасць. Усё гэта дадатковы стрымвальны фактар ад патэнцыйнага беззаконня.

«Калі б гэта ўсё было магчымым на тэрыторыі Беларусі, ніякіх асаблівых юрыдычных перашкодаў для замацавання працэдуры завочных судоў я не бачу. Аднак на сёння Беларусь часова акупаваная расейскімі войскамі, у краіне ўсталяваная акупацыйная адміністрацыя і антыдэмакратычны рэжым Лукашэнкі, таму гэта ні прававая, ні дэмакратычная дзяржава.

Мы ведаем прыклады, калі некаторыя асобы былі гатовыя выступаць на судах дыстанцыйна, аднак ім адмовілі. Гэта пры тым, што беларускія прававыя акты прадугледжваюць такую працэдуру, а суды маюць тэхнічныя магчымасці: можна ладзіць паседжанні з відэа- і аўдыясувяззю са сведкамі, абвінавачванымі ды іншымі ўдзельнікамі працэсу. Таму паўнавартасна бараніць сябе людзі, да якіх будуць прэтэнзіі з боку рэжыму Лукашэнкі, не здолеюць, нават калі яны гэтага захочуць», – кажа Арцём Праскаловіч.

Марина Золотова, главный редактор TUT.BY и политзаключенная
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эксперт мяркуе, што анансаваныя завочныя працэсы не будуць масавыя. Улады паказальна пакараюць самых публічных асобаў, якія найбольш прысутнічаюць у медыяпрасторы. Аднак дэмакратычныя сілы ўжо працуюць над механізмамі рэабілітацыі нявінна асуджаных рэжымам:

«Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў прынялі пэўныя дакументы, якія складуць базу новых нарматыўна-прававых актаў. Гэта і канцэпцыя рэабілітацыі ахвяраў рэжыму, якую распрацоўваў НАУ, і акт аб рэабілітацыі, які распрацаваў Офіс Святланы Ціханоўскай. Там закладзеныя падыходы аднаўлення ўсіх парушаных правоў і інтарэсаў грамадзянаў, у тым ліку ў выніку падобных судоў. Пераходны кабінет на аснове гэтых дакументаў будзе прымаць больш дэталёвыя акты, якія са зменаю рэжыму ў Беларусі на дэмакратычны адразу ўступяць у моц і будуць ужывацца».

Пазбаўленне маёмасці і грамадзянства. Што з гэтым рабіць

Адным са спосабаў пакарання падчас завочных судоў анансуюць адабранне маёмасці ў падсудных. Што ім рабіць у такім выпадку і ці можна падстрахаваць сябе ўжо цяпер?

Паводле Арцёма Праскаловіча, варта разумець, што прадстаўнікі рэжыму не будуць выконваць нават тых нарматыўна-прававых актаў, якія існуюць у Беларусі:

«Я б рэкамендаваў людзям за мяжою не спрабаваць фіктыўна пазбаўляцца ад маёмасці ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што гэта горка і прыкра, варта прадаваць актывы, выводзіць грошы за мяжу, туды, дзе вы цяпер, альбо пакідаць родным, блізкім у Беларусі. Магчыма, гэта стане пэўным стрымвальным фактарам для прадстаўнікоў рэжыму, бо калі ў іхны бок пачнуцца прэтэнзіі ад людзей у Беларусі, якія цалкам законна набылі сабе маёмасць, будзе стварацца напружанне ў грамадстве.

Можна звяртацца ў наднацыянальныя органы – найперш Камітэт правоў чалавек ААН – з адмысловымі заявамі пра неправавыя прысуды. Мы разумеем, што гэты інстытут сёння існуе так, што яго рашэнні не абавязковыя для ўладаў унутры дзяржавы. Але варта знаходзіць сілы на такое развіццё справы. Тады ў будучыні ў новых уладаў Беларусі будуць юрыдычна засведчаныя факты таго, што быў вынесены неправавы прысуд. І каб міжнародная супольнасць чарговы раз пабачыла, што адбываецца ў Беларусі».

Яшчэ адзін спосаб пакараць людзей на завочных судах – пазбаўленне беларускага грамадзянства.

«Грамадзянства – гэта факт заключэння дамовы паміж чалавекам і дзяржаваю пра тое, што ў абаіх узнікаюць пэўныя правы ды абавязкі ў дачыненні адно аднаго. Грамадзянін са свайго боку выконвае свае абавязкі: плаціць падаткі, абараняе тэрыторыю падчас вайны. Дзяржава бярэ на сябе абавязак сацыяльна забяспечваць грамадзяніна, абараняць ягоныя правы і законныя інтарэсы. У выпадку Беларусі мы бачым, што сваю частку дамовы дзяржава праз рэжым Лукашэнкі перастала выконваць.

Беларусы, якіх пазбавяць грамадзянства, нічога не губляюць. У іх у той жа момант не адбяруць маёмасці, права на пенсійныя выплаты. Пазбаўляць грамадзянства плануюць тых, хто за межамі Беларусі, таму ні медычную дапамогу, ні бясплатную адукацыю ад Беларусі гэты чалавек ужо не атрымлівае. Я не магу сабе ўявіць нейкіх прынцыповых момантаў, якіх будзе пазбаўлены чалавек у магчымасці зрэалізаваць свае правы за межамі праз тое, яго пазбавяць беларускага грамадзянства», – тлумачыць эксперт.

Юрыст адзначае, што сёння прадстаўнікі пераходнага кабінету на ўсіх дыпламатычных сустрэчах прагаворваюць пытанне пазбаўлення беларусаў грамадзянства. Яны атрымліваюць дакладны адказ: дэмакратычныя краіны, з якімі ўжо ўсталяваныя партнёрскія сувязі, не будуць прызнаваць такіх пастановаў рэжыму Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«То бок да канца дзеяння беларускага пашпарта людзі будуць грамадзянамі РБ для прадстаўнікоў такіх дзяржаў. З іншага боку, маючы такое рашэнне на руках, чалавек можа звярнуцца да органаў улады там, дзе ён перабывае, каб атрымаць статус асобы без грамадзянства альбо статус палітычнага ўцекача. А далей афармляць адпаведныя дакументы, якія надае кожная дзяржава паводле сваёй унутранай працэдуры, каб мець магчымасць легальна заставацца ў краіне, працаваць, перамяшчацца як унутры краіны, так і за яе межы. Для тых, хто не збіраецца наведваць Беларусі, Расеі ці акупаваных Расеяй тэрыторыяў рашэнне аб пазбаўленні грамадзянства не будзе мець ніякіх наступстваў. Пасля сканчэння тэрміну дзеяння пашпарта – так, трэба будзе займацца ўладкаваннем юрыдычных пытанняў, але яны б узніклі незалежна ад таго, пазбаўлены чалавек грамадзянства ці не», – кажа эксперт.

Разам з тым дэмакратычныя сілы ўжо разглядаюць магчымасць выдаваць новыя дакументаў для беларусаў.

«Гэтае пытанне разглядаюць на самым высокім узроўні. Гэта натуральны шлях, ім крочаць, і думаю, у даволі хуткай перспектыве да гэтага прыйдуць. Бо і беларускія дэмакратычныя сілы, і нашыя партнёры разумеюць праблему, якая можа паўстаць праз тое, што збіраецца рабіць рэжым. Але для практычнай рэалізацыі задумы трэба не толькі палітычная воля і гатовасць іншых дзяржаваў прызнаваць такія дакументы, але і пэўныя тэхнічныя рашэнні. Мне падаецца, электроннага віду будзе недастаткова, а калі рабіць пластыкавыя ці папяровыя дакументы, яны мусяць мець пэўныя ступені абароны. А ў палітычным ці юрыдычным плане праблемы няма. Пытанне ў тым, каб правесці ўсе неабходныя кансультацыі, юрыдычна зафіксаваць факт, што гэтыя дакументы будуць прызнавацца шэрагам краінаў. Так, наўрад сярод іх будзе Расея ці, напрыклад, Кітай, але большасць дэмакратычных партнёраў будуць іх прызнаваць без праблемаў.

Пакуль я думаю, што пазбаўленне грамадзянства будзе кропкавым, літаральна да 200 чалавек. Але калі раптам рэжым захоча прымяніць гэта да ўсіх актывістаў, якія выехалі за мяжу з 2020 года, то праблема стане даволі вострай, і ўсе будуць зацікаўленыя ў тым, каб максімальна хутка яе развязаць», – адзначае наш суразмоўца.

Эканамічных наступстваў для пазбаўленых грамадзянства беларусаў не наступае, адзначае эксперт. Пазбаўленне грамадзянства не прыводзіць да таго, што чалавек можа быць пазбаўлены маёмасці. У яго могуць наступіць іншыя эканамічныя, падаткавыя рэжымы, спосабы кіраваць гэтаю маёмасцю.

«Абрабаваць усіх, забраць ува ўсіх маёмасць не так проста. Усё ж рэжым імкнецца надаваць сваёй расправе хоць нейкі выгляд прававой працэдуры. Другі момант – адміністраванне працэсу. Груба кажучы, адна справа адабраць у Дзмітрыя Навошы кватэру, і гэта сапраўды ліквідная маёмасць. А ў большасці выпадкаў гэта стане галаўным болем судовых выканаўцаў, як зрэалізаваць старэнькі тэлевізар ці мабільнік, які яны знойдуць.

Таму пазбаўленне маёмасці і грамадзянства будзе, хутчэй, чарговай пужалкай і магчымасцю для прапагандыстаў казаць, што за межамі Беларусі за свабоду краіны змагаюцца не грамадзяне Беларусі, а ўвогуле незразумелыя людзі, якія не маюць да краіны ніякага дачынення. А значыць, не могуць рэпрэзентаваць і бараніць яе інтарэсаў», – падсумаваў эксперт.

Абноўлена
Святлана Ціханоўская перамовілася з амбасадарам ЗША, наперадзе – сустрэчы з прэм’ерам і прэзідэнтам Польшчы
2022.10.04 13:38

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў