Агучылі прысуд у «справе БелаПАНу»: ад 4 да 14 гадоў калоніі


Менскі абласны суд 6 кастрычніка вынес прысуд у «справе БелаПАНу». піша «Вясна». Усе падсудныя атрымалі буйныя тэрміны зняволення. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Усе чацвёра падсудных прызнаныя палітвязнямі

Ірына Леўшына. Ірына Злобіна і Дзмітрый Наважылаў на судзе. Менск, Беларусь. 6 кастрычніка 2022 года.
Фота: Вясна / Telegram

Прысуд такі:

  • медыяменеджар Андрэй Аляксандраў – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
  • актывістка і жонка Аляксандрава Ірына Злобіна – 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму,
  • экс-дырэктар БелаПАНу Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
  • галоўная рэдактарка БелаПАНу Ірына Леўшына – 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Таксама ім прызначылі буйныя штрафы: Аляксандраву –32 тысячы рублёў, Злобінай – 25,6 тысячы, Наважылаву – 22,4 тысячы рублёў. Ім забароняць займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў.

Першымі ў «справе БелаПАНу» 12 студзеня 2021 года затрымалі Андрэя Аляксандрава і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну (яны пазней ажаніліся ў СІЗА). Іх абвінавацілі ў рыхтаванні ў перыяд з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш чым 260 асобаў для ўдзелу ў «групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Такім рыхтаваннем пракуратура палічыла аплату штрафаў і паслугаў адвакатаў затрыманым падчас акцыяў пратэсту ўлетку і ўвосень 2020 года.

Андрэя Аляксандрава разам з Ірынай Леўшынай і Дзмітрыем Наважылавым таксама абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім. БелаПАН быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем у лістападзе 2021 года пастановаю КДБ. Андрэю Аляксандраву і Дзмітрыю Наважылаву таксама выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў за люты 2015 года – красавік 2021 года. Шкоду ацанілі на 449 тыс. рублёў. Таксама СК заяўляе, што працаўнікі інфармацыйнага агенцтва атрымалі схаванае фінансаванне ад замежных арганізацыяў на суму 1,6 млн долараў з 2014 года.

Разглядаць «справу БелаПАНу» пачалі 6 чэрвеня. Але 29 чэрвеня суддзя Менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка абвесціў перапынак у звязку з правядзеннем экспертызы да 12 верасня. Прычым не было вядома, якая экспертыза і ў дачыненні каго мусіла адбыцца. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, удзельнікі працэсу далі падпіску аб неразгалошванні.

Аб’ектыў
Інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН спаўняецца 30 год
2021.11.19 22:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў