Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 73 чалавекі


Палітзняволенымі былі прызнаныя фігуранты так званай «справы Зельцара».

Праваабаронцы канстатуюць, што 136 чалавек былі ўзятыя пад варту за публікацыю каментароў у сетцы інтэрнэт у сувязі з гібеллю Андрэя Зельцара і Дзмітрыя Федасюка. Змешчаны пад варту таксама журналіст «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзь Мажэйка, аўтар артыкулу пра Зельцара. У дачыненні іх распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і паводле арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Праваабаронцы ведаюць імёны 73 асобаў (поўны спіс можна знайсці тут), пераслед якіх можна лічыць палітычным, бо яны не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў.

«Падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачваных быў вынікам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, недаверу да праваахоўнай сістэмы дзяржавы, выкліканага адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закону дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў», – адзначаецца ў заяве.

Такім чынам, на 6 кастрычніка палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызнаная 801 асоба.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў