Святлана Ціханоўская: Мы рыхтуем нашых партызанаў


Пуцін падвышае стаўкі ў вайне: абвяшчае мабілізацыю, дэманструе, што Расея гатовая ісці да канца, і цягне Лукашэнку за сабою. Самаабвешчаны прэзідэнт на вайсковай нарадзе ўпершыню прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у спецаперацыі, а гэта значыць, Украіна зноў можа атрымаць наземны ўдар з боку Беларусі. Ці адкажа дыктатар за свае злачынствы і што рабіць у гэтым геапалітычным крызісе беларусам, украінцам і заходнім краінам? Адказы на гэтыя пытанні спрабавалі знайсці на Форуме бяспекі ў Варшаве. 

«Лукашэнка – не прэзідэнт і сваю легітымнасць згубіў у 2020 годзе», – так Святлана Ціханоўская паправіла вядомага амерыканскага журналіста Дэйвіда Ігнэйшуса, адказваючы на пытанне: што Украіна можа зрабіць для беларускай апазіцыі. Публіцыст «The Washington Post» вёў дыскусію пра абарону незалежнасці Беларусі падчас Варшаўскага форуму бяспекі.

Тэма вайны ва Украіне стала галоўнай на гэтай канферэнцыі, дзе Святлана Ціханоўская другі год запар была адной з самых славутых гасцей.

У сітуацыі, калі Лукашэнка прызнаўся, што Беларусь бярэ ўдзел у так званай ваеннай спецаперацыі, Украіне варта задумацца, ці не настаў час звярнуць увагу на працу ўраду Святланы Ціханоўскай у выгнанні.

«Што датычыць нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне. Мы ўдзельнічаем там, мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем, мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў, мы не парушаем сваіх абавязкаў. (…) Як я казаў, у спіну расейцам страляць ніхто не будзе», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Але Лукашэнка гатовы працягваць страляць у спіну ўкраінцам, прыкрываючыся словамі, што Беларусь у аблозе. Ці панясе адказнасць за свае злачынствы? Сваім меркаваннем на палях Форуму з намі падзяліўся спавяшчальнік у справах палітычных наступстваў вайны Расеі супраць Украіны ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Эмануэліс Зінгерыс:

«Мы бачым, што армія Расеі страляе з тэрыторыі Беларусі ў спіну ўкраінцаў. Нягледзячы на тое, што беларуская армія не ўвайшла на тэрыторыю Украіны. (…)Лукашэнка заплаціць за кожны стрэл у бок украінцаў. Мы спадзяемся, што батальён Каліноўскага папоўніцца новымі людзьмі, іх будзе нашмат болей. Я ведаю, што гэта добра хлопцы, якія добра ваююць».

Што Беларусь можа зрабіць, каб дапамагчы Украіне? Такія пытанні задавалі лідарцы дэмакратычнага руху беларусаў. Святлана Ціханоўская прапанавала Украіне дзеля рэгіянальнай бяспекі стварыць альянс з дэмакратычнай Беларуссю, а таксама прызнаць Аб’яднаны пераходны кабінет.

«Цяпер мы бачым сітуацыю, што расейскае войска можа разгарнуцца ў Беларусі зноў, – заявіла Святлана Ціханоўская. – Мы рыхтуем нашых партызанаў. Акты сабатажу мелі месца ў лютым-сакавіку і яны могуць паўтарыцца зноў. Людзі, якія адважыліся на сабатаж, могуць быць прысуджаныя да смяротнага пакарання. Але гэта наш акт дапамогі Украіне. Я перакананая, што беларусы зноў уключацца ў сабатаж на чыгунцы і перадачу інфармацыі ўкраінскай арміі».

ВІДЭА
Аляксандр Лукашэнка вельмі ўстрывожаны. Ці правядзе ён мабілізацыю беларусаў?
2022.09.22 18:46

Крокі да прызнання кабінету Святланы Ціханоўскай пачынае рабіць Польшча. Іншыя замежныя ўрады могуць у бліжэйшай будучыні пачаць працэс прызнання, хаця б дэ-факта. Украіне варта не заставацца збаку. Дагэтуль украінскае кіраўніцтва ў сваёй вонкавай палітыцы трымалася пазіцыі рэал-палітык у адносінах рэжыму Лукашэнку.

«Адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай як кіраўніцы Пераходнага кабінету з міністрам унутраных справаў Польшчы Мар’юшам Каміньскім. І там польскі міністр наўпрост гаварыў пра падтрыманне Кабінету, – распавёў Валер Кавалеўскі, прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету. – Таксама Святлана Ціханоўская сустракалася з міністрам замежных справаў Харватыі, амбасадарам ЗША ў АБСЕ Майклам Карпэнтэрам. Была таксама кароткая сустрэча з уплывовым сенатарам ЗША Крысам Мэрфі, які ўваходзіць у склад камітэту міжнародных стасункаў Сенату. Ён з’яўляецца вельмі энергічнай і ўплывовай фігурай, якая даўно падтрымлівае Беларусь, імкненні беларусаў да незалежнасці і дэмакратыі».

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Прэзентавала яму працу Аб’яднанага пераходнага кабінету і план «Перамога». Прэзідэнт Польшчы, у сваю чаргу, выказаў падтрыманне Святлане Ціханоўскай і ўсяму дэмакратычнаму руху Беларусі.

«Гаворым пра тое, што мусім мабілізаваць міжнародную супольнасць для падтрымання беларускай незалежнасці. Вельмі важна тое, што мы бачым гэтую пагрозу, разумеем, што мабілізацыя прывядзе да эскалацыі гэтага канфлікту і што фактычна непазбежна – гэта цягне яшчэ больш Беларусь у гэты канфлікт. Нам трэба зрабіць усё, каб мінімізаваць і нават пазбегнуць магчымых негатыўных наступстваў для нашай краіны», – распавёў пра сваю працу Валер Кавалеўскі.

Падчас Варшаўскага форуму бяспекі спецыяльна запрошаным госцем была першая лэдзі Украіны Алена Зяленская. У яе асобе ўкраінскі народ атрымаў узнагароду «Рыцар Свабоды – 2022» і копію шаблі Казімежа Пуласкага, польскага генерала, які ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў.

«Ёсць такі стары польскі дэвіз, які ведаюць усе ўкраінцы. Мы ведалі яго задоўга да вайны, і гэтыя словы адлюстроўваюць сутнасць нашага братэрства: за нашу і вашу свабоду», – такімі словамі першая лэдзі Украіны Алена Зяленская скончыла сваю прамову.

Беларусы таксама змагаюцца за свабоду Украіны ў складзе ЗСУ, і на міжнародных сустрэчах Абʼяднаны пераходны кабінет даводзіць, што наша свабода немагчымая без вольнай Украіны.

На пытанне журналіста «The Washington Post», што можа зрабіць апазіцыя, каб дапамагчы Украіне, Святлана Ціханоўская адказала:

«Украіне хоча дапамагчы не апазіцыя, а беларускі народ».

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў