Найлепшы бамбардзір менскага «Дынама» «кінуў» міліцыю і Кадырава і збег у Ізраіль


У беларускім футболе скандал. Афрыканскі форвард каманды Аблай Мбэнг разарваў кантракт з менскім «Дынама» і падпісаў дамову з «Макабі» з Петах-Тыквы.

Футбаліст Аблай Мбэнг.
Фота: ФК «Динамо Минск» / VK

Беларуская міліцыя, у структуру якой уваходзіць «Дынама», збіраецца цяпер шукаць праўды ў Еўропе і дабівацца санкцыяў супраць футбаліста.

Правы на футбаліста Аблая Мбэнга належалі чачэнскаму «Ахмату» і часткова менскаму «Дынама». Афрыканскі футбаліст выступаў за чачэнскі клуб з 2015 года. Клубам з Чачэніі кіраваў Рамзан Кадыраў. У 2017 годзе клуб, які тады называўся «Церак», быў перайменаваны ў «Ахмат» у гонар бацькі Рамзана Кадырава – былога кіраўніка Чачэніі Ахмата Кадырава.

У сакавіку 2021 года Мбэнг падпісаў арэндны кантракт з менскім «Дынама», форварда вельмі хацеў бачыць у складзе каманды галоўны трэнер менскага клубу Леанід Кучук. І сенегальскі футбаліст адразу стаў лідарам каманды і ў 15 гульнях забіў 10 галоў. Але летам у міліцэйскай каманды ўзніклі фінансавыя праблемы: футбалістам знізілі заробкі, нават паўсталі праблемы з іх выплатаю. Тады Кучук заявіў, што ў такой сітуацыі немагчыма вырашаць сур’ёзныя задачы, і падаў у адстаўку, якая была прынятая кіраўніцтвам. А неўзабаве Кучук узначаліў львоўскі «Рух».

Летась «Дынама», якое належала бізнесмену Юрыю Чыжу, перайшло ў структуру беларускай міліцыі, ім стала кіраваць БФСТ «Дынама».

Цяпер яно робіць такую заяву:

«У сувязі з заключэннем футбалістам Аблаем Мбэнгам, які перайшоў на ўмовах арэнды ў наш клуб з ФК «Ахмат» у канцы сакавіка гэтага года, працоўнага пагаднення з трэцім клубам, менскае «Дынама» паведамляе наступнае.

Аблай Мбэнг у аднабаковым парадку скасаваў працоўныя адносіны з грозненскім і менскім клубамі, якія добрасумленна выконвалі свае кантрактавыя абавязкі, што пярэчыць рэгламентацыйным дакументам FIFA.

У гэтай сітуацыі дзеянні гульца, а таксама дзеянні клубу, які падпісаў з Аблаем Мбэнгам працоўнае пагадненне, будзе ацэньваць кампетэнтны орган FIFA».

Футбаліст Аблай Мбэнг.
Фота: ФК «Динамо Минск» / VK

А гэта значыць, міліцэйская каманда хоча санкцыяў у дачыненні футбаліста – і каб гэтая справа разглядалася паводле еўрапейскіх законаў.

Падобныя інцыдэнты ў беларускім футболе ўжо былі: у 2012 годзе з берасцейскага «Дынама» ўцёк бразілец Давід Лазары, а ў 2018 годзе тое ж самае зрабіў аргентынец Леандра Торэс, які меў дзейны кантракт з берасцейскім «Дынама» і збег у Мексіку. Берасцейскае «Дынама» спрабавала вярнуць сваіх футбалістаў, але так нічога і не дабілася. Паглядзім, як атрымаецца ў іншага «Дынама» – менскага.

АС belsat.eu

Стужка навінаў