Беларускі баксёр худнее на 50 кг, каб вярнуцца ў спорт

Кірыл Рэліх быў чэмпіёнам свету па боксе ў адной з самых прэстыжных версіяў, але ў 2019 годзе страціў тытул і ўзяў паўзу.

Спартовая галіна ў Беларусі перажывае крызіс: найгоршы выступ у гісторыі на Алімпіядзе, правалы ў футболе і хакеі… На гэтым фоне ў гульню вяртаецца сусветна вядомы баксёр Кірыл Рэліх. Папулярны ў Англіі і ЗША, ён мала вядомы на бацькаўшчыне.

Хто такі Кірыл Рэліх?

Байцу хутка споўніцца 32 гады. Ён родам з Баранавічаў, жыве ў Менску, а выступае пераважна за акіянам. Байцоўская мянушка Кірыла Рэліха – Mad Bee (‘Шалёная пчала’). Ягоная самабытная тэхніка, байцоўскі інтэлект і харызма прывялі да папулярнасці за мяжой.

У 2018–2019 гадах Рэліх валодаў адным з самых прэстыжных сусветных тытулаў – поясам чэмпіёна свету WBA. Пры гэтым баксёр не стаў перавозіць сям’ю ў ЗША – лятае туды на зборы і двубоі. Цягам усёй кар’еры рэпрэзентуе Беларусь. Любімчыкам дзяржаўных чыноўнікаў Рэліх не стаў, а перад беларускімі заўзятарамі мае добрую рэпутацыю.

У 2019 годзе Кірыл Рэліх страціў свой тытул у двубоі з амерыканцам Рыджысам Проўгрэ (Regis Prograis). Беларус выглядаў бляклым ценем самога сябе. А пасля паразы ўзяў паўзу на доўгія два з паловай гады.

«Я саступіў не суперніку, а самому сябе, таму што ў мяне не было дысцыпліны, – апавядае Кірыл Рэліх. – За 20 гадоў трэніровак маральна вельмі стаміўся, трэба было залячыць усе траўмы. Нібыта ўсё добра, залячыў. Таму цяпер аднаўляемся, збіраюся вяртаць свой тытул, бо страціў яго я толькі сам з-за сябе. А цяпер усё, перарос хлопчык, стаў дысцыплінаваным».

Баксёр Кірыл Рэліх. Фота: BoxingScene

Барацьба з лішняй вагой

Яшчэ адна фішка, за якую любяць Кірыла Рэліха, – з аблічча ён, на першы погляд, не выглядае прафесійным спартоўцам. Але пры гэтым – сусветная зорка боксу.

Беларус выступае ў паўсярэдняй вазе (да 63,5 кг). Але падчас працяглай паўзы стаў важыць, як суперцяж, – 112 кг. Выходзіць, для вяртання ў рынг яму трэба скінуць амаль паўцэнтнера. Як?

«Насамрэч з гэтым сутыкаюцца многія баксёры, – тлумачыць Рэліх. – 20 кілаграмаў я ўжо скінуў. Засталося, лічы, столькі ж. У гэтым пытанні галоўнае – дысцыпліна і паступовасць. Перад апошнім двубоем мне было вельмі складана. Даходзіла да таго, што крывёю мачыўся, бо за два з паловай месяцы скінуў 20 кг. Толькі вычварэнцы так робяць. А калі нармальна худнееш, то ў сваёй вагавой катэгорыі (63,5 кг) добра пачуваешся. Нічога лішняга, рукі, ногі – усё слухаецца».

Паядынак брытанскага баксёра Рыкі Бернса і беларуса Кірыла Рэліха за тытул чэмпіёна WBA у суперлёгкай вазе. Глазга, Шатландыя. 7 кастрычніка 2016 года. Фота: Jason Cairnduff / Reuters / Forum

Вяртанне запланаванае на 2022 год

Выглядае, што працяглая паўза ў баксёрскай кар’еры можа пайсці Кірылу Рэліху на карысць. Зорны статус спрыяе таму, што праблемаў з двубоямі ў яго не будзе. Вяртанне ў сусветны бокс запланаванае на наступны год. У лютым баксёр збіраецца ляцець у ЗША, каб прайсці трэнінгавы лагер перад канкрэтным двубоем.

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны