Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнікі ліквідуюць пажар на месцы жылога дому, які пацярпеў у выніку расейскага ракетнага абстрэлу ў Запарожжы, Украіна. 6 кастрычніка 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Генеральны штаб ЗСУ паведамляе, што цягам мінулых содняў расейскае войска нанесла 5 ракетных і 8 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніла больш за 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, у выніку чаго пацярпелі каля 30 населеных пунктаў ва Украіне.

Таксама 6 кастрычніка ўпершыню за доўгі час войскі РФ нанеслі авіяцыйны ўдар з паветранай прасторы Беларусі. Чатыры расейскія самалёты Ту-22 М3 ракетамі Х-22 атакавалі Хмяльніцкую вобласць. Пра гэта заявіў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны Аляксей Громаў.

У плане наземных аперацыяў ініцыятыва па-ранейшаму захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны.

Украінскі контрнаступ на поўначы Харкаўскай вобласці працягваецца, і цяпер ЗСУ прасоўваюцца да заходняй мяжы Луганскай вобласці. Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ЗСУ штурмавалі Тавільжанку і Альшанку, але ў выніку адышлі назад.

Сітуацыя ў Данецкай вобласці цягам содняў істотна не мянялася: Генеральны штаб ЗСУ паведаміў пра адбіццё расейскіх атак каля населеных пунктаў Выімка, Салядар, Адрадаўка, Бахмуцкае, Бахмут, Краснагораўка, Маёрск і Новаміхайлаўка.

Спакойнай застаецца сітуацыя ў Запарожскай вобласці, дзе ў асноўным бакі абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі. Разам з тым кіраўнік акупацыйных уладаў рэгіёну заяўляе, што ЗСУ сцягнулі да лініі фронту найбольшую колькасць тэхнікі і вайскоўцаў з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны, што ўказвае хуткую магчымасць контрнаступу з боку ЗСУ. Іншыя крыніцы таксама пацвярджаюць намер ЗСУ наступаць у Запарожжы, у прыватнасці, гаворка ідзе пра арэхаўскі і гуляйпольскі ўчасткі фронту.

На Херсонскім участку фронту ЗСУ атакуюць пазіцыі расейцаў у Новагрыгораўцы, а таксама па лініі населеных пунктаў Пяціхатка – Палянка.

Генштаб ЗСУ адзначае, што цягам содняў украінскія вайскоўцы знішчылі каля 330 чалавек з асабовага складу праціўніка, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ у вайне з Украінай дасягнулі 61 330 чалавек.

У самой Расеі працягваецца мабілізацыі. Паводле апошніх звестак, у РФ ужо набралі больш за 213 тысяч вайскоўцаў. Пры гэтым сітуацыя з прызывам істотна адрозніваецца ў залежнасці ад канкрэтнага рэгіёну.

Hавiны
У вёсцы Карэліі не змаглі нікога мабілізаваць, бо мужчыны проста сышлі ў лясы
2022.10.05 22:36

Разам з тым, ужо мабілізаваныя часцяком скардзяцца на дрэнныя ўмовы і кепскае стаўленне да іх афіцэраў. Так, у Белгародскай вобласці ўзбунтаваліся з паўтысячы вайскоўцаў, якія ўжо тыдзень знаходзяцца «у падвешаным стане»: іх не рыхтуюць, не прыпісалі ні да якой вайсковай часткі, вайскоўцы харчуюцца са сваіх запасаў, а аўтаматы, які ім выдалі, не запісаныя ў ваенных білетах.

Падобная сітуацыя назіраецца і сярод мабілізаваных з Бранскай вобласці, якіх пасля аднадзённых стрэльбаў вымушаюць ехаць адбіваць Ліман. «УНІАН» піша, што цяпер каля сотні байцоў адмаўляюцца выконваць гэтую задачу.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў