Алесю Бяляцкаму пакінулі абвінавачанне толькі ва «ўхіленні ад падаткаў»


Раней паведамлялася, што старшыню «Вясны» вінавацілі яшчэ і ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Фота: viasna96 / Telegram

Менскі гарадскі суд 6 кастрычніка разгледзеў скаргу на падаўжэнне тэрміну зняволення старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязня Алеся Бяляцкага. Суддзя Яўген Хаткевіч пакінуў скаргу без задавальнення, але, як заўважыла «Вясна», стала прынамсі вядома, у чым вінавацяць Бяляцкага.

Адвакат праваабаронцы даў падпіску аб неразгалошванні, а лісты вязня жорстка цэнзуруюцца. Ды з раскладу суда стала вядома, што Бяляцкаму выставілі абвінавачанне толькі паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ – «ухіленне ад выплаты падаткаў». Раней жа паведамлялася, што, акрамя артыкулу за падаткі яго абвінавачваюць паводле дзвюх частак арт. 342 КК РБ – «арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Ды нават паводле артыкулу за падаткі Бяляцкаму пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі. У 2011 годзе Бяляцкага ўжо судзілі за «ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры», ён правёў за кратамі амаль тры гады. І тую, і цяперашнюю справы праваабаронцы прызнавалі палітычна матываванымі.

Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня, яго трымаюць у СІЗА № 1. Напісаць яму можна на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

АА belsat.eu

Стужка навінаў