Год ад году Менск багацее, а рэгіёны бяднеюць. Эксперты распавялі, як гэта змяніць


Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў дадзеныя пра сітуацыю з заробкамі ў рэгіёнах Беларусі. Мы вырашылі параўнаць іх і паглядзець, дзе людзі зарабляюць больш за ўсё, а дзе – менш за ўсё. Таксама пацікавіліся ў эксперта, чым гэта пагражае беларускай эканоміцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле Белстату, сярэдні заробак у краіне ў жніўні складаў Br 1665,7 без уліку падаткаў і іншых абавязковых выплат. Пры гэтым толькі ў сталічным рэгіёне краіны сярэдняя зарплата была вышэй, чым у цэлым па Беларусі. Больш за ўсё зараблялі жыхары Менскай вобласці (Br 1711,8) і Менска (Br 2215,7).

Ва ўсіх астатніх рэгіёнах сярэднія заробкі не дацягвалі да сярэдняй па краіне. Самымі нізкааплатнымі апынуліся жыхары Магілёўскай вобласці – у сярэднім Br 1374,1. Для параўнання, гэта толькі 62% ад сярэдняга заробку менчукоў.

У разрэзе раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання больш за ўсё ў Беларусі атрымліваюць жыхары Салігорскага раёна, дзе працуе «Беларуськалій» – Br 2268,9. Гэта нават больш, чым у Менску.

Акрамя таго, сярэднія заробкі перавышаюць сярэднія па краіне ў Менскім (Br 2007,2), Рэчыцкім (Br 1955,5), Астравецкім (Br 1886,9), Дзяржынскім (Br 1809), Светлагорскім (Br 1721,1), Мазырскім (Br 1699,7), Гарадзенскім (Br 1699,2) і Смалявіцкім (Br 1685,9) раёнах, а таксама ў Жодзіне (Br 1906,1) і Наваполацку (Br 1879,1). Гэта перш за ўсё раёны, дзе есць буйныя прадпрыемствы, накшталт нафтаперапрацоўчых заводаў, БелАЗа і БелАЭС.

Ва ўсіх астатніх раёнах і гарадах абласнога падпарадкавання Беларусі – а разам з Менскам іх 119 – заробкі да сярэдняга па краіне не дацягваюць.

Антырэкорд у гэтым спаборніцтве паставіў Кармянскі раён Гомельскай вобласці. Там у сярэднім зарабляюць усяго толькі Br 1090,4, што больш чым удвая менш у параўнанні з Менскам або Салігорскім раёнам.

Сярэднія заробкі ў раёнах Беларусі ў жніўні 2022 года. Інфаграфіка: Белсат

Таксама ў топ-10 з горшымі вынікамі па сярэдніх заробках увайшлі Хоцімскі (Br 1102,4), Слаўгарадскі (Br 1130,8), Шаркаўшчынскі (Br 1133,6), Мсціслаўскі (Br 1145,9), Лельчыцкі (Br 1152,1), Чавускі (Br 1153,8), Ельскі (Br 1164,1), Гарадоцкі (Br 1167) і Кастрычніцкі (Br 1167,1) раёны. Усе яны размешчаны ў Магілёўскай, Віцебскай ці Гомельскай абласцях.

Менск «выпампоўвае з краіны лепшыя кадры»

У каментары «Белсату» эксперты праекта «Кошт урада» адзначылі, што сітуацыя з заработнай платай у розных рэгіёнах Беларусі робіць «хісткім» «міф аб раўнамернасці размеркавання аплаты працы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«На твар як раз адваротнае – адзіная па сутнасці кропка росту (сталіца) з рознай ступенню адставання ад яе рэгіёнамі. Прычым адны паказваюць вынікі стабільна горш за іншых, фарміруючы тым самым перадумовы для наяўнасці ў краіне хранічна адстаючых рэгіёнаў», – распавялі эксперты.

Паводле іх слоў, Менск «выпампоўвае з краіны лепшыя кадры, фармуе найбольш канкурэнтнае асяроддзе, прыцягвае капітал» і ў выніку «год ад года мацней адрываецца ад іншых рэгіёнаў». Апошнія ж, «даючы яму ежу для эканамічнага і сацыяльнага росту, самі здавольваюцца астатнімі рэсурсамі».

«Выходзіць, што там, дзе лепш умовы па развіцці эканомікі (адпаведна і заработнай плаце) з часам становіцца яшчэ лепш, а дзе было не вельмі, становіцца з часам толькі горш», – заяўляюць эксперты «Кошту ўрада».

Акрамя таго, адставанне паўночна-ўсходніх рэгіёнаў тлумачыцца структурай беларускай эканомікі. Так, у Віцебскай вобласці высокая доля сельскай гаспадаркі – сферы традыцыйна нізкааплатнай, а ў Магілёўскай вобласці, «пры досыць высокай долі ўкладу прамысловасці ў фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту, размяшчаюцца прадпрыемствы з нізкімі заробкамі».

Такія ўмовы, па словах экспертаў, «сталі следствам як натуральных прычын (сыравіннай базы), так і вынікам эканамічна абумоўленага размяшчэння прамысловых прадпрыемстваў».  Вытокі такога становішча рэчаў эксперты бачаць у пасляваенным аднаўленні Беларусі, калі «прамысловыя магутнасці ствараліся не столькі з разлікам на нашу краіну, колькі на ўсю краіну саветаў ці нават у шырокім сэнсе Савецкі Блок».

«Дрэнна з усіх бакоў»

Як адзначаюць суразмоўцы з «Кошту ўрада», «сітуацыя пры якой з’яўляюцца рэгіены з хранічнымі праблемамі ў аплаце працы, безумоўна, не толькі непрыемная, але і небяспечная для эканомікі». «Негатыўная сітуацыя з аплатай працы дрэнная з усіх бакоў», – канстатуюць эксперты.

У прыватнасці, моцная нераўнамернасць ў аплаце працы:

  • зніжае патэнцыял росту (менш інвестыцый),
  • прымушае моладзь з’язджаць (дэмаграфічная праблема),
  • зніжае даходы бюджэту (памяншэнне падатковых паступленняў).

«Прычым адны негатыўныя фактары толькі ўзмацняюць іншыя. Няма новых бізнэсаў – няма новых працоўных месцаў, няма новых працоўных месцаў – менш моладзі, менш моладзі – менш падаткаў, і, адпаведна, цяжэй цяжар падтрымання мясцовымі бюджэтамі сацыяльнай інфраструктуры (адукацыя, ахова здароўя). Пагаршэнне сацыяльнай інфраструктуры толькі павялічвае адток людзей з рэгіёну. А навошта прыходзіць новаму бізнэсу ў рэгіён, адкуль з’язджаюць людзі?» – задаюцца пытаннем эксперты.

Як пераламаць сітуацыю?

Суразмоўцы з «Кошту ўраду» адзначаюць, што на ўзроўні сістэмы кіравання апісаная праблема ўсведамляецца і нават распрацоўваюцца комплексныя планы развіцця рэгіёнаў Беларусі, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аднак «разарваць кола праблем, звязаных з нізкай аплатай працы ў хранічна нізкааплатных рэгіёнах» пакуль не атрымліваецца.

Белинвестбанк, беларусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Каб змяніць сітуацыю, лічаць у «Кошце ўрада», падыходы трэба выпрацаваць індывідуальныя, паколькі «праблемы нават у суседніх раёнах могуць мець розныя прычыны, а простых і падыходных усім рэцэптаў няма».

Па іх словах, калі дзяржава не можа вырашыць праблему, «а гэта было відавочна», то яе рашэнне трэба шукаць сумесна з бізнэсам, няўрадавымі і замежнымі арганізацыямі.

«Прычым такая праца ўжо вялася сумесна з мясцовым прыватным бізнэсам, ЕБРР, МВФ і ЕС – для сфер аховы здароўя, адукацыі, ЖКГ і малога прадпрымальніцтва. Але ўсе скончылася ў 2020-м. Цяпер дзяржава знаходзіцца зноў у сітуацыі, калі яна адзін на адзін з тымі ж праблемамі, з якімі не было ў стане справіцца раней. У гэты раз для яго рашэння яна хоча стварыць свае «грамадзянскае» грамадства і «правільныя» НДА», – адзначаюць эксперты.

Пры гэтым, на іх думку, цяпер замясціць ранейшыя танныя крэдыты і бязвыплатную замежную падтрымку «відавочна няма чым». У выніку, лічаць у «Кошце ўрада» «ўсё будзе ў чарговы раз класціся на рэспубліканскі бюджэт, які цяпер перажывае не самыя лёгкія часы».

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў