Прысуд Калеснікавай і Знаку, чыноўнік пагражае апазіцыянерам. Галоўнае за 6 верасня


392 дні працягваецца супрацьстаянне ўладаў і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку агучылі прысуд

Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку прысудзілі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Фота: Ramil Nasibulin / TASS / Forum

Іх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).

Артыкулы
11 і 10 гадоў. Марыю Калеснікаву і Максіма Знака пакаралі зняволеннем
2021.09.06 13:05

Рэакцыя на прысуд Калеснікавай і Знаку

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў словы салідарнасці Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай. Прэзідэнт суседняй краіны адрэагаваў на прысуд на беларускай мове ў сваім Twitter.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен пракаментаваў вынесеныя прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Прадстаўнік Дзярждэпу заклікаў вызваліць усіх палітвязняў.

У заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена адзначаецца, што ЗША асуджаюць «палітычна матываваныя абвінавачванні і ганебныя прысуды» Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.

«На жаль, гэтыя прысуды з’яўляюцца чарговым сведчаннем таго, што рэжым цалкам парушае правы чалавека і фундаментальныя свабоды беларускага народу. Калеснікава і Знак заслугоўвалі празрыстага рашэння суда па выстаўленых ім сфальшаваных абвінавачваннях, але яны яго не атрымалі», – гаворыцца ў заяве.

Anthony Blinken. Энтані Блінкен, дзяржсакратар ЗША. Крыніца: state.gov

Еўропа раскрытыкавала Менск за прысуд

У сталіцы ЕЗ лічаць, што прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку – палітычна матываваны, і выказваюць шкадаванне з нагоды абуральнай непавагі афіцыйнага Менску да правоў чалавека.

«ЕЗ паўтарае свае патрабаванні пра неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі (цяпер іх больш за 650), у тым ліку Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, журналістаў і ўсіх людзей, якія застаюцца за кратамі за рэалізацыю сваіх правоў. Беларусь мусіць выконваць свае міжнародныя абязкі, у тым ліку ў межах ААН і АБСЕ. ЕЗ працягне намагацца, каб прыцягнуць да адказнасці за жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў», – гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэра Стана.

«Берлін лічыць гэтыя прысуды ўвасабленнем жорсткіх дзеянняў, рэпрэсіяў, запалохвання апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскай супольнасці з боку беларускага рэжыму, – цытуе DW.com словы афіцыйнай прадстаўніцы МЗС ФРГ Андрэі Засэ.

«Прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку сведчыць пра тое, што беларускія ўлады працягваюць наступ на змагароў за дэмакратыю і свабоду. Рэжым Лукашэнкі павінен спыніць гэтыя рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных», – заявіў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб.

Артыкулы
Еўразвяз адрэагаваў на прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку
2021.09.06 16:26

Святлана Ціханоўская пракаментавала вынясенне 6 верасня прысуду чальцам прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.

«Рэжыму б вельмі хацелася бачыць Макса і Марыю раструшчанымі і знясіленымі. Але мы бачым нашых герояў моцнымі і свабоднымі ўнутры», – гаворыцца ў заяве.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Вашынгтон, ЗША. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле заявы, «яны выйдуць на свабоду значна раней».

«Выдуманыя для іх тэрміны не павінны палохаць нас – бо Максім і Маша гэтага б дакладна не хацелі. Яны б хацелі, каб мы ўспомнілі, як усміхаецца Маша і паслухалі, як спявае Максім», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Маці Сяргея Ціханоўскага адмовілі ў спатканні з сынам

Больш за год Сяргей Ціханоўскі не бачыў сваю сям’ю, сваіх дзяцей і бацькоў. Нядаўна яго мама запрасіла спатканне з сынам – і атрымала адмову.

«Вядома, гэта зроблена толькі каб паказаць, што рэжым гэта можа. Але Сяргей ведае: таму, хто мае сапраўдную, легітымную ўладу, няма чаго даказваць і імітаваць яе праз гвалт. Сяргей прачытаў працы Гандзі і працытаваў адвакату яго думку: «Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца над табою, потым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш», – адзначае Святлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале.

Артыкулы
Маці Сяргея Ціханоўскага адмовілі ў спатканні з сынам
2021.09.06 20:58

Улады заблакавалі чарговы сайт у Беларусі

З 6 верасня карыстальнікі «Media-Pоlesye» пры спробе разгарнуць сайт сталі бачыць наступную інфармацыю: «Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага на падставе Закону «Аб сродках масавай інфармацыі».

Пры гэтым пры дапамозе VPN старонкі рэсурсу адкрываюцца.

Hавiны
Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да media-pоlesye.by
2021.09.06 17:04

Арчакоў прыгразіў апазіцыянерам смерцю ў аўтакатастрофах

Намеснік дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі Уладзімір Арчакоў у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў, што дзеячы дэмакратычнага руху краіны могуць загінуць у аўтакатастрофах.

«Вось гэтыя «збеглыя», выпрошваючы санкцыі, яны самі не разумеюць, у якую незваротную дзірку яны спрабуюць засунуць Беларусь. Прычым зразумела, што Захад іх рана ці позна салье, ужо злівае, і яны загінуць у сваіх аўтакатастрофах. Але гэтыя «вісякі» на Беларусі ж застануцца», – сказаў Арчакоў.

Уладзімір Арчакоў.
Фота: БелТА

Ён таксама паскардзіўся, што на Захадзе «эканамічнай мэтазгоднасці закрылі рот палітычнай кан’юнктурай».

Аб’ектыў
Калеснікава і Знак: прысуд – чаканы, дух – не зламаны
2021.09.06 23:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў