Нацыянальная віза ў Польшчы. Як падавацца, колькі каштуе і як доўга чакаць


З 22 верасня грамадзяне Беларусі і Украіны атрымалі магчымасць падаваць заявы на атрыманне польскіх нацыянальных візаў унутры Польшчы. Расказваем, хто можа падавацца на гэты від візы, якія дакументы патрэбныя і як праходзіць працэдура падачы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарты грамадзяніна Украіны і Беларусі.
Фота: Белсат

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда яшчэ 15 красавіка падпісаў папраўкі ў закон «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы», у які ўнеслі і некалькі пунктаў, якія датычаць гуманітарных візаў і відаў на жыхарства для беларусаў. І вось праз паўгода набыло моц адпаведнае распараджэнне міністра ўнутраных справаў, якое ўводзіць новы ўзор заявы на атрыманне нацыянальнай візы.

Гэтая пастанова спрасціла працэдуру атрымання польскай візы, бо цяпер па яе не трэба выязджаць у трэцюю краіну (Грузію або Турцыю).

Нацыянальная віза выдаецца на год і дае права быць у краіне на працягу 365 дзён, падарожнічаць і заставацца ў іншых краінах Шэнгенскай зоны тэрмінам да 90 дзён у кожным 180-дзённым перыядзе. Аднак варта адзначыць, што калі дзеянне пашпарта хутка заканчваецца, то візу выдадуць на тэрмін за тры месяцы да заканчэння пашпарта: напрыклад, калі дзеянне пашпарта мінае 1 верасня, то візу выдадуць на тэрмін да 1 чэрвеня.

Падацца на атрыманне нацыянальнай візы можна будзе толькі да 31 снежня 2022 года. Ці падоўжаць такую працэдуру атрымання нацыянальных візаў для беларусаў, пакуль невядома. Усяго польскія ўлады плануюць выдаць каля 155 тысячаў нацыянальных візаў.

Хто можа падаваць на візу ў Польшчы

Беларусы могуць падаваць дакументы ў Польшчы толькі на гуманітарную і рабочую візы – нацыянальныя. Прычым працоўная віза выдаецца толькі кіроўцам-міжнароднікам. У іншых выпадках нельга падаць заяву на атрыманне нацыянальнай візы ў Польшчы.

Для атрымання гуманітарнай візы павінны быць выкананыя дзве ўмовы:

  • калі ў дзень падачы заявы грамадзянін Беларусі быў на тэрыторыі Польшчы на падставе дзейнай нацыянальнай візы, выдадзенай з гуманітарнай мэтай (D21). Гэта значыць, што для падачы ўжо павінна быць гуманітарная віза, якую можна падаўжаць. Упершыню падавацца на гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы нельга;
  • калі грамадзянін Беларусі заехаў на тэрыторыю Польшчы ў перыяд з 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Украіны, дзе легальна жыў да 24 лютага. У гэтым выпадку трэба падаць дакументы, якія гэта пацвярджаюць.

Маючы гуманітарную візу, грамадзяне Беларусі могуць афіцыйна працаўладкавацца ў Польшчы.

Грамадзяне Украіны могуць падаваць на нацыянальную візу ў двух выпадках: для працы кіроўцам міжнародных перавозаў грузаў або пасажыраў і ў якасці пілота цывільнага самалёта або іншага чальца экіпажу.

Заяву на візу можна падаць толькі асабіста. У выпадку з няпоўнагадовымі заяву падаюць бацькі або законныя прадстаўнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза.
Фота: Белсат

Дзе можна падаць на візу

На нацыянальную візу для працы кіроўцам, а таксама на гуманітарную візу можна падацца праз фірму-пасярэдніцу, якая даставіць пакет дакументаў у МЗС. Пакуль гэтым займаецца толькі візавы цэнтр «VFS Global». Дарэчы, у Польшчы нават прайшла акцыя пратэсту: некаторыя палічылі гэтую фірму манапалістам, бо альтэрнатыўных візавых цэнтраў для падачы на візы не прызначылі.

Аформіць візу ў Польшчу пакуль можна толькі ў трох гарадах пасля запісу на прыём:

  • у Варшаве: al. Jerozolimskie 181B (0-ы паверх) з панядзелка да пятніцы (з 8:30 да 16:30);
  • у Познані: ul. Franciszka Ratajczaka 19 (0-ы паверх) з панядзелка да пятніцы (з 8:30 да 16:30);
  • у Любліне: ul. Tomasza Zana 39A (4-ы паверх) з панядзелка да пятніцы (з 8:30 да 16:30).

Пункты падачы будуць зачыненыя 1 лістапада, 11 лістапада і 26 снежня 2022 года. Заявы на атрыманне візы апрацоўваюцца ў Варшаве.

Гісторыі
Чаму ў некаторых беларусаў не прымаюць дакументы на гуманітарную візу ў Польшчы
2022.10.04 14:59

Якія дакументы спатрэбяцца для падачы

Для гуманітарнай візы:

  • дзейны арыгінал пашпарта, выдадзены не раней, чым 10 гадоў таму, сапраўдны не менш чым 3 месяцы пасля планаванага тэрміну дзеяння візы, з дзвюма чыстымі старонкамі, і копія апошняй старонкі пашпарта;
  • запоўненая лацінскімі літарамі (спампаваць можна тут) і падпісаная ў электронным выглядзе анкета на візу з адной фатаграфіяй 3,5х4, 5 см. Анкета даволі простая і падобная да анкеты для падачы на шэнгенскую візу;
  • доказ наяўнасці дзейнай гуманітарнай візы D21. Калі такой візы няма, трэба запоўніць заяву (спампаваць можна тут) і пацвердзіць прыбыццё на тэрыторыю Польшчы пасля 24 лютага з Украіны ў сувязі з вайной (падыдуць ксеракопіі з пашпарту з штампамі аб выездзе) і легальнае перабыванне ва Украіне (напрыклад, украінскі від на жыхарства). Таксама ў гэтым выпадку неабходна запоўніць заяву (спампаваць можна тут) аб немагчымасці вярнуцца ў Беларусь з прычыны небяспекі, рэпрэсіяў або пераследу;
  • турыстычная медычная страхоўка (арыгінал і копія) на год са страхавой сумай не меншай за 30 000 еўраў.

Для працоўнай візы:

  • дзейны арыгінал пашпарта, выдадзены не раней за 10 гадоў таму, сапраўдны не менш чым 3 месяцы пасля планаванага тэрміну дзеяння візы, з дзвюма чыстымі старонкамі, і копія апошняй старонкі пашпарта;
  • запоўненая лацінскімі літарамі (спампаваць можна тут) і падпісаная ў электронным выглядзе анкета на візу з адной фатаграфіяй 3,5х4, 5 см;
  • дакумент (арыгінал і копія), які пацвярджае законнае перабыванне на тэрыторыі Польшчы;
  • выдадзены мясцовымі ўладамі дазвол на працу (арыгінал і копія) або зарэгістраваная заява пра прызначэнне працы. Таксама падыдзе дакумент аб тым, што працадаўца апавясціў цягам 14 дзён з пачатку працы, што ён даручае выкананне гэтай працы грамадзяніну Беларусі. Гэтыя дакументы павінны пацвярджаць, што заяўнік будзе працаваць кіроўцам грузавіка, аўтобуса, танкера, трактара або што ён кіроўца дальніх рэйсаў і будзе выконваць гэтую працу ў якасці міжнароднага перавозцы;
  • медычная страхоўка (арыгінал і копія) на год. Калі ёсць страхоўка, аформленая на мове, адрознай ад польскай / украінскай / беларускай/ расейскай, трэба падаць гэтую страхоўку разам з перакладам на польскую мову;
  • дакумент (арыгінал і копія), які пацвярджае наяўнасць дастатковых фінансавых сродкаў для пакрыцця выдаткаў на жыццё на ўвесь перыяд перабывання ў Польшчы і для вяртання ў краіну пражывання. Гэта 75 злотых за кожны дзень перабывання + 200 злотых у якасці забеспячэння вяртання ў краіну пражывання.

Як праходзіць працэдура падачы на візу

Спачатку неабходна запісацца на прыём у візавы цэнтр у Познані, Варшаве або Любліне праз электронную сістэму рэгістрацыі на сайце. Адзначым, што пацверджанне аб рэгістрацыі прыходзіць на пошту не адразу. Далей трэба ўвайсці ў свой уліковы запіс, выбраць горад і зарэзерваваць дату і час падачы. Калі свабодных датаў няма, трэба дачакацца з’яўлення новых.

Пасля падачы на пошту прыйдзе ліст са штрыхкодам, у якім таксама будуць пазначаныя асабістыя звесткі і час падачы. Раздрукоўваць яго не абавязкова, пры ўваходзе ў візавы цэнтр папросяць толькі пашпарт.

Будынак у Варшаве, у якім размяшчаецца візавы цэнтр «VFS Global».
Фота: Белсат

Прыходзіць у візавы цэнтр загадзя не абавязкова, выклічуць роўна ў той час, які зарэзерваваны. На аднаго чалавека вылучаецца каля 30 хвілінаў.

У Варшаве знайсці візавы цэнтр няцяжка. Гэта вялікі шкляны будынак, а корпус В размяшчаецца справа ад галоўнага ўваходу, на асфальце ёсць указальнікі.

Будынак у Варшаве, у якім размяшчаецца візавы цэнтр «VFS Global».
Фота: Белсат

Візавы цэнтр размяшчаецца справа ад уваходу, каля стойкі аховы, так што доўга шукаць не прыйдзецца. Вялікай чаргі з тых, хто падае дакументы на візу, тут няма, бо ўсе прыходзяць да прызначанага часу. Пры ўваходзе ў візавы цэнтр трэба паказаць пашпарт, атрымаць талон і прад’явіць яго работніку, які прымае дакументы. Персанал цэнтру размаўляе на ўкраінскай і расейскай мовах, так што складанасцяў, каб што-небудзь растлумачыць або спытаць, не ўзнікне.

Візавы цэнтр «VFS Global» у Варшаве, які прымае дакументы на польскія нацыянальныя візы.
Фота: Белсат

Паколькі гэта візавы цэнтр, яго працаўнікі зацікаўленыя ў якасным абслугоўванні. Пры неабходнасці яны выправяць памылкі ў анкеце, а калі нейкіх дакументаў не стае ці яны не так аформленыя, дапамогуць зрабіць новыя на месцы. Таксама ў візавым цэнтры можна зрабіць копіі дакументаў, фота і аформіць турыстычную медычную страхоўку – на год яна будзе каштаваць 439 злотых. Аплаціць можна наяўнымі або картаю.

Плата за афармленне візы не спаганяецца. Аднак неабходна будзе аплаціць паслугі візавага цэнтру – 38 злотых. Зрабіць гэта можна як наяўнымі, так і картаю.

Візавы цэнтр «VFS Global» у Варшаве, які прымае дакументы на польскія нацыянальныя візы.
Фота: Белсат

Калі чакаць візу

На сайце цэнтру пазначана, што пра рашэнне паведамяць цягам 15 дзён. У выключных выпадках гэты тэрмін можа быць падоўжаны да 30 дзён. Аднак на практыцы тым, хто падаваўся на візу ў Варшаве, яе зрабілі за тры дні.

Нагадаем, пасля атрымання польскай гуманітарнай візы можна падацца на часовы «гуманітарны» від на жыхарства паводле спрошчанай працэдуры, адразу на тры гады і без аплаты гербавага збору.

Парады
Як падаць заяву для гуманітарнага віду на жыхарства ў Польшчы? Ёсць «падводны камень» і шляхі абыходу
2022.07.16 10:00

Алена Рувіна / ІР belsat.eu

Стужка навінаў