Віцяблянаў асудзілі паводле наркатычных артыкулаў, але праваабаронцы спадзяюцца прызнаць іх палітвязнямі


Алег Баразна. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Віцебскіх актывістаў «Страны для жизни» Аляксандра Мацеюка і Алега Баразну асудзілі на 9 і 2,3 года калоніі паводле наркатычных артыкулаў – 328 і 332 КК РБ. Паводле арт. 328 мужчыны цалкам адмаўляюць віну. Праваабаронцы лічаць справы палітычна матываванымі і дабіваюцца прызнання актывістаў палітвязнямі.

5 кастрычніка суддзя суда Чыгуначнага раёну Віцебску Дзяніс Аляксеенка прызнаў Алега Баразну вінаватым паводле ч. 1 арт. 328 КК РБ («Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў») і асудзіў на 2,3 года калоніі агульнага рэжыму. Аляксандра Мацеюка асудзілі паводле ч. 3 арт. 328 КК РБ і ч. 2 арт. 332 КК РБ («Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў») на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле арт. 328 мужчыны цалкам адмаўляюць віну, а паводле арт. 332 Аляксандр Мацяюк прызнаў сябе вінаватым часткова.

Падчас выбарчай кампаніі 2020 года Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна былі актывістамі «Страны для жизни» і каманды Святланы Ціханоўскай, за што іх неаднаразова каралі штрафамі і соднямі. Віцябляне былі затрыманыя ўвечары 9 лютага 2021 года напярэдадні Усебеларускага народнага сходу. Праваабаронцы мяркуюць, што судовы пераслед і рашэнні адносна Аляксандра Мацеюка і Алега Баразны маюць палітычны характар.

Чарга, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую.
Фота: Белсат

«Ужо ў першыя дні пасля затрымання праваабаронцы былі ўпэўненыя, што яно было палітычна матываваным, бо адразу пасля затрымання Баразны і Мацеюка пачаўся шэраг ператрусаў у Віцебску і раёне. Пастановы на ператрусы былі выдадзеныя ў межах арт. 328 КК РБ. То бок прыходзілі да ўсіх грамадзянскіх актывістаў, якіх раней ужо судзілі паводле 23.34 арт. КаАП РБ, было вельмі шмат начных ператрусаў, і гэта працягвалася некалькі дзён», – каментуе сітуацыю праваабаронца Ірына Траццякова.

Аляксандр Мацеюк.
Фота: «Віцебская вясна»

15 красавіка на Тэлеграм-канале «Вашы сливы» з’явіўся відэаролік, на якім затрыманы Алег Баразна распавядае пра ўдзел у перадвыбарчым штабе Святланы Ціханоўскай. Праваабаронца мяркуе, што запіс зрабілі праз ціск на актывіста.

«Мы бачылі яшчэ летась, як людзей затрымлівалі і здымалі нейкія відэа з прызнаннямі. І ўсе гэтыя людзі, якія расказвалі на відэа нейкія рэчы пра сябе або іншых асобаў, мелі нейкія слабыя месцы: непаўнагадовыя дзеці, дзеці-студэнты, адказная праца, з якой маглі звольніць. Тое самае адбылося і з Алегам Баразном: з’явілася відэа, у якім гаворыцца пра Сяргея і Святлану Ціханоўскіх. То бок усё мела палітычны матыў».

З гэтай жа прычыны з восені 2020 года супрацоўнікі міліцыі сачылі за мужчынамі.

«Мужчынаў затрымалі ў гаражы Аляксандра Мацеюка, у якім яшчэ з восені, як аказалася, была ўсталяваная відэакамера. Гараж ягоны быў узламаны, ён звяртаўся да праваабаронцаў з пытаннем, як прыцягнуць да адказнасці тых, хто ўзламаў гараж, бо не было нічога скрадзена, нічога не пашкоджана, акрамя замка. Праваахоўныя органы адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы і нават у праверцы, бо маёмасць не чапалі. Насамрэч гараж быў узламаны, каб усталяваць відэакамеру, і з кастрычніка вялося назіранне ў гаражы, праслухоўваліся тэлефоны. Яны былі ў распрацоўцы праз сваю слабасць – ужыванне канопляў».

Для прызнання чалавека палітзняволеным неабходныя канкрэтныя падставы, і праваабаронцы ўпэўненыя, што ў сітуацыі з Аляксандрам Мацеюком і Алегам Баразном яны ёсць.

Алег Баразна.
Фота: «Віцебская вясна»

«Ёсць пэўны алгарытм прызнання кааліцыяй праваабарончых арганізацыяў чалавека палітзняволеным. Гэта было і ёсць. І я так разумею, што следчыя органы вырашылі гуляць у сваю гульню: ведаючы гэты алгарытм, яны прыбіраюць палітычныя артыкулы з кейсаў грамадзянскіх актывістаў. Але пакуль мы бачым, што віцяблянаў распрацоўвалі, за імі сачылі ды іх слухалі з палітычных матываў. І нават калі яны і ўжывалі наркотыкі, рабілі яны гэта ўжо доўгі час, і столькі б і працягвалі – калі б не склалася такая палітычная сітуацыя ў краіне, калі б яны не былі актывістамі «Страны для жизни», калі б яны не былі ў камандзе Сяргея Ціханоўскага».

Ірына Траццякова адзначае, што ўжо былі выпадкі, калі актывістаў судзілі паводле непалітычных артыкулаў, каб іх не прызналі палітвязнямі.

«Цяпер ёсць сітуацыі, калі мы бачым непалітычныя артыкулы ў справах людзей, якія адбываюць пакаранне, але гэтых людзей першапачаткова пераследавалі з палітычных матываў, прысуды выносілі палітычна матываваныя, яны больш суворыя. Другі момант, які цяпер атрымаў распаўсюд у Беларусі, і ў Віцебскай вобласці ў прыватнасці ўжо трэці такі кейс, калі паводле 369 артыкулу прыходзяць дадому з ператрусам, а знаходзяць або патроны, або порах, або сляды пораху, то бок судзіць пачынаюць па больш суворым артыкуле, які ў сукупнасці з 369-м дае рэальнае пазбаўленне волі. Гэта сукупнасць двух артыкулаў, адзін з якіх не ёсць палітычным, але штуршком для крымінальнага пераследу становіцца менавіта 369-ты артыкул».

Артыкулы
«Штовечар «гулялі ў тэтрыс» – так мы называлі ўкладванне спаць чатырнаццаці чалавек у двухмясцовай камеры»
2021.10.06 11:29

Праваабаронца ўпэўненая, што ў сітуацыі з Аляксандрам Мацеюком і Алегам Баразном штуршком да праслухоўвання і назірання стаў менавіта палітычны 293 артыкул, які потым прыбралі, каб грамадзянскія актывісты сталі «звычайнымі наркаманамі» і не былі прызнаныя палітвязнямі.

Аляксандр Мацеюк. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«У працэсе дасудовага следства пасля выстаўлення абвінавачанняў паводле 328 артыкулу практычна адразу была падпіска аб неразгалошванні. Гэта рабілася, каб праваабаронцы не змаглі своечасова рэагаваць на парушэнні, якія адбываліся да і ў працэсе следства, каб інфармацыя не агалошвалася, і вязні заставаліся ў своеасаблівым вакууме. І калі ўжо выйшла відэа з Алегам Баразном на выключна палітычныя тэмы, з’явіўся прэс-рэліз Следчага камітэту, у якім згадваецца абвінавачанне паводле арт. 293 – «масавыя закалоты». Але насамрэч мужчынам так і не выставілі абвінавачання паводле гэтага артыкулу, бо сілавыя структуры хутка прыбралі яго, каб палітычных артыкулаў у кейсе Баразны і Мацеюка не было».

Цяпер праваабаронца Ірына Траццякова будзе дабівацца прызнання актывістаў Аляксандра Мацеюка і Алега Баразны палітзняволенымі.

«Я назірала працэс пераследу Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка з сярэдзіны мінулага года, я слухала кожнае судовае паседжанне, я размаўляла з адвакатамі – і я разумею, што перада мной стаіць складаная задача абгрунтавання таго, што гэтых людей трэба прызнаць палітзняволенымі».

Артыкулы
«Вясна» склала спіс 7 самых рэпрэсіўных суддзяў Менску
2021.10.06 13:43

ВК Belsat.eu

Стужка навінаў