На Нобэлеўскую прэмію міру наміноўвалі Бяляцкага, Шушкевіча і Ярмошыну. Як ім гэта ўдалося?


Лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2021 года назавуць 8 кастрычніка. Сярод 234 намінантаў – беларускія пратэстоўцы агулам і лідаркі пратэсту Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава, а таксама Ціханоўская асобна. Каго наміноўвалі мінулымі гадамі – таямніца, але не абсалютная.

Як намінуюць на Нобэлеўскую прэмію

Штогод адмысловы нарвежскі Нобэлеўскі камітэт, прызначаны парламентам Нарвегіі, высылае кваліфікаваным людзям просьбы выбраць намінантаў. З тых, каго прапанавалі, Нобэлеўскі камітэт складае кароткі спіс, які потым глыбей даследуюць і абіраюць пераможцу.

Выканаўчы дырэктар Нобэлеўскага фонду Відар Гэльгесэн выступае на саміце Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме, Швецыя. 26 красавіка 2021 года.
Фота: Jessica Gow / TT newsagency / Forum

Намінатарамі ў прэміі міру могуць стаць былыя і дзейныя чальцы Нобэлеўскага камітэту, ранейшыя лаўрэаты, акадэмікі, прафесары і рэктары ўніверсітэтаў, кіраўнікі інстытутаў даследавання міру і міжнародных дачыненняў, чальцы нацыянальных урадаў і парламентаў, чальцы Інстытуту міжнароднага права, Міжнароднага суда ААН, Сталай палаты пасярэдніцкага суда, былыя пастаянныя дарадцы Нобэлеўскага інстытуту.

Выказацца за тое, каб кагосьці намінавалі, можа кожны чалавек, але трэба, каб да ягонай прапановы прыслухаліся намінатары. Летась на Нобэлеўскую прэмію міру лідар Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск прапаноўваў намінаваць Святлану і Сяргея Ціханоўскіх. А Аляксандра Лукашэнку прапаноўвалі намінаваць аж двойчы: у 2007 годзе, пра гэта казаў нобэль у галіне фізікі Жарэс Алфёраў, і ў 2011-м, пра што разважаў старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзу Беларусі. Але ці намінавалі іх, невядома.

Пра тое, каго намінавалі, расказваюць праз 50 гадоў

Такая традыцыя Нобэлеўскай прэміі: імёны намінантаў і намінатараў могуць называць толькі праз 50 гадоў пасля намінацыі. Цяпер дакладна вядома толькі пра тых, каго намінавалі да 1971 года.

У выпадку прэміі міру гэта можа быць асабліва добрай ідэяй, бо за дзеяннямі намінантаў сочыць увесь свет, а яны не заўсёды паводзяць сябе добра. Вядома, напрыклад, што сярод першых намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру ў 1901 годзе быў расейскі цар Мікалай ІІ – той самы, войскі якога ў тым годзе ўвайшлі ў Маньчжурыю і бралі ўдзел у здушэнні паўстання ў Кітаі, што потым стала адною з прычынаў расейска-японскай вайны. У 1939 годзе намінавалі Адольфа Гітлера – таго самага, які распачаў Другую сусветную вайну і генацыд. Ягонага спачатку саюзніка, потым ворага Іосіфа Сталіна наміноўвалі двойчы: у 1945 і 1948 гадах.

Рыхтаванне перад цырымоніяй уручэння ўзнагародаў прэміі ў будынку філармоніі. Стакгольм, Швецыя. 10 снежня 2019 года.
Фота: ANDRZEJ HULIMKA / Forum

Часам жа самі намінатары раскрываюць, каго прапанавалі. Так, сёлета вядома, што сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру – расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны і гон-конгаўскі палітык Марцін Лі, брытанская даследніца-прыматолаг і антраполаг Джэйн Гудол і экаактывістка Грэта Тунберг, арганізацыі NATO і «Рэпарцёры без межаў», сайт «Hong Kong Free Press», рух «Black Lives Matter» ды іншыя, нават Міжнародная касмічная станцыя. Але ў фаварытах букмекерскіх кантораў сёлета – Сусветная арганізацыя здароўя.

Каго яшчэ намінавалі з Беларусі

Магчыма, найчасцей з усіх беларусаў на Нобэлеўскую прэмію міру наміноўвалі Алеся Бяляцкага – праваабаронцу, заснавальніка і старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна». Вядома прынамсі пра пяць разоў, калі выстаўлялі ягоную кандыдатуру, хоць праз якія 30–40 гадоў можа выявіцца, што намінацыяў было і больш.

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

Прынамсі чатыры разы на Нобэлеўскую прэмію міру прапаноўвалі першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча. Напрыклад, былы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса вылучаў ягоную кандыдатуру за вывад ядравай зброі, Белавежскія пагадненні і мірны распад Савецкага Саюзу, а таксама за адданасць прынцыпам міру, дэмакратыі і правоў чалавека.

Беларусаў раней былі намінантамі і на Нобэлеўскія прэміі ў іншых сферах (напрыклад, у літаратуры – Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў і Уладзімір Някляеў). Але прэміі грамадзянам Беларусі давалі толькі аднойчы: у галіне літаратуры ў 2015 годзе – Святлане Алексіевіч. Ды яшчэ пяць асобаў, якія нарадзіліся ў Беларусі, рабіліся набэліятамі. У іх ліку два кіраўнікі Ізраілю, Мэнахэм Бэгін (імя з нараджэння – Мечыслаў Бягун) і Шымон Пэрэс (Шымон Перскі), якія атрымалі Нобэлеўскія прэміі міру ў 1978 і 1994 гадах.

А намінацыя старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай была жартам. У верасні 2020 года ананімны чытач Kyky.org зайшоў на сайт Нобэлеўскага камітэту, назваўся імем рэктара аднаго з гомельскіх універсітэтаў, атрымаў анкету для намінацыі і высунуў Ярмошыну, «пахваліўшы» яе за «абарону галасоў выбарнікаў». Працэдура прайшла на гэтым этапе паспяхова, і «намінатару» прыйшло пацверджанне на электронную пошту. У які момант Нобэлеўскі камітэт выкрыў падман, невядома. Не выключаюць, што праз 50 гадоў фальшывая намінацыя Ярмошынай можа трапіць у афіцыйную гісторыю Нобэлеўскай прэміі.

Hавiны
Палітыкі, пісьменнікі і навукоўцы. У жылах каго з набэліятаў цячэ беларуская кроў
2021.10.07 12:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў