Пахаванне Зельцара, паседжанне Еўрапарламенту і новыя палітвязні. Галоўнае за 6 кастрычніка


Belsat.eu падводзіць вынікі серады, 6 кастрычніка.

Пахаванне Андрэя Зельцара

На могілках Лясное ў Менску адбылася цырымонія развітання з айцішнікам Андрэем Зельцарам, які загінуў 28 верасня ў сябе дома на вуліцы Якубоўскага падчас перастрэлкі з сілавікамі.

Цела прывезлі на могілкі проста з моргу. Усе рытуальныя залы адмовілі бацькам у просьбе даць памяшканне для развітання.

Побач з могілкамі былі заўважаныя бусы з сілавікамі. Раней падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы пагражалі пераследам людзям, якія прыйдуць развітацца з Зельцарам і будуць дасылаць фота ў СМІ.

Hавiны
За тыдзень пытанняў у справе двайнога забойства ў Менску стала яшчэ больш
2021.10.06 20:02

Еўрапарламент абмяркоўваў Беларусь

6 кастрычніка Еўрапарламент узгадніў праект рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі. Рэзалюцыя асуджае рэпрэсіі і гвалт з боку беларускага рэжыму і выказвае падтрымку для беларусаў, якія змагаюцца мірным шляхам за свабодную і дэмакратычную краіну.

Парламентарыі заклікаюць дамовіцца аб комплексным і стратэгічным падыходзе да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, які павінен уключаць пераход да больш рашучага санкцыйнага падыходу. Аўтары дакументу выступаюць за далейшае ўзмацненне мэтавых эканамічных санкцыяў ЕЗ, засяродзіўшы ўвагу на ключавых беларускіх эканамічных сектарах і дзяржаўных і прыватных кампаніях, якія падтрымліваюць і фінансуюць рэжым Лукашэнкі.

Галасаванне па рэзалюцыі запланаванае на 7 кастрычніка.

Hавiны
У Еўрапарламенце заклікалі да трыбуналу над Лукашэнкам
2021.10.06 11:46

«Справа Зельцара» і новыя палітвязні

За каментары ў інтэрнэце з нагоды гібелі айцішніка Андрэя Зельцара і працаўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка пад варту ўзялі 136 чалавек.

Як паведамілі ў Следчым камітэце, гэтыя людзі – фігуранты крымінальных справаў, распачатых паводле артыкулу 130 («Распальванне варожасці») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Падставай для іхнага пераследу сталі каментары і відэаролікі, «якія вылучаліся сваім цынізмам», як сцвярджаюць у СК.

Праваабаронцы ведаюць імёны 73 фігурантаў «справы Зельцара» (поўны спіс можна знайсці тут), пераслед якіх можна лічыць палітычным, бо яны не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў.

«Падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачваных быў вынікам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, недаверу да праваахоўнай сістэмы дзяржавы, выкліканага адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закону дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў», – адзначаецца ў заяве.

Такім чынам, на 6 кастрычніка палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызнаная 801 асоба.

Затрыманні іншадумцаў і чарговыя выракі

МУС і прапагандысцкія тэлеграм-каналы 5 кастрычніка актыўна распаўсюджвалі інфармацыю аб затрыманнях беларусаў ва ўсёй краіне. ГУБАЗіК затрымлівае людзей за ўдзел у пратэстах 2020 года, каментары ў інтэрнэце або падтрымку апазіцыйных ініцыятываў.

Усіх затрыманых змушаюць казаць на камеру, што яны «раскайваюцца». Часам сілавікі дэманстратыўна здзекуюцца з затрыманых. Напрыклад, магілёўскаму айцішніку на лоб наляпілі БЧБ-стыкер, вакол шыі абматалі БЧБ-сцяг, у рукі далі Пагоню і кнігу Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». У такім выглядзе яго прымусілі выбачацца на камеру.

Hавiны
Следчы камітэт заклікаў удзельнікаў пратэстаў здавацца. Колькіх гэта датычыць?
2021.10.06 12:52

У Берасці агучылі новыя выракі ў «карагоднай справе». Алега Кулешу, якога цяпер трымаюць у СІЗА № 7, адпраўляюць на 1 год і 7 месяцаў у калонію. Напярэдадні прысуду яму споўнілася 50 гадоў, ён адседзеў ужо 4 месяцы ў СІЗА. Мікіту Дзімітрыева пакаралі 2 гадамі «хіміі». Мужу і жонцы Сяргею Кунцэвічу і Ганне Кашырскіх – прысудзілі паўтары года «хіміі», а Таццяне Пякарскай і Дзмітрыю Макарэвічу – далі паўтары года «хатняй хіміі».

Hавiны
«Напярэдадні прысуду споўнілася 50 гадоў». У Берасці агучылі новыя выракі ў «карагоднай справе»
2021.10.06 17:43

У судзе Маскоўскага раёну Менску 6 кастрычніка вынеслі прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках») КК супраць грамадзяніна Беларусі Кастру і Сільва Сержыю. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён 9 і 10 жніўня 2020 года браў актыўны ўдзел у пратэстах на Нямізе і ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга».

Артыкулы
Gulagu.net: Расейскія спецслужбы дапамагалі беларускім у катаваннях жніўня-2020
2021.10.06 14:27

Віцебскіх актывістаў «Страны для жизни» Аляксандра Мацеюка і Алега Баразну 5 кастрычніка асудзілі на 9 і 2,3 года калоніі паводле наркатычных артыкулаў – 328 і 332 КК РБ. Паводле арт. 328 мужчыны цалкам адмаўляюць віну. Праваабаронцы лічаць справы палітычна матываванымі і дабіваюцца прызнання актывістаў палітвязнямі.

Беларусь зноў адмовілася ад польскай гуманітарнай дапамогі

Польшча вырашыла 5 кастрычніка даслаць гуманітарны канвой у Беларусь для ўцекачоў. Міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў, што ў Беларусі знаходзіцца некалькі тысяч патэнцыйных нелегальных мігрантаў і яны могуць аказацца ў сітуацыі, калі не будуць задаволеныя іхныя базавыя патрэбы.

Але беларускі Памежны камітэт завочна адмовіўся ад дапамогі. Пазней Міністэрства замежных справаў Беларусі прапанавала Польшчы аддаць гуманітарную дапамогу Літве або «вядомым беларускім экстрэмістам», а сам факт прапановы гуманітарнай дапамогі назвала «знявагай да беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту».

Hавiны
Беларусь зноў адмовілася ад польскай гуманітарнай дапамогі ўцекачам
2021.10.06 10:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў