У Польшчы аўтобус з беларусамі трапіў у аварыю, ёсць пацярпелыя


У польская вёсцы Пётравіна (Piotrowina) раніцай 6 верасня адбылася аварыя з удзелам беларускага аўтобуса, які вылецеў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. У аўтобусе ехалі каля 45 чалавек, некаторыя атрымалі раненні. Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі ў Галоўным кіраўніцтве паліцыі Варшавы.

Аварыя здарылася за 70 км ад Варшавы, паміж гарадамі Міньск-Мазавецкі (Mińsk Mazowiecki) і Седльцэ (Siedlce). Паводле папярэдняй інфармацыі, частку пацярпелых накіравалі ў шпіталь Міньску-Мазавецкага.

Фота: wydarzenia.interia.pl

Кіраўніца аддзелу неакладнай дапамогі гораду Міньск-Мазавецкі распавяла, што да іх у шпіталь з месца аварыі трапілі сем чалавек, але ў цяжкім стане нікога няма:

«У аддзел неадкладнай дапамогі шпіталя Міньск-Мазавецкага трапілі 7 асобаў, усе ў стабільным стане, маюць вонкавыя пашкоджанні, сінякі. Яны праходзяць дыягностыку. Да нас не трапілі асобы ў цяжкім стане. Лічба пацярпелых можа змяніцца. На месцы працуе каардынатар неадкладнай медычнай дапамогі, ён кантралюе, каб не ўсе пацыенты трапілі да аднаго шпіталя. Ці застануцца гэтыя асобы ў нас у шпіталі, мы даведаемся пасля дыягностыкі».

Верагодна, частку пацярпелых маглі даставіць і ў іншыя шпіталі паблізу.

Аўтобус накіроўваўся з Варшавы ў Седльцэ і з невядомых прычынаў выехаў з трасы ў кювет. Кіроўца быў цвярозы, распавялі ў паліцыі.

«Нехта выйшаў з аўтобуса самастойна, кагосьці эвакуявалі. Кабіна сур’ёзна не дэфармаваная. Хутчэй гэта не было наездам на дрэва», – распавёў адзін са сведкаў аварыі.

Дарога ў гэтым месцы поўнасцю перакрыта ў абодвух напрамках. На месцы працуюць экстранныя службы: пажарнікі, восем машынаў хуткай дапамогі і верталёт.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў