Праваабаронца: Не дам і 1 %, што хтосьці з палітвязняў падпадзе пад лукашэнкаўскую амністыю


6 верасня Лукашэнка падчас нарады аб «удасканаленні заканадаўства аб грамадзянстве і правядзенні амністыі» сказаў, што літасць і паслабленні дапушчальныя толькі ў дачыненні тых, «хто гэтага заслугоўвае». Папрасілі гэта пракаментаваць праваабаронцу Паўла Левінава.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

«Калі яны раскаяліся, сталі на шлях выпраўлення і цалкам выкупілі віну, да іх можна ўжыць літасць. Паслабленні дапушчальныя толькі ў дачыненні тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. То бок у аснове павінна быць справядлівасць. Бандыты і экстрэмісты не з гэтай серыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра амністыю, якую рэжым хоча прымеркаваць да так званага Дня народнага адзінства 17 верасня.

Праваабаронца Павел Левінаў на падставе гэтага выказвання робіць прагноз: амністыя амаль не закране беларускіх палітвязняў.

«Не дам нават 1 %, што хтосьці з палітвязняў зможа выйсці на свабоду. За выключэннем тых, каму, груба кажучы, засталося сядзець які месяц ці два-тры. Тут, можа, і могуць «памілаваць» – каб не казалі потым пра тое, што палітвязняў не амніставалі», – мяркуе Павел Левінаў.

Ён заўважае, што гэта толькі прагноз, бо грунтаваць свае высновы на выказваннях Лукашэнкі не выпадае, а праекту Закону аб амністыі пакуль няма.

На ягоную думку, у законе прапішуць, што памілаванне будзе датычыць толькі тых, хто прызнаў сваю віну і не мае дысцыплінарных спагнанняў падчас адбывання тэрмінаў.

«Я думаю, што гэта ўсё адно будзе «фількіна грамата». З аднаго боку, нібыта жэст добрай волі, маўляў, які я добры і клапачуся нават пра тых, хто спатыкнуўся. З другога, гэты законапраект можа ўтрымліваць масу абмежаванняў.

А мы ж добра ведаем, што за расшпілены гузік ці позірк не ў той бок палітвязень атрымлівае дысцыплінарнае спагнанне. Таму – і не з гэтай серыі», – кажа праваабаронца.

Паводле генеральнага пракурора Андрэя Шведа, пад амністыю трапяць 8 тысяч асуджаных беларусаў.

У 2021 годзе Юрый Васкрасенскі прапаноўваў Лукашэнку спіс на памілаванне. У спісе было 100 палітвязняў, але Лукашэнка амніставаў толькі 13 чалавек. Сярод памілаваных былі Віктар Каліноўскі, Валерый Лаза, Максім Шаўлінскі, Ігар Быкоўскіх, Яўген Каральчук, Сяргей Рудзінскі, Яўген Пашалюк, Аляксандр Баброў, Аляксей Коршун, Юлія Кашаверава. Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы перавялі на «хатнюю хімію».

Галоўныя крытэрыі для амністыі летась былі такія: мець прысуд, які набыў моц, не парушаць рэжыму адбывання пакарання і галоўнае – напісаць прашэнне аб памілаванні ды шчыра прызнаць сваю віну.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў