Чарговая хваля затрыманняў іншадумцаў: з іх здзекуюцца і прымушаюць выбачацца на камеру


МУС і прапагандысцкія тэлеграм-каналы сёння актыўна распаўсюджваюць інфармацыю аб затрыманнях беларусаў ва ўсёй краіне. Затрыманні ладзіць ГУБАЗіК, які прымушае людзей запісваць «пакаянныя відэа».

Прэс-служба МУС паведамляе пра затрыманне 30-гадовай жыхаркі Менску, кансультанткі ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў амерыканскай кампаніі. Сілавікі вінавацяць яе ва ўдзеле ў пратэставых акцыяў, а таксама ў тым, што яна была падпісчыцай і актыўнай каментатаркай шэрагу пратэставых телеграм-чатаў. Яна прызнаная падазраванай у крымінальнай справе.

Затрыманая за іншадумства кансультантка з Менску.
Фота: pressmvd / Telegram

УУС Гомельскага аблвыканкаму паведамляе пра затрыманне 21-гадовага жыхара Жлобіна за ўдзел у пратэстах 2020 года і карыстанне пратэставымі тэлеграм-каналамі. Супраць яго распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў») КК.

У Менску затрыманая сакратарка прыёмнай галоўнага доктара 10-й дзіцячай клінічнай бальніцы. Яе прымусілі прызнацца, што яна прайшла рэгістрацыю на платформе плану «Перамога». У гэтым прызнаецца на відэа ГУБАЗіКу яшчэ адзін затрыманы – 35-гадовы жыхар Менску, які працуе на будоўлі. Таксама затрымалі 18-гадовага менчука, які кажа, што летась стаяў у счэпцы каля цырку.

Грузчык Лідскага малочна-кансервнага камбінату затрыманы за каментар пад навіной аб страляніне на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у якім расцаніў дзеянні Андрэя Зельцара як самаабарону.

У Магілёве затрыманы айцішнік за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года. Таксама ў Магілёве схапілі кухара, якога вінавацяць у распаўсюдзе інфармацыі пратэставых тэлеграм-каналаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».

Усіх затрыманых змушаюць казаць на камеру, што яны «раскайваюцца».

Затрыманы за ўдзел у пратэстах айцішнік з Магілёва. Скрыншот з відэа: gubopRB / Telegram

Часам сілавікі дэманстратыўна здзекуюцца з затрыманых. Напрыклад, магілёўскаму айцішніку на лоб наляпілі БЧБ-стыкер, вакол шыі абматалі БЧБ-сцяг, у рукі далі Пагоню і кнігу Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». У такім выглядзе яго прымусілі выбачацца на камеру.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 6 кастрычніка 728 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў ва ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.
Артыкулы
Франак Вячорка: Самаабарона ва ўмовах тэрору – гэта не злачынства
2021.10.02 23:37

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў