Менскага кіроўцу пакаралі 3 гадамі калоніі за ўдзел у пратэстах 9–10 жніўня 2020 года


У судзе Маскоўскага раёну сталіцы 6 кастрычніка вынеслі прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках») КК супраць грамадзяніна Беларусі Кастру і Сільва Сержыю. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі 32-гадовага кіроўцу таксі 12 ліпеня 2021 года. Пасля затрымання з ім запісалі «пакаяльнае» відэа. Паводле версіі следства, Кастру і Сільва Сержыю ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года браў актыўны ўдзел у пратэстах на Нямізе і ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга».

На працэсе мужчыну дапытвалі за кратамі і ў кайданках. Сержыю распавёў, што пайшоў на акцыю 9 жніўня з цікавасці, паглядзець, «якія людзі там будуць». Лозунгаў не выкрыкваў, але выйшаў на праезную частку на праспекце Пераможцаў, каб зняць відэа. У наступны вечар Сержыю быў каля ГЦ «Рыга», бачыў барыкады, аднак яны стаялі яшчэ да таго, як ён прыйшоў. Абвінавачаны распавёў, што пакуль быў у натоўпе, то «вырашыў падзяцініцца» і кінуў нейкі камень, каб разбіць кавалачак пліткі. Але той так і не разбіўся, таму яшчэ пару разоў кінуў, але нікому пры гэтым не пагражаў, а міліцыі тады наогул не было. Калі прыехала міліцыя, то ён адразу ўцёк.

Суддзя Таццяна Пірожнікава прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дзяржаўнае абвінавачанне ў гэтай справе падтрымліваў Фёдар Сініцкі.

Артыкулы
Чарговая хваля затрыманняў іншадумцаў: з іх здзекуюцца і прымушаюць выбачацца на камеру
2021.10.06 17:11

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў