️Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку прысудзілі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Пра гэта паведамляе БелТА.
Максім Знак будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).
Марыя была выкрадзеная 7 верасня ў Менску і разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізацыі спецаперацыі сілавікоў.
9 верасня стала вядома, што жанчыну затрымалі і падазраюць у крымінальным злачынстве паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
9 верасня 2020 г. у кватэры Максіма Знака прайшоў ператрус, а яго самога даставілі на допыт у Следчы камітэт.
18 верасня Максіму Знаку выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). На знак нязгоды з абвінавачаннямі адвакат абвясціў галадоўку.
11 лютага стала вядома, што Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай выставілі новыя абвінавачанні: «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357 КК), «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне ім» (ч. 1 арт. 361-1 КК).
МГМ belsat.eu