«Нібыта праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай». З’явіўся тэкст апошняга слова Ірыны Леўшынай на судзе


У апошнім слове галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына абурылася хваляй барацьбы з іншадумствам і журналістыкай. Выданне «Позірк» апублікавала поўны тэкст прамовы Леўшынай. 6 кастрычніка яе асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму, выракі ейным калегам – да 14 гадоў узмоцненага рэжыму.

Ірына Леўшына.
Фота: Ірына Леўшына / Facebook

Ірына Леўшына падзякавала адвакату і расказала, што ўжо год жыве ў следчым ізалятары, з якога назірае за спробамі выставіць ейную рэдакцыю «экстрэмістамі». Яна згадала, што за паўтара года ў Беларусі былі знішчаныя дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, а сотні журналістаў пазбавіліся працы або былі вымушаныя ўцякаць за мяжу ад крымінальнага пераследу.

«Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагоддзі, – казала Леўшына. – Хтосьці відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 20 годзе».

Яна заявіла, што незалежныя медыі ні да чаго не заклікалі і нічога не выдумлялі, а «рэальнасць была круцейшай за любую выдумку». Яна нагадала, што сілавікі прыцэльна стралялі па журналістах гумовымі кулямі і кідалі ў іх святлошумавыя гранаты, таму журналістам даводзілася працаваць у бронекамізэльках.

Леўшына таксама нагадала суду пра закон «Аб СМІ», у якім ёсць такі радок: «Сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць свабоднае выказванне і распаўсюджванне меркаванняў і поглядаў у грамадстве». А цэнзуру з боку дзяржавы закон забараняе.

Сілавікам яна параіла паглядзець хаця б адну перадачу прапагандыста Грыгорыя Азаронка: «Там па кожным выпуску можна заводзіць справы адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу, распальванне нянавісці».

«Але не. У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда – яна адна», – сказала Леўшына ў апошнім слове.

Яна дадала, што не просіць суд пра паблажлівасць да сябе, бо лічыць сябе невінаватай і ганарыцца тым, што знаходзіцца побач з іншымі падсуднымі ў «справе БелаПАНу». Выданне, паабяцала яна, вернецца ў Беларусь, а «перыяд цемрашальства міне, як мінае ўсё дурное». І сама яна за кратамі фактычна працягне працаваць журналісткай: кажа, «традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на ​​нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій».

Артыкулы
Агучылі прысуд у «справе БелаПАНу»: ад 4 да 14 гадоў калоніі
2022.10.06 16:18

Галоўная рэдактарка БелаПАНу Ірына Леўшына атрымала 4 гады калоніі агульнага рэжыму, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 32 тысячы рублёў, ягоная нявеста Ірына Злобіна – 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф 25,6 тысячы, экс-дырэктар БелаПАНу Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 22,4 тысячы.

Усе падсудныя ў «справе БелаПАНу» былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала выракі помстаю за прафесійную працу і пазіцыю.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў