МАгАтЭ апублікавала справаздачу па выніках місіі на Запарожскую АЭС. Да якіх высноваў прыйшлі эксперты


З 1 да 5 верасня на Запарожскай АЭС працавала місія МАгАтЭ. Пасля ад’езду з АЭС асноўнага складу групы Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі ў сваёй справаздачы па выніках працы місіі заклікала прыняць неадкладныя захады, каб перадухіліць радыяцыйную аварыю, якая можа адбыцца праз абстрэлы.

Расейскія салдаты ля Запарожскай АЭС у дзень прыезду місіі МАгАтЭ. Энэргадар, Украіна. 1 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Адна з галоўных высноваў, да якой прыйшлі эксперты МАгАтЭ, – нягледзячы на тое, што дагэтуль абстрэлы тэрыторыі ЗАЭС на прывялі да аварыйнай сітуацыі, пагроза для цэласці станцыі і радыяцыйнай аварыі захоўваецца.

На сённяшні момант адмыслоўцы МАгАтЭ не ўбачылі прыкметаў распаўсюджвання радыяцыі, аднак гэта можа адбыцца, калі абстрэлы будуць працягвацца, гаворыцца ў справаздачы. Прадстаўнікі Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі зафіксавалі на Запарожскай АЭС шэраг пашкоджанняў, у тым ліку ў спецблоку для захоўвання радыеактыўных адкідаў і свежага ядравага паліва і ў будынку, дзе размешчаная сістэма паведамлення аб пашкоджаннях станцыі.

Эксперты місіі МАгАтЭ падчас візіту самі сталі сведкамі абстрэлу станцыі і былі вымушаныя хавацца ў сховішчы.

МАгАтЭ настойвае на неадкладным спыненні абстрэлаў і стварэнні зоны ядравай бяспекі вакол ЗАЭС, аднак на гэта патрэбная «згода ўсіх адпаведных бакоў». Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі выказала гатовасць распачаць кансультацыі для тэрміновага стварэння ахоўнай зоны вакол АЭС.

Таксама МАгАтЭ прапанавала правесці вучэнні для адпрацоўвання эфектыўнага рэагавання пры аварыйнай сітуацыі і заявіла пра магчымасць дапамогі ў арганізацыі такіх вучэнняў.

МАгАтЭ настойвае, што трэба забяспечыць «надзейныя і рэзервовыя сродкі і каналы сувязі, уключаючы інтэрнэт і/ці спадарожнікавую сувязь з усімі вонкавымі арганізацыямі», бо адсутнасць якаснай сувязі пагаршае існыя праблемы.

Аналітыка
Расея і Украіна паказалі страшныя мапы магчымай аварыі на Запарожскай АЭС. Усё напраўду гэтак дрэнна?
2022.08.19 18:15

Расейскія вайскоўцы захапілі Запарожскую АЭС 4 сакавіка. Станцыя дагэтуль пад іхным кантролем, а цягам жніўня рэгулярна абстрэльвалася. Запарожская АЭС  ва Украіне – найбуйнейшая з дзейных у Еўропе.

Місія МАгАтЭ на чале з гендырэктарам агенцтва Рафаэлем Гросі прыбыла на Запарожскую АЭС 1 верасня. Пасля ад’езду асноўнага складу групы 5 верасня на атамнай станцыі засталіся два эксперты. Плануецца, што прадстаўнікі МАгАтЭ будуць на станцыі пастаянна.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў