У Еўрапарламенце заклікалі да трыбуналу над Лукашэнкам


На пленарным паседжанні Еўрапарламенту ў Страсбуры 5 кастрычніка прайшлі дэбаты «Аб сітуацыі ў Беларусі пасля года пратэстаў і іх гвалтоўнага здушэння».

Еўрапарламент абсалютнай большасцю галасоў заклікаў да новых санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі. Еўрапарламент.
Фота: Diliff / wikimedia.org

Тое, як прайшлі дэбаты, пераказвае «Deutsche Welle». Казалі вось што:

  • Праз год пасля фальсіфікацыі выбараў абстаноўка ў Беларусі застаецца жаласнай, улады сістэматычна заглушаюць усе незалежныя галасы, колькасць палітвязняў дасягнула сямі сотняў і расце, расказала еўракамісарка па ўнутраных справах Ільва Югансан.
  • Усе ведаюць, якія злачынствы супраць народу Беларусі чыніць Лукашэнка і за якія міжнародныя злачынствы ён адказны, заявіў літоўскі дэпутат Андрус Кубілюс. Ён прапанаваў неадкладна вынесці злачынствы Лукашэнкі на разгляд Міжнароднага крымінальнага суду на падставе Чыкагскай канвенцыі (аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі), Манрэальскай канвенцыі (аб міжнародных паветраных перавозках) і Канвенцыі ААН супраць катаванняў.
  • Неабходнае не толькі расследаванне Міжнароднага крымінальнага суду, але і сур’ёзныя дэбаты ў Радзе бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, адзначыў польскі дэпутат Вітольд Вашчыкоўскі.
  • Беларусь не знаходзіцца на шляху мігрантаў з Іраку, Конга, Камеруну і Сірыі і не знаходзіцца пад міграцыйным ціскам, а людзі шукаюць прытулку не ў Беларусі, а з Беларусі, адзначыла Югансан. Прыбыццё мігрантаў у Беларусь арганізоўваюць беларускія ўлады, у тым ліку тураператар «Цэнтркурорт», а да мяжы вязуць людзі ў форме без апазнавальных знакаў.
  • Калі адныя дэпутаты хвалілі рэакцыю Літвы, Латвіі і Польшчы на міграцыйны крызіс, іншыя (пераважна левыя фракцыі) крытыкавалі іх абыходжанне з мігрантамі. Польскі дэпутат Робэрт Бедронь заявіў, што Лукашэнка змог дэстабілізаваць Еўразвяз і выставіць польскі ўрад «карысным ідыётам» праз смерці мігрантаў на мяжы. Дэпутаты з польскай партыі ўлады «Права і справядлівасць» у адказ раскрытыкавалі Бэдроня і польскіх левых агулам.
  • Галоўная зброя дыктатараў – не аўтаматы ці слезацечны газ, а забыццё, адзначыла нямецкая дэпутатка Тэры Райнтке: Лукашэнка хоча, каб да ягоных справаў страцілі цікаўнасць, а калі вар’яцтва не спыніць, палітвязні не выйдуць на волю датэрмінова – Марыі Калеснікавай будзе 50 гадоў, калі яе збіраюцца вызваляць.

АА belsat.eu

Стужка навінаў