Пасля суда над Рабковай затрымалі праваабаронцу Насту Лойку, дыпламатаў цягнулі па зямлі

Пасля суда над Марфай Рабковай і яшчэ дзевяццю палітвязнямі прайшлі затрыманні. Затрымана праваабаронца Наста Лойка, некаторыя сваякі палітвязняў і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Аб гэтым паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Насту Лойку павезлі ў адзін з менскіх РАУСаў, прычыны затрымання пакуль невядомыя. Невядомыя прычыны і іншых затрыманняў.

Лойка – праваабаронца Human Constanta (пазбаўленай дзяржрэгістрацыі НДА), яе затрымлівалі ў жніўні 2021, праводзілі дома ператрус, трымалі на Акрэсціна як абвінавачваемую ў «садзейнічанні ў нявыплаце падаткаў» па крымінальнай справе, што была заведзена супраць кіраўніцтва пазбаўленага ў Беларусі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Наста Лойка знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе і абавязальніцтвам аб яўцы.

Як распавядаюць відавочцы праваабаронцам, каля Менскага гарадскога суда затрымалі мінімум пяцёра чалавек – «завалаклі ў бус». Пры затрыманні прысутнічаў прапагандыст Азаронак і здымаў, як затрымліваюць дыпламатаў, са здзекам пытаўся ў іх «Як вам?», а ў гэты час дыпламатаў цягнулі па зямлі.

Затрыманыя сваякі Паўла Шпетнага, якога сёння асудзілі да 6 гадоў калоніі. Таксама паведамляецца, што затрымалі цётку асуджанага сёння да 17 гадоў калоніі Аляксандра Францкевіча Наталлю. Сярод затрыманых таксама маці і брат асуджанага сёння да 12 гадоў палітвязня Аляксея Галаўко Алена і Кірыл Галаўко, а таксама яго сябры Данііл Крашэўскі, Аляксандр Спаткай, Андрэй Уроніч, сяброўкі Ася і Алена (прозвішчы высвятляюцца).

Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны