Лукашэнка зноў пужае пазбаўленнем грамадзянства. Што пра гэта думаюць актывісты


6 верасня на нарадзе, на якой «абмяркоўваўся» законапраект аб грамадзянстве, Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да тэмы беларусаў, якія з’ехалі з краіны пасля пратэстаў 2020 года. Прапанаваў на іх «яшчэ раз паглядзець» і вызначыць, ці «вартыя яны таго, каб заставацца грамадзянамі Беларусі». Запыталіся ў беларускіх актывістаў за межамі краіны, як яны ўспрынялі словы Лукашэнкі.

Аляксей Лявончык пра «чарговае абвастрэнне» ў Лукашэнкі

Сузаснавальнік ініцыятывы «BySol» і кіраўнік кампаніі «ByHelp» Аляксей Лявончык заўважае, што Лукашэнка «пра пазбаўленне грамадзянства вярзе ўжо даўно», але раней гаворка вялася пра пазбаўленне грамадзянства натуралізаваных беларусаў. Відаць, Лукашэнка надумаў, што гэтага недастаткова, мяркуе Лявончык.

«Я думаю, што гэты кліент проста захацеў вярнуцца да гэтай тэмы, каб расказаць, што ён усё кантралюе і што ўсім экстрэмістам будзе вельмі кепска. І гэта ён робіць рэгулярна, калі ў яго абвастрэнне. Я не магу гэтага каментаваць…» – кажа Аляксей Лявончык.

Хоць дагэтуль кейсаў з пазбаўленнем грамадзянства палітычных эмігрантаў з Беларусі не было, Лявончык не выключае, што такое можа здарыцца.

Даведка
Аляксей Лявончык.
Фота: Alexey Leonchik / Facebook

«Бо за апошнія два гады дзяржава ўжо перайшла ўсе межы прыстойнасці. Так што калі ў яго будзе чарговае абвастрэнне і яму паднясуць нейкі спіс, я не выключаю, што ён яго падпіша і зробіць гэта нейкім паказальным чынам», – мяркуе наш суразмоўца.

Аляксей Лявончык прызнаецца, што быў бы засмучаны, калі б яго пазбавілі беларускага грамадзянства, бо яно важнае для яго.

«Але я проста ўпэўнены, што я гэтае грамадзянства сабе вярну, калі Лукашэнка знікне, а ён знікне так ці інакш», – кажа Аляксей Лявончык.

Сузаснавальнік «BySol» нагадвае таксама, што інструментам пазбаўлення грамадзянства карысталіся і іншыя аўтарытарныя ўлады. Прыводзіць прыклад паваеннай Польшчы, у якой камуністычны рэжым масава пазбаўляў пашпартоў сваіх апанентаў.

«І Польшча гэта добра запомніла. Пасля 1990 года ў Канстытуцыі Польшчы было запісана вельмі адназначнай мовай, што польскага грамадзянства пазбавіць нельга. Кропка. Гэта была такая кампенсацыя ахвярам рэжыму і зарука на будучыню, што такое больш не паўторыцца», – сказаў Аляксей Лявончык.

Вольга Паўлава: Усе ягоныя законапраекты будуць ануляваныя 

Ольга Павлова, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Вольга Паўлава, былая палітзняволеная, выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Актывістка «Краіны для жыцця», былая палітзняволеная і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Паўлава прызнаецца, што ўжо збілася з падліку, колькі разоў Аляксандр Лукашэнка парушыў Канстытуцыю Беларусі. Апошнія ягоныя заявы – чарговая спроба зрабіць гэта яшчэ раз.

«Што я магу сказаць на гэты конт? Што нелегітымны захопнік улады ў Беларусі вырашае пазбаўляць грамадзянства беларусаў? Тут – без каментароў. Бо насамрэч «царь ненастоящий», – кажа Вольга Паўлава.

«На жаль, у Беларусі на сёння не працуюць ні законы, ні судовая сістэма. Зусім не працуюць. І зразумела, як толькі зрынецца хунтаўскі рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, то ўсе ягоныя так званыя законапраекты і пазбаўленні грамадзянства будуць ануляваныя. Гэта зразумела кожнаму. Бо, паводле Канстытуцыі, грамадзянства мяне ніхто не мае права пазбавіць», – дадае суразмоўца «Белсату».

Андрэй Павук: Я не буду плаціць крэдыту за кватэру?..

Блогер і актывіст Андрэй Павук мяркуе, што Лукашэнка выказваннямі пра пазбаўленне грамадзянства проста пацяшае «сваю аўдыторыю», робячы «нейкае шоу».

«Што я быў грамадзянінам РБ, і ў мяне не было ні правоў, ні свабодаў, што я не буду грамадзянінам без правоў і свабодаў – дык якая розніца? У чым сэнс? Ці гэта азначае, што я не буду плаціць крэдыту за кватэру? Дык тады яшчэ лепш…» – дзівіцца Андрэй Павук.

Андрэй Павук.
Фота: andreypavuk / Facebook

Ён кажа, што калі б Лукашэнка персанальна адабраў у яго беларускае грамадзянства, то адчуў бы гонар і пахвалу для сябе. Але калі гэта будзе рабіцца «мімаходам», то яму будзе «ні цёпла, ні халодна».

«Тым больш, што гэта нічога не азначае ў той сітуацыі, якая цяпер у Беларусі. Калі мы возьмем уладу – будзе па-іншаму», – падсумаваў Павук.

Галіна Казіміроўская: Лукашэнка баіцца нас

Дырыжорка Вольнага хору і сузаснавальніца абʼяднання «ІнБелКульт 2.0» Галіна Казіміроўская мяркуе, што словы Лукашэнкі пра адабранне грамадзянства ў людзей, якія выехалі з Беларусі і нібыта працягваюць чыніць там «шкоду дзяржаве», сведчаць пра ягоны страх.

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». На здымку – дырыжорка «Concordia Chor» Галіна Казіміроўская. Варшава, Польшча. 16 траўня 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

«Яго гэта непакоіць, і ён ужо не ведае, што прыдумаць, каб адчуваць, што ўсё ў парадку і ўсё пад кантролем. Быццам ужо ўсё задушыў, можна расслабіцца і адпачываць на лаўрах, але не. Ён ведае, што нічога не скончылася, што ўсё працягваецца. І таму спрабуе рабіць такія рэчы. Таму што ён нас баіцца. Баіцца беларусаў, якія працягваюць барацьбу. Гэта страх», – кажа Галіна Казіміроўская.

Яна дадае: калі б даведалася, што ў яе забралі грамадзянства Беларусі, проста пасмяялася б.

«Гэты нелегітымны і «хітразачасаны» можа забраць у мяне, з ягонага пункту гледжання, грамадзянства і пашпарт, але ніхто не забароніць мне лічыць сябе беларускай – і грамадзянкай Беларусі.

Гэта мая радзіма. І калі ўсё скончыцца – усё вернецца на свае месцы», – падагульніла Галіна Казіміроўская.

Аналітыка
Як генпракурор запярэчыў Лукашэнку. Або што хаваецца за абяцанай амністыяй і каго яна закране
2022.09.06 17:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў