Як генпракурор запярэчыў Лукашэнку. Або што хаваецца за абяцанай амністыяй і каго яна закране


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі рыхтуецца да правядзення частковай амністыі палітвязняў. Але разам з тым агучаныя і новыя абмежаванні, у тым ліку і ў пытанні пазбаўлення грамадзянства палітычных апанентаў дзейных уладаў.

Нарада ў пытанні амністыі з удзелам Лукашэнкі. 6 верасня 2022 г.
Фота: president.gov.by

Пра планы разгледзець пытанне «беглых», якія «рванулі за мяжу», Лукашэнка заяўляў яшчэ 1 верасня. Але пры гэтым не было зразумела, пра што ідзецца. Некаторыя пабачылі ў ягоных словах намёк на рыхтаванне амністыі, а некаторыя – наадварот, анансаванне новых рэпрэсіўных захадаў.

І вось 6 верасня Лукашэнка правёў адмысловую нараду. Яна паказала, што рыхтуецца як амністыя, гэтак і новыя рэпрэсіўныя захады.

Аналітыка
Амністыя або новыя рэпрэсіі? Што рыхтуе Лукашэнка на 17 верасня
2022.09.02 20:02

«Калі гэтыя людзі раскаяліся»

Як распавёў Лукашэнка, перад 17 верасня «прапаноўваецца абмеркаваць мэтазгоднасць амністыі». Паводле яго, нават сярод асуджаных за пратэсты ёсць тыя, хто ўчыніў «нязначныя злачынствы».

«МУС… нясуць персанальную адказнасць за тых, хто амніставаны будзе. Ды і працаваць ім з імі на волі. Калі гэтыя людзі раскаяліся, сталі на шлях выпраўлення, цалкам загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць літасць. Прапаноўваю абмеркаваць кола асоб, на якіх трэба распаўсюдзіць амністыю», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, канчатковы варыянт падрыхтаванага дакументу разгледзіць адмысловая камісія з удзелам «нармальнай апазіцыі».

«Людзі яшчэ не адышлі ад таго 2020 года. Часам і перагіны дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: «Усіх мачыць, саджаць і гэтак далей». Ведаеце, адзінства ў грамадстве гэта ніколі не дадавала. Але, тым не менш, проста адысці ад гэтага пытання і не чуць гэтых людзей – так не будзе», – адзначыў Лукашэнка і падкрэсліў, што нельга «налева і направа адпускаць усіх».

Ён дадаў, што «паслабленні дапушчальныя толькі ў дачыненні тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае», а «бандыты і экстрэмісты не з гэтай серыі».

Вярнуць балансаванне

У каментары «Белсату» аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка адзначыў, што правядзеннем амністыі рэжым Лукашэнкі спрабуе аднавіць сваю былую палітыку, для якой было характэрнае «бясконцае балансаванне паміж Расеяй і Захадам, паміж узмацненнем рэпрэсіяў і нейкімі спробамі наладзіць грамадскі кансэнсус».

«Але 2020 год фактычна зламаў гэтую схему. У адзін з бакоў гэтыя арэлі настолькі моцна гайдануліся – настолькі моцна ў рэпрэсіі і пасля лютага 2022-га ў расейскі бок, што пасля гэтага рэжым, можа быць, і хацеў бы гэта змяніць і вярнуцца да балансавання, але гэта вельмі складана. Надта далёка ўсё зайшло ў адзін бок», – мяркуе аналітык.

Каго закране амністыя?

Генеральны пракурор Андрэй Швед распавёў, што пад амністыю трапяць ад 8 тыс. чалавек. Пералік складу злачынстваў вызначаць найбліжэйшым часам. Паводле Шведа, пад амністыю трапяць інваліды, шматдзетныя адзінокія маці ды іншыя.

Аналітык Вадзім Мажэйка мяркуе, што ў першую чаргу амністыя закране не палітвязняў, а іншыя катэгорыі зняволеных.

«Улада досыць асцярожная ў сваіх дзеяннях. І ў пытанні амністыі я б не чакаў надта моцных крокаў. Улада дзейнічае з пэўнай сваёй рацыянальнасцю, бо разумее, што нават выпусціўшы сотню ці дзве палітвязняў, лукашэнкаўскі рэжым не атрымае моцнага паслаблення санкцыяў. Колькі зараз ні адпусціш, усё роўна гэта не адменіць удзелу ў вайне», – заявіў ён.

Хоць, паводле яго, «рэжым умее здзіўляць», і тэарэтычна можна ўявіць, што рэжым захоча кагосьці адпусціць, акурат каб падаць сігнал Захаду пра гатовасць да перамоваў. Але пакуль не надта што пра гэта сведчыць, падкрэсліў Вадзім Мажэйка.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Белсат

Пра тое, што на волю не выйдзе ніхто «з тых палітвязняў, імёны якіх на слыху», піша ў сваім Facebook і гісторык Алесь Пашкевіч.

«Патрапяць, цалкам магчыма, тыя, каго ў гэты вір зацягнула па сутнасці выпадкова і якія матаюць рэальныя тэрміны за «грахі» накшталт якога лайку ці каментара. Прытым, думаю, усё будзе рабіцца з максімальным цынізмам і здзекам – скажам, масава «амністуюць» тых, у каго і так найбліжэйшым часам мусіць скончыцца тэрмін. Або проста заменяць меру стрымання – перавядуць з калоніі на «хімію» ці што яшчэ. А можа, нешта і зусім новае прыдумаюць – у справе здзекаў з чалавека рэжымныя служкі вельмі крэатыўныя», – адзначае ён.

Увогуле ж, на ягоную думку, пра тое, што нешта мяняецца ў краіне, можна будзе казаць толькі ў выпадку, калі «перастануць працаваць махавік незаконных затрыманняў і «судовы» канвеер». Сама ж амністыя, «нават калі яна закране частку палітвязняў, нічога па сутнасці не мяняе».

Генпракуратура супраць

Тым не менш, нават супраць такой амністыі выступіў генпракурор Швед. Але Лукашэнка, сказаў ён, да ведамства не прыслухаўся.

«Гэта значыць, тыя асобы, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, якія замахнуліся на нашу дзяржаву, якія паднялі руку на праваахоўнікаў, могуць выйсці на волю. Але толькі тыя, хто раскаяўся, усвядоміў і лічыць магчымым звярнуцца да нашага прэзідэнта з просьбай аб памілаванні», – сказаў генпракурор.

Андрэй Швед.
Фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum

На думку Вадзіма Мажэйкі, такія заявы генпракурора сведчаць пра незадаволенасць аматараў жорсткага курсу, «ястрабаў», планаванай амністыяй. Паводле яго, яны «ў сістэме настолькі адчуваюць сябе моцнымі і запатрабаванымі, што ў выніку фактычна наважваюцца адкрыта дэманстраваць нязгоду з заявамі Лукашэнкі».

«Што не самае тыповае для такога кшталту чыноўнікаў», – адзначыў аналітык.

Ён нагадаў, што Генпракуратура даўно ёсць адным з самых вялікіх аматараў не толькі рэпрэсіяў, але і ўвогуле закручвання гаек. І была нават ініцыятаркай увядзення школьнай формы.

«У такой сітуацыі не дзіва, што Генпракуратура супраць амністыі. Яна выступае на баку «ястрабаў», якія за ўзмацненне рэпрэсіяў. Яны бачаць, што гэта падвышае іхную ролю», – мяркуе Мажэйка.

Таму, падкрэсліў аналітык, Лукашэнка будзе думаць, як паслабленнямі не збіць моцна падтрымання сілавікоў, бо ён «у такой сітуацыі робіцца сам закладнікам сваёй сістэмы».

«Але нават восенню 2020 года, падчас пратэстаў, Лукашэнка мяняў кіраўнікоў сілавых ведамстваў акурат таму, каб не стаць залежным ад іх і каб усе бачылі, што ён не баіцца нават у самы рызыкоўны час мяняць кіраўніцтва сілавікоў. І кантролю над сілавікамі ён ад гэтага не страчвае», – дадаў Мажэйка.

Забарона ўезду ў Беларусь на 30 гадоў

Абмяркоўвалася на нарадзе і пытанне надання грамадзянства і пазбаўлення яго. Гэтак, МУС падрыхтавала законапраект, у якім прадугледжваецца магчымасць страты асобай, якая застаецца за межамі Беларусі, беларускага грамадзянства, атрыманага ў тым ліку і пры нараджэнні, пры наяўнасці прысуду, які набыў моц і пацвярджае ўдзел такой асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне ёю «цяжкой шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Ілюстрацыйны здымак. Вакалісты «Вольнага хору».
Фота: Света Фар / Белсат

Пры гэтым «экстрэмісту», які страціў грамадзянства Беларусі, прапаноўваецца забараніць уезд у краіну на тэрмін да 30 гадоў. МУС «разлічвае на прафілактычны эфект гэтай заканадаўчай ініцыятывы», распавёў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Паводле яго, у законапраекце таксама прапаноўваецца абмяжоўваць правы і свабоды грамадзянаў Беларусі, якія маюць іншае грамадзянства, від на жыхарства ў іншай краіне або карту паляка. Пры гэтым такія грамадзяне павінныя будуць інфармаваць улады пра свой статус, каб тым было прасцей абмежаваць іх правы.

Пуга і пернік

На думку Вадзіма Мажэйкі, гаворачы ў адзін дзень пра амністыю і пазбаўленне грамадзянства, Лукашэнка выкарыстоўвае метад пугі і перніка.

«Дэманструючы паслабленні ў адных месцах, Лукашэнка не хоча, каб Расея і сілавікі інтэрпрэтавалі гэта як нейкую лібералізацыю, і таму ён усім аматарам жорсткага курсу дэманструе, што і да іх нешта ёсць. І жорсткасці будзе хапаць, і новыя рэпрэсіі будуць, і ўзмацненне рэпрэсіўнага заканадаўства будзе. То бок Лукашэнка спрабуе даць нешта прыемнае для розных бакоў», – мяркуе аналітык.

Але ж, паводле яго, пазбаўленне грамадзянства – гэта хоць і непрыемная, але «хутчэй сімвалічная захада». І яна наўрад ці на практыцы нешта зменіць:

«Прынамсі ў тым выглядзе, у якім цяпер гэты законапраект ёсць, гэта датычыць людзей, якіх прызналі экстрэмістамі, тэрарыстамі, супраць якіх крымінальныя артыкулы. Фактычна, умоўна супраць Андрэя Стрыжака ці Паўла Латушкі. Дык гэтыя людзі і так у Беларусь не ездзяць і разумеюць, што пры цяперашняй сітуацыі і пры рэжыме Лукашэнкі гэта для іх небяспечна. Безадносна, ёсць у іх грамадзянства ці не. Таму іх у гэтым сэнсе ўжо не напалохаеш», – адзначыў прадстаўнік BISS.

Скептычна ён ставіцца і да шматгадовага абмежавання на ўезд у Беларусь для пазбаўленых грамадзянства:

«Можна заявіць на 30 і на 300 гадоў, але ж, вядома, гэта будзе залежыць не ад таго, што прапішуць у законе, а ад таго, як будзе складацца палітычная сітуацыя», – падкрэсліў аналітык.

Больш за тое, для людзей, якія і так застаюцца за межамі Беларусі, пазбаўленне беларускага грамадзянства проста прывядзе да таго, што ў іх «будзе вельмі простая і зразумелая прычына атрымаць дакументы ў любой іншай краіне свету акурат таму, што іх пазбавілі грамадзянства ў іх роднай краіне», падсупаваў Вадзім Мажэйка.

  • Новая амністыя чакаецца на наступным тыдні – 17 верасня.
  • У 2021 годзе Юрый Васкрасенскі прапаноўваў Лукашэнку спіс на памілаванне. У спісе было 100 палітвязняў, але Лукашэнка амніставаў толькі 13 чалавек. Сярод памілаваных былі Віктар КаліноўскіВалерый ЛазаМаксім ШаўлінскіІгар БыкоўскіхЯўген КаральчукСяргей РудзінскіЯўген ПашалюкАляксандр БаброўАляксей КоршунЮлія Кашаверава. Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы перавялі на «хатнюю хімію».
  • Галоўныя крытэрыі для амністыі летась былі такія: мець прысуд, які набыў моц, не парушаць рэжыму адбывання пакарання і галоўнае – напісаць прашэнне аб памілаванні ды шчыра прызнаць сваю віну.
Каментар
Праваабаронца: Не дам і 1 %, што хтосьці з палітвязняў падпадзе пад лукашэнкаўскую амністыю
2022.09.06 14:39

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў