500 гадоў з першага кругасветнага падарожжа. Нарадзінцы Беларусі, якія адкрывалі свет


6 верасня спаўняецца 500 гадоў з першага кругасветнага падарожжа, якое зацягнулася амаль на тры гады, а кіраўнік экспедыцыі Фэрнан Магелан яго не перажыў. Тым не менш, Магеллан застаўся ў гісторыі. У гэты дзень варта згадаць нарадзінцаў Беларусі, якія зрабілі значны ўнёсак у адкрыццё свету. Іх вельмі шмат, але мы адабралі дзесяцярых.

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549–1616) – адзін з найбагацейшых людзей Вялікага Княства Літоўскага, палітычны дзеяч, які навучаўся ў французскім Страсбуры і нямецкім Тубінгене, у 1563–1567 гады наведаў шмат якія гарады Еўропы. Пазней узначальваў дыпламатычныя місіі Вялікага Княства ў замежжы, а ў 1582–1584 гадах здзейсніў вандроўку ў Святую зямлю.

Сваё падарожжа Сіротка занатаваў у кнізе «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», выдадзеную ў 1601 годзе на латыні. У імкненні «пашырыць кругагляд землякоў» Сіротка падышоў да сваёй працы як сапраўдны падарожнік і пакінуў шматлікія апісанні мясцінаў, якія бачыў, у тым ліку і Егіпту. Праца Радзівіла атрымала шырокую вядомасць ва ўсёй Еўропе.

Мікалай Радзівіл Сіротка. Малюнак невядомага мастака. Крыніца: wikipedia

Іван Казырэўскі (1680–1734) увайшоў у гісторыю як першаадкрывальнік Курыльскіх астравоў. Ён паходзіў з сям’і беларусаў, вывезеных у палон маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам у час вайны 1654–1667 гадоў.

У 1701 годзе сям’я Казырэўскіх была накіраваная на Камчатку, каб прымусіць мясцовых жыхароў прыняць маскоўскае падданства. У час экспедыцыі, якая зацягнулася на дзясятак гадоў, Іван з казакамі паднялі бунт. Але Іван адумаўся і, каб вярнуць ласку цара, маладога Пятра, працягнуў сваю місію, дзеля чаго выправіўся на Курыльскія астравы. У 1713 годзе Іван Казырэўскі даследаваў Камчатку і імкнуўся наладзіць гандаль з Японіяй. Ён склаў апісанне Курыльскіх астравоў і вострава Хакайда, а ў 1717 годзе прыняў манаскі сан і заняўся распаўсюдам праваслаўя на Камчатцы.

У 1726 годзе Казырэўскі аддаў свае працы Вітусу Берынгу, які выпраўляўся ў Першую Камчацкую экспедыцыю. Сам жа Казырэўскі быў выкліканы ў 1730 годзе ў Маскву, дзе яго асудзілі на смяротнае пакаранне за бунт, учынены яшчэ ў 1711 годзе. Ні ягоныя заслугі перад Імперыяй, ні слаўнае імя, ні зробленая праца на карысць распаўсюду праваслаўя на ўсходзе не дапамаглі. Так і не дачакаўшыся ні выканання прысуду, ні памілавання, Казырэўскі памёр за кратамі. У ягоны гонар названы мысы і горы на Курыльскіх астравах, а таксама рака і паселішча на Камчатцы.

Саламея Рэгіна Русецкая (1718 – пасля 1760) паходзіла з Наваградчыны і засталася ў гісторыі дзякуючы мемуарам «Авантуры майго жыцця». У іх жанчына апісала свае падарожжы па краінах Еўропы і Усходу, падрабязна занатавала ўражанні аб месцах, якія наведвала, а таксама апавяла пра народы, з якімі знаёмілася. Усё гэта сталася магчымым пасля таго, як у 13-гадовым узросце яе аддалі замуж за немца Якуба Гальпіра, лекара, які накіраваўся ў Стамбул.

Саламея пераняла занятак мужа, якому дапамагала ў лячэнні хваробаў. Яна засвоіла розныя мовы і нават умела выпісваць рэцэпты на латыні. Лячыла людзей у Вене, затым вярнулася ў Стамбул, а ў 1760 годзе выправілася ў паломніцтва ў Святую зямлю. На гэтым звесткі пра яе цікавае і насычанае жыццё і падарожжы абрываюцца.

Аляксандр Казарскі (1797–1833) паходзіў з мястэчка Дуброўна (сёння горад Віцебскай вобласці), захопленага, як і іншая тэрыторыя Беларусі, Расеяй пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Па заканчэнні мараходнай вучэльні служыў на флоце, удзельнічаў у расейска-турэцкай вайне, падчас якой у траўні 1829 года ягоны брыг «Меркурый» уступіў у бой з двума турэцкімі караблямі. Варожыя караблі мелі ў 10 разоў больш гарматаў, чым каманда на чале з Казарскім. Аднак дзякуючы сваім здольнасцям і навучанню экіпажу, «Меркурый» нанёс такую шкоду ворагу, што прымусіў таго выйсці з бою.

У 1831 годзе Казарскі адкрыў найкарацейшы шлях ад Пецярбургу да паселішча, на месцы якога пазней з’явіўся Мурманск. Праз 100 гадоў, за савецкім часам, гэтым маршрутам пройдзе «Вялікая будоўля камунізму» – Беламорканал, пры пракладанні якога загінулі ад 50 да 300 тысяч чалавек. Казарскага ж атруцілі – пасля таго, як у якасці рэвізора Чарнаморскага флоту і чарнаморскіх партоў ён выявіў шматлікія выпадкі карупцыі з боку найвышэйшага кіраўніцтва.

У 1839 годзе ў Севастопалі быў пастаўлены помнік у гонар Казарскаму. Гэта быў самы першы помнік у гэтым горадзе на Крымскім паўвостраве. У Дуброўне ж ёсць мемарыяльная шыльда ў гонар Казарскага.

Аляксандр Казарскі. Крыніца: часопіс «Родина»

Канстанцін Ельскі (1837–1896) паходзіў з вёскі Ляды (сёння Чэрвеньскі раён Менскай вобласці), выпускнік Менскай гімназіі, пасля якой вучыўся ў Маскоўскі і Кіеўскім універсітэтах.

Падчас навучання захапіўся тэорыяй Чарлза Дарвіна пра эвалюцыю відаў і ўсё жыццё яе прапагандаваў. Удзельнічаў у рыхтаванні паўстання 1863–1864 гадоў, праз што вымушаны быў эміграваць. Ельскі прыняў прапанову аб даследаванні Французскай Гвіяны, куды прыехаў у 1865 годзе, каб збіраць розныя прадметы для еўрапейскіх музеяў.

У 1869 годзе Ельскі пераехаў у Перу і даследаваў мяжу гэтай краіны з Эквадорам, а таксама вярхоўі ракі Мараннён (Marañón). Навуковец адкрыў раней невядомыя віды жывёлы і апісаў свае падарожжы ў навукова-папулярных апавяданнях, якія пабачылі свет адной кнігай у 1898 годзе. У гонар Ельскага названыя розныя віды жывёлы і птушак.

Канстанцін Ельскі. Крыніца: Library of the Museum and Institute of Zoology PAS

Як гэта ні дзіўна, але адзін з найвядомейшых у свеце падарожнікаў Мікалай Пржавальскі (1839–1888) паходзіў з беларускай шляхты (род Перавальскіх), якая з Віцебскага ваяводства перасялілася на Смаленшчыну. У 1861–1863 гадах Мікалай Пржавальскі навучаўся ў Акадэміі Генеральнага штабу адначасова з многімі будучымі паўстанцамі, сярод якіх быў і Зыгмунт Серакоўскі. Пржавальскі даследаваў Прыамурскі край, што адкрыла яму шлях у Расейскае геаграфічнае таварыства. Цягам 1867–1888 гадоў ён здзяйсняе пяць экспедыцыяў на Усход – ва Усурыйскі край, Манголію, Тыбет, дзе апісаў каня, названага ў яго гонар, Памір, Цянь-Шань, Кыргызстан, Уйгурыю. Ягоную творчую дзейнасць у самым росквіце перапыніла раптоўная смерць ад брушнога тыфу.

У гонар Пржавальскага названы хрыбет, горы, пячора, разнастайныя паселішчы, у тым ліку горад у Кыргызстане (з 1992 Каракол), шматлікія жывёліны і расліны.

Іван Чэрскі (1845–1892) паходзіў з фальварку Свольна Дзісенскага павету Віцебскай губерні. Удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў, за што быў пазбаўлены шляхецтва і сасланы ў салдаты ў Сібір. У ссылцы ён пазнаёміўся з яшчэ адным былым паўстанцам, Аляксандрам Чаканоўскім, пад уплывам якога зацікавіўся геаграфіяй і, перш за ўсё, геалогіяй. Ён пісаў роднай сястры на радзіму: «Я тут ужо абрусеў і стаў забывацца роднай беларускай мовы». У 1869 годзе па стане здароўя Чэрскі быў звольнены са службы і з-за забароны вярнуцца на радзіму ўзяўся за даследаванне Сібіры. З 1873 да 1892 года ён здзяйсняе шматлікія экспедыцыі, даследуючы Тунінскі і Кітойскія хрыбты Усходняга Саяну, здзяйсняе сплаў па рацэ Іркут і даследуе берагі Байкалу, раку Сяленгу, Лену, Калыму, Індыгірку, Яну і шмат якія іншыя. Падчас экспедыцыі ў Паўночна-Усходнюю Сібір Чэрскі памёр ад сухотаў. Гэта здарылася ў ліпені 1892 года. Яго пахавалі на беразе Калымы.

У гонар Чэрскага названыя рыбы, ракападобныя, а таксама шмат якія геаграфічныя аб’екты, такія, як хрыбты, горы і нават ледавік ды вулкан.

Іван Чэрскі. Фотаздымак 1879 года. https://ru.wikipedia.org

Мікалай Судзілоўскі (1850–1930) нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэту, затым на медычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэту, дзе стварыў народніцкі гурток, які прапаведаваў ідэі пераходу да сацыялізму, мінаючы капіталізм. Ён уладкоўваецца ў адну з турэмных лякарняў, каб арганізаваць пабег арыштантаў. Калі ж гэты план быў раскрыты, то Судзілоўскаму давялося выправіцца на эміграцыю. Ён едзе ў Лондан, дзе сустракаецца з Карлам Марксам. У 1876 годзе апынуўся ў Балгарыі і пад імем Ніколас Русель бярэ ўдзел у рыхтаванні да нацыянальна-вызвольнага паўстання, якое адбылося ў Балгарыі ў красавіку-траўні 1876 года і было жорстка задушанае Асманскай імперыяй. У ліку ягоных сяброў – Хрыста Ботэў, нацыянальны балгарскі герой. У 1877 годзе Судзілоўскі ўжо жыў у Бухарэсце ў Румыніі, дзе вучыўся ва ўніверсітэце і арганізоўваў сацыялістычны рух, за што яго саслалі з краіны. Падарожнічаў па Еўропе, пакуль у 1887 годзе не пераехаў у ЗША, у Сан-Францыска, дзе атрымаў амерыканскае грамадзянства. У 1892 годзе Судзілоўскі, які карыстаўся прозвішчам Русель, апынуўся на Гавайскіх астравах, дзе займаўся актыўнай медычнай практыкай. Акрамя таго – арганізаваў Партыю самакіравання Гаваяў і паспрабаваў правесці радыкальныя рэформы.

У 1900 годзе гэта прынесла плён, ЗША пайшлі на стварэнне на Гаваях Сенату, у які ўвайшоў Судзілоўскі. А ў 1901 годзе яго абіраюць першым прэзідэнтам Сенату Гавайскіх астравоў. Аднак з прычыны радыкальных памкненняў быў вымушаны праз год пакінуць сваю пасаду. У часе расейска-японскай вайны распрацоўваў план накіравання расейскіх ваеннапалонных на дапамогу рэвалюцыі, якая пачалася ў Расеі ў 1905 годзе. Пры канцы жыцця перабываў на Філіпінах і ў Кітаі, Японіі. У апошні год свайго жыцця ён марыць аб вяртанні на радзіму і нават піша, што «час закончыць сваё кругасветнае падарожжа вяртаннем дамоў». Але ў дарозе ён падхапіў запаленне лёгкіх і памёр у Кітаі. Быў паліглотам, валодаў у тым ліку кітайскай і японскай мовамі. Судзілоўскі адкрыў шэраг астравоў у цэнтральнай частцы Ціхага акіяну, пакінуў геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў. Займаўся і іншымі навукамі, сярод якіх этнаграфія, хімія, біялогія, аграномія і генетыка.

Мікалай Судзілоўскі. https://agesmystery.ru

Карл Багдановіч (1864–1947) паходзіў з беларускай шляхты Віцебскай губерні і нарадзіўся ў горадзе Люцын (сёння – горад Луда, Латвія), па заканчэнні Горнага інстытуту ў Санкт-Пецярбурзе быў накіраваны на Урал дзеля даследавання месцаў здабычы жалезнай руды. Ён шмат падарожнічаў па ўзбярэжжы Каспійскага мора, даследаваў раку Об і Байкал, Каўказ з мэтаю выяўлення новых каштоўных выкапняў, у тым ліку нафты. Даследаваў тэрыторыю пад меркаванае будаўніцтва Транссібірскай чыгункі, а таксама землі Камчаткі, Чукоткі і Аляскі ў пошуках золата. У апошнія гады існавання Расейскай імперыі стаў дырэктарам Геалагічнага камітэту, а ў 1919 годзе пераехаў у Польшчу, дзе стаў прафесарам Кракаўскай горнай акадэміі.

Караль Багдановіч. Karol Bohdanowicz Kraków 1936

Ота Шміт (1891–1956) – нарадзінец Магілёва, дзе скончыў гімназію, слынны даследнік горнай сістэмы Паміру і Поўначы, якога на Захадзе называлі Чырвоным Калумбам, акадэмік, матэматык. У 1930–1934 гадах пад ягоным кіраўніцтвам ладзіліся арктычныя экспедыцыі на ледакольных параходах дзеля даследавання Паўночнага марскога шляху. У лютым 1934 года параход «Чалюскін», на якім пад кіраўніцтвам Ота Шміта плылі 104 чалавекі, быў у Арктыцы скуты лёдам і патануў. Шміт загадаў сваім падначаленым сысці на лёд, ва ўмовах палярнай зімы яны пратрывалі два месяцы. Навіны з іхнага лагеру разыходзіліся па ўсіх газетах свету.

Ён жа быў галоўным рэдактарам «Большой советской энциклопедии», а ў 1937 годзе атрымаў званне Герой Савецкага Саюзу.

У гонар яго акрамя праспекту ў Магілёве названыя шматлікія геаграфічныя аб’екты, як востраў архіпелагу Паўночная Зямля, мыс на ўзбярэжжы Чукоткі, раўніна ў Антарктыдзе і нават астэроід.

Ота Шміт. Крыніца: culturelandshaft.wordpress.com

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў