«Гэта скандал». Чырвоны касцёл у Менску высяляюць. Што адбываецца?


Менскія ўлады, якія 26 верасня закрылі Чырвоны касцёл у Менску, патрабуюць поўнага высялення каталіцкай парафіі з будынку. Карэспандэнты «Белсату» разбіраюцца ў сітуацыі.

Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Mihail Gut, Новости Шумилино/Вконтакте

Раніцай 6 кастрычніка тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» паведаміў, што ўлады скасоўваюць дамову з каталіцкай парафіяй Святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні Чырвоным касцёлам. Касцёл Святых Сымона і Алены ў Менску, больш вядомы як Чырвоны касцёл, месціца на плошчы Незалежнасці побач з Домам ураду, гэта адзін з сімвалаў сталіцы Беларусі.

Касцёл быў пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча. Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, яго перадалі на ўмовах бязвыплатнага карыстання каталіцкай парафіі. У 2013 годзе святыню замацавалі для гаспадарчага вядзення за прадпрыемствам «Менская спадчына». Менавіта гэтая арганізацыя апавясціла на днях аб скасаванні дамовы карыстання. Парафіі нібыта выставілі патрабаванні, каб яна забрала сваю маёмасць з будынку касцёлу цягам некалькіх дзён.

Дзве звязаныя з Чырвоным касцёлам крыніцы паведамілі карэспандэнтам «Белсату» інфармацыю пра патрабаванні ўладаў.

«Кажуць, будынак прызнаны аварыйным і небяспечным. Гэта, безумоўна, скандал», – паведаміў адзін са святароў.

Пацвердзілі інфармацыю пра пагрозу высялення і ў курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У апостальскай нунцыятуры – амбасадзе Ватыкану – у Менску карэспандэнту «Белсату» паведамілі, што пакуль ніякай заявы ад імя нунцыя Антэ Ёзіча наконт сітуацыі з Чырвоным касцёлам не плануецца. Да арганізацыі «Менская спадчына» датэлефанавацца не атрымалася.

Не толькі Чырвоны касцёл

Як стала вядома карэспандэнтам «Белсату», у Чырвоным касцёле атрымалі таксама ліст з патрабаваннем з патрабаваннем пакінуць плябанію – суседні са святыняй будынак, у якім жывуць святары.

Радыё «Свабода» паведамляе таксама, што ў верасні ў Менску на патрабаванне ўладаў была зачыненая прыватная школа пры каталіцкім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. 5 верасня каля будынку цэнтру стаяла міліцыя, правярала, ці няма там заняткаў.

Сам цэнтр, дзе знаходзіцца капліца і жывуць святары, працягвае працаваць.

«Рэжым перайшоў на новы ўзровень гвалту»

У групе «Хрысціянская візія» ў каментары «Белсату» адзначылі, што «нават калі стан будынку сапраўды аварыйны, выклікае непаразуменне, чаму такія рашэнні прымаюцца непразрыста – без удзелу Каталіцкага Касцёлу і грамадскасці, не прапануюць варыянтаў вырашэння праблемы».

«Наконт пажару таксама шмат пытанняў – чаму расследаванне прычын пажару было таемным. Калі пажар адбыўся ў Будславе, святыню ў вернікаў не забіралі, нягледзячы на тое, што пажар сапраўды значна пашкодзіў будынак, разбурэнні былі бачныя нават візуальна і аб’ектыўна, эксплуатаваць будынак у такім стане было немагчыма, аднак ніякіх падобных варожых крокаў з боку ўладаў у дачыненні касцёлу ў дадзеным выпадку не было. Рамонт будынку таксама можна сумяшчаць з яго эксплуатацыяй паводле прызначэння, гэтыя пытанні павінны былі б вырашацца з удзелам супольнасці», – заявілі ў «Хрысціянскай візіі».

А вось у магчымасць вырашэння пытання з Чырвоным касцёлам у межах легальнага поля ў групе не вераць, бо «ў Беларусі цяпер дзейнічае рэжым «праўнага дэфолту», але не прававой дзяржавы», а бокам канфлікту выступаюць самі ўлады. На думку суразмоўцаў, такія дзеянні рэжыму нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым ціск.

Вербніца. Чырвоны касцёл у Менску. 28 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

«Рэжым Лукашэнка чарговы раз спрабуе прадэманстраваць сваю неабмежаваную ўладу ў дачыненні ўсіх беларускіх грамадзянаў і супольнасцяў, якія знаходзяцца ў яго ў закладніках, паказаць, што ніводная асоба ці група не мае імунітэту ад падобнага ціску; прадэманстраваць уласную палітычную суб’ектнасць. Беларускі рэжым перайшоў ужо на той узровень гвалту, калі гвалт перастае мець прагматычную каштоўнасць і быць адным з інструментаў падтрымкі сацыяльнага кантракту. Гэта ўжо не рацыянальныя, а афектыўныя паводзіны і рэакцыі», – мяркуюць у «Хрысціянскай візіі».

Тым не менш, каталіцкія ўлады Беларусі пакуль маўчаць – замерлі «перад агрэсарам, баючыся раз’юшыць яго яшчэ больш».

«Касцёл маўчыць, але маўчыць пакуль. Варожыя дзеянні ўладаў могуць працаваць як на запужванне, так і выступіць трыгерам жорсткай контррэакцыі. Паколькі Чырвоны касцёл мае досыць высокі сімвалічны статус для беларускага грамадства наогул, то, адчуўшы падтрымку грамадства, Касцёл можа набрацца сіл і смеласці на такую контррэакцыю», – не выключаюць суразмоўцы.

«Так рабілі ўсе камуністычныя дыктатары»

Пытанне закрыцця Чырвонага касцёлу ўжо актыўна абмяркоўваюць у сацыяльных сетках.

«Закрыццё Чырвонага касцёлу не здзіўляе. Рана ці позна да гэтага павінна было дайсці. Так рабілі ўсе камуністычныя дыктатуры. Спачатку распраўляліся з супрацівам, потым – з іншадумцамі, а потым урэшце браліся за рэлігію», – адзначыў у Facebook вернік Кастусь Шыталь.

Але, паводле яго, Царквы не перамогуць «нават брамы пякельныя», і «тым болей не перамогуць яе лукашысты».

А аўтары тэлеграм-каналу «Rerum Novarum» мяркуюць, што касцёл улады забіраюць выключна «таму, што могуць».

«Бо паверылі ў сваёй сатанінскай пысе, што могуць рабіць, што ім уздумаецца. Але ўжо блізкі час суда, і сякера ляжыць пры дрэве», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама карыстальнікі прапануюць варыянты таго, як можа выглядаць Чырвоны касцёл пасля канфіскацыі.

Касцёл ужо закрыты

26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады бажніцу зачынілі і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных здарэнняў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя.

«Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв.м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Але неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку».

Hавiны
«Дзе будзем маліцца?» Мітрапаліт Кандрусевіч маліўся пра адкрыццё Чырвонага касцёлу
2022.10.01 22:03

1 кастрычніка ў Будславе каталіцкі арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч маліўся аб як найхутчэйшым аднаўленні дзейнасці Чырвонага касцёлу ў Менску. А 4 кастрычніка ксёндз-пробашч Чырвонага касцёлу Уладзіслаў Завальнюк заклікаў «усіх да малітвы ў інтэнцыі хуткага аднаўлення нармальнай працы Чырвонага касцёлу» і далучыў да гэтай нагоды пост на вадзе, які трывае ўжо некалькі дзён. Але ўлады, мяркуючы з усяго, вырашылі ісці іншым шляхам.

Парафія Чырвонага касцёлу – адна са старэйшых і найбуйнейшых у Менску. Штодня ў святыні адбывалася ад 6 да 8 службаў, тут працавала нядзельная школа, ладзілася шмат розных культурніцкіх ініцыятываў. Дзе цяпер будуць маліцца вернікі, незразумела. Пры гэтым у касцёл не пускаюць нават святароў. Не выключаецца, што закрыццё святыні можа быць палітычна матываваным.

Разбор
Чырвоны касцёл у Менску падазрона зачынілі і нікога не пускаюць. Што кажуць святары, вернікі і ўлады
2022.09.28 15:25

Справа ў грошах?

У 2020 годзе «Менская спадчына» ўжо выстаўляла вялікія рахункі Чырвонаму касцёлу. На той час ад вернікаў патрабавалі каля 166 тысячаў рублёў за падатак на зямлю і амартызацыю за карыстанне будынкам. З тых часоў сума толькі вырасла, бо за кожны месяц ад парафіі патрабавалі плаціць яшчэ па 13 тысячаў рублёў.

Пры гэтым парафія была пазбаўленая «права на атрыманне падатковых ільготаў па выплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у сувязі з тым, што будынкі комплексу Чырвонага касцёлу належаць камунальнаму будаўніча-эксплуатацыйнаму прадпрыемству «Менская спадчына» на праве гаспадарчага кіравання».

Але пасля петыцыі вернікаў і заявы каталіцкіх уладаў Беларусі гэтае пытанне пэўны час больш не ўздымалася.

Hавiны
Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала заяву наконт сітуацыі з Чырвоным Касцёлам
2020.07.20 22:03

Зміцер Міраш/Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў