«Вырашыў ратавацца тут». Чаму не ўсе расейцы бягуць з краіны


Назіральнікі разыходзяцца ў ацэнках, афіцыйных звестак няма, але відавочна, што пасля абвяшчэння мабілізацыі Расею пакінулі некалькі сотняў тысяч чалавек. Пакуль у сацсетках спрачаюцца, ці можна ўцекачоў ад вайны называць бежанцамі, вышукваюць сярод іх пуціністаў і пытаюцца, дзе гэтыя людзі былі апошнія восем гадоў ці апошнія сем месяцаў, без адказаў застаюцца два пытанні: хто абароніць правы расейцаў за мяжой і чаму не ўсе ахвотныя з’язджаюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына і жанчына на роварах разам з сабакам на памежным пераходзе «Верхні Ларс» на расейска-грузінскай мяжы. 28 верасня 2022 года.
Фота: Irakli Gedenidze / Reuters / Forum

Доўгая дарога на волю

Вымушаная эміграцыя расейцаў, якую адны называюць ўцёкамі, а іншыя рэлакацыяй, часам нагадвае бег з перашкодамі, хоць гэта, напэўна, больш падобна на біблейскі сыход.

«Пачаўся мой шлях з куплі квіткоў на аўтобус да Ерэвану. Яны каштавалі 10 тысяч рублёў (калі б не знаёмыя армяне, прыйшлося б плаціць 15). Дарога да Уладзікаўказу прайшла параўнальна нядрэнна, аўтобус часта спыняўся, але атмасфера была вельмі напружаная, і напружанне нарастала па меры набліжэння да Уладзікаўказу, – распавядае Мікалай, адзін з маладых людзей, што бягуць з Масквы ад мабілізацыі. – Першы званочак прагучаў яшчэ да Мінводаў: у аўтобус зайшоў даішнік і забраў пашпарты хлопцаў, якія трымаліся купкай і больш за ўсіх былі падобныя да прызыўнікоў. Іх адвялі ў асобны будынак і праз паўгадзіны адпусцілі. Ці давалі яны хабар, я не ведаю, але навошта яшчэ іх маглі забіраць, не разумею».

«У Асеціі ўжо пачаўся страх, у мяне ўзнялася тэмпература. Я паспрабаваў паспаць, але з’явіліся гвардзейцы з аўтаматамі, загадалі ўсім грамадзянам РФ выйсці на праверку. Ноч, было страштнавата, – успамінае Мікалай. – Праехалі яшчэ трохі – і зноў тое ж самае. Зневажанняў нейкіх не было, але адзін асецін-расгвардзеец здзекаваўся, называў руснакамі. Потым, ужо ў чарзе да КПП, адзін хлопец распавёў, што ў ягоны аўтобус увайшоў мужык з аўтаматам і пачаў пагражаць, патрабаваць “па 10 тысяч з рыла”».

«Ва Уладзікаўказ мы заехалі, хоць былі чуткі і выпадкі, калі аўтобус заганялі ў адстойнік, – працягвае ўцякач. – Яшчэ на запраўцы народу было купа, мясцовыя правакавалі, чапляліся, пераконваючы паехаць з імі, карыстаючыся тым, што людзі ў стрэсе схільныя згаджацца. Мы яшчэ не паспелі выйсці з аўтобуса, як асеціны абляпілі нас на прыступках. Спачатку пераконвалі, што праедуць па сустрэчнай і іх прапусцяць (нібыта мясцовыя даішнікі ў долі), затым прапаноўвалі нейкі сакрэтны горны шлях. Пасажыры сталі нагнятаць і павялічваць засмучэнне. Прыйшоў кіроўца і сказаў, што можна за 300 тысяч (па 10 тысяч з кожнага) дамовіцца наўпрост з Дзяржаўтаінспекцыяй і ў суправаджэнні іх машынаў даехаць да канца затору на дарозе. Гэта, магчыма, было праўдай, але пасажыры не змаглі дамовіцца, і мы адправіліся да гэтага затору. Даехаць нават да яго мы не змаглі, бо тыя асеціны з запраўкі, не зарабіўшы на нас, папросту заблакавалі нам праезд».

Мікалай распавядае, што ўвесь гэты час асеціны заходзілі ў аўтобус і прапаноўвалі пасажырам свае паслугі. І аднаму ўдалося дамагчыся свайго: «Я ў напаўхваравітым, паўсонным трызненні пагадзіўся, выкінуў проста на вуліцу ўсе непатрэбныя рэчы і сеў з парай хлопцаў да яго. Дарога была вар’яцкая, але зусім пустая, толькі наша машына. Па шляху стаялі даішнікі, але хабар быў уключаны ў кошт (па 15 тысяч з пасажыра)».

Маршрут быў збольшага турыстычны: «Паехалі мы праз ледавік, дзе загінуў Сяргей Бадроў; перыядычна нас высаджвалі і нешта паказвалі, хвалілі сябе – маўляў, нам пашанцавала. А нам сапраўды пашанцавала, улічваючы адсутнасць сувязі і прысутнасць сярод нас, траіх масквічоў з грашыма, мясцовага грамілы. Я думаў, нас высадзяць у гарах і забяруць грошы. Але абышлося. Мы аб’ехалі большую частку дарожнага затору, хоць увесь гэты шлях (гадзіны паўтары) быў хутчэй дзеля пафасу, ілюзіі таго, што мы аддалі грошы нездарма. Кіроўца і граміла сказалі, што нам ісці да КПП усяго 20 хвілін, але мы ішлі гадзіны паўтары. У прынцыпе, можна было да гэтага ж месца купіць таксі за 4 тысячы, хоць і з рызыкай, што звычайныя людзі могуць заблакаваць шлях».

Мікалай успамінае, што на пераходзе «Верхні Ларс» «асаблівая атмасфера»: горы смецця, у якім корпаюцца коні і каровы, ды людзі, якія стаяць па шэсць содняў, зноў натоўп мясцовых, якія прапаноўваюць розныя паслугі.

«Вушы былі закладзеныя пасля горнай дарогі, да КПП мы ішлі доўга, але гэта нішто ў параўнанні з месцам, дзе пачынаўся затор, – працягвае ўцякач ад мабілізацыі. – Мае спадарожнікі за 20 тысяч з кожнага пагадзіліся на прапанову сесці ў машыну да Тбілісі, іншыя людзі з аўтобуса за 5 тысяч селі ў машыну, каб проста мяжу хутчэй мінуць. Ну, а мне ў гэты час моцна пагоршыла – млоснасць, слабасць, тэмпература. Былі з сабой лекі, выпіў іх і пайшоў шукаць машыну, якая адразу едзе ў Ерэван. За 15 тысяч я не паспеў сесці, за 35 не мог – столькі папросту не было… У выніку мне патэлефанаваў нейкі армянін, назваў нумар сваёй машыны, сказаў, што ён за 400 метраў ад КПП. Гэта было выратаваннем. Аказалася, што мая цётка ў чаце напісала пра мяне, жонка гэтага армяніна паспела ўбачыць і запісаць мой нумар, перш чым паведамленне выдалілі, перадала яго мужу. Я заплаціў яму 12 тысяч».

Дарога з Масквы ў Ерэван заняла ў Мікалая 23 гадзіны і абышлася ў 37 тысяч рублёў (каля $623). Ён успамінае, што расейскую мяжу праехалі даволі хутка, а нейтральны пас перасякалі некалькі гадзін – затор рухаўся з хуткасцю два метры за гадзіну. Але пасля грузінскага КПП коркаў ужо не было – толькі палёгка, правал у сон, а затым адчуванне свабоды і захапленні ад прыгажосці Грузіі і Арменіі.

«Мабыць, я не да канца спалохаўся»

Мікалай – адзін з некалькіх чалавек, якіх удалося пераканаць, што цяпер ужо сапраўды пара «валіць». Вывазам сяброў, знаёмых, блізкіх займаліся і працягваюць займацца многія расейцы, якія апынуліся ў выгнанні яшчэ да 21 верасня. Магчыма, дакладную колькасць уцекачоў ад мабілізацыі мы даведаемся ў хуткім часе, пакуль жа гучаць лічбы ад 200 тысяч да 1 мільёна чалавек.

Пры гэтым дакладна няма статыстыкі датычна тых, хто яшчэ застаецца, але якія хацеў бы з’ехаць. Па-еўрапейску настаўленыя, хто заўсёды галасаваў супраць пуцінскага рэжыму, выходзіў на пратэсты, хто спрачаецца ў сацыяльных сетках – чаму яны не з’язджаюць? Ёсць розныя прычыны. У адрозненне ад некаторых актывістаў, гэтыя людзі не пішуць у «Фэйсбуку», як ім надакучылі заклікі ратавацца і прапановы дапамогі. Яны шукаюць варыянты жыцця ў новых умовах і дзеляцца сваймі гісторыямі з сябрамі.

Фота
«Нам цяжка іх адпраўляць, але мы проста робім сваю працу». Жыццё Бураціі на фоне мабілізацыі
2022.09.29 17:50

Інжынер Сяргей хацеў бы з’ехаць у бяспечную краіну, ды грошай няма – усе назапашаныя ён выдаткаваў на спробу эміграцыі ў канцы лютага: спачатку складаны маршрут Уфа – Казань – Ташкент – Дубай – Тбілісі, затым спроба знайсці жыллё ў Грузіі, абыякавасць дыяспары, падман рыэлтараў і працадаўцаў… Сяргею прыйшлося вярнуцца ў Расею, яго прынялі назад на працу, але інфляцыя не дазволіла адкласці дастатковую колькасць грошай для ад’езду за мяжу пасля абвяшчэння мабілізацыі.

Напэўна, сярод цяперашніх уцекачоў таксама будзе нямала тых, хто вымушаны будзе вярнуцца на радзіму, дзе засталася кватэра і дзе могуць прыняць на ранейшую працу. Вяртаюцца дадому нават украінцы, якім дапамагаюць усе – што ўжо казаць пра расейцаў, якія не маюць падтрымання.

Менеджар Улад з Масквы кажа: «Куды бегчы? Я не ведаю. Думаў некалькі дзён, то панікаваў, то прымаў непазбежнае, то спрабаваў не думаць, то перажываў пра сям’ю і сяброў. Цэлы дзень думаў, галава праз гэта баліць і немагчыма працаваць. На межах людзі соднямі стаяць, многіх затрымліваюць, даюць позвы, разварочваюць… І гэта квіток у адзін канец, артыкул КК за дэзерцірства. Застаецца альбо хавацца-выкручвацца, альбо з канцамі кудысьці ехаць. Але ў мяне няма фінансавай падушкі і магчымасці працаваць за мяжой. Застаецца вельмі ціха тут сябе паводзіць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты трымаюць антырасейскі транспарант падчас акцыі каля памежнага пераходу «Верхні Ларс» на мяжы Расеі і Грузіі. 28 верасня 2022 года.
Фота: AP Photo / Shakh Aivazov / East News

Падобным чынам рэагуе студэнт Аляксандр з Санкт-Пецярбургу: «Мой выбар пакуль што – чакаць і назіраць за развіццём падзеяў. А потым не ведаю».

Каталіцкі святар айцец Сцяпан наракае, што вымушаны не афішаваць сваёй пазіцыі, але ў прыватных размовах выступае супраць вайны і забараняе парафіянам ісці забіваць. Публічна казаць ён не можа – пасадзяць або вышлюць з РФ (такія прыклады ўжо былі), а ён не можа кінуць парафіянаў адных.

Інтэрв’ю
«Не памятаю, калі бачыла столькі расейцаў на вуліцах». Што цяпер адбываецца ў Казахстане?
2022.09.29 11:26

«Салатамі абслугоўвае расейская баранэса»

Асобная гісторыя – што будзе з тымі расейцамі, якія застануцца за мяжой. Дзе яны будуць жыць, кім працаваць, як легалізуюцца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія аўтамабілі і аўтобусы выстройваюцца ў чаргу на памежным пункце «Ваалімаа» (Vaalimaa) паміж Фінляндыяй і Расеяй у Віралахці (Virolahti), Фінляндыя. 30 верасня 2022 года.
Фота: Sasu Makinen / Lehtikuva / AP / East News

Кацярына Колышкіна (дэ Гук-Догэрці), якая эмігравала падчас грамадзянскай вайны, падрабязна апісвала нягоды жыцця пасля таго, як заходнія дзяржавы прызналі савецкі ўрад, і пасольства Расейскай імперыі «ператварыліся ў гарбуз»: «Мы былі чужымі. Здзіўляюся, як я выжыла. Мне плацілі $ 7 на тыдзень, я здымала літаральна частку ложка – на ім спалі тры дзяўчыны, а ў пакоі нас было шасцёра. Прывід голаду пераследваў па пятах, мы размаўлялі пра ежу».

«Я знайшла працу афіцыянткі, мяне паставілі на салаты, – успамінала Колышкіна першыя гады эміграцыі. – Аднойчы зайшоў знаёмы і прывітаў мяне словамі: «Добры дзень, баранэса». Уладальнік рэстарану бачыў гэтую сцэну, перад маёй стойкай вырасла чарга. Адна афіцыянтка сказала: «Выйдзі і паглядзі шыльду ў вітрыне». Шыльда абвяшчала: «Салатамі абслугоўвае расейская баранэса». Я звольнілася ў той жа вечар».

Ёй давялося яшчэ нямала галадаць і бедаваць, але ўсё ж удалося знайсці добрую працу, а затым і актыўна заняцца дапамогай бедным. Падобная гісторыя пакут была і ў экс-галоўнакамандуючага Узброеных сілаў Поўдня Расеі генерал-лейтэнанта Антона Дзянікіна – разам з жонкай і дачкой ён шмат бадзяўся па свеце ў пошуках працы і больш таннага жыцця.

Тады, 100 гадоў таму, не так і шмат было за мяжой багатых і ўплывовых расейцаў, а дыпламаты былі толькі савецкія. І не было яшчэ кляйма «краіна-агрэсар». Цяпер расейскія амбасады таксама рэпрэзентоўваюць варожы расейцам рэжым, але і стаўленне палітыкаў і грамадства да грамадзянаў РФ не ўсюды можна назваць прыязным.

У адрозненне ад беларусаў, у расейцаў няма свайго ўраду ў выгнанні, затое ёсць Антываенны камітэт Расеі і Расейскі камітэт дзеяння. У іх уваходзяць Міхаіл Хадаркоўскі, Сяргей Алексашанка, Дзмітрый Гудкоў, Гары Каспараў, Яўген Чычваркін і іншыя публічныя персоны. Але прадстаўнікі камітэтаў не адказалі на пытанні «Белсату» аб тым, ці будуць абараняць правы расейцаў за мяжой і ці стануць дамагацца ад урадаў розных краінаў падтрымання ўцекачам з РФ. Ці возьмецца хтосьці развязваць гэтыя няпростыя задачы, пакуль невядома.

Іван Аляксееў / АА belsat.eu

Стужка навінаў