«Ёсць куды скачвацца». Ці выльюцца канфлікты вакол Косава, Тайваню і Украіны ў трэцюю сусветную


Вайна ва Украіне трывае ўжо больш за пяць месяцаў. Пры гэтым у свеце ўзнікаюць новыя пункты напружання. Карэспандэнты «Белсату» разам з экспертамі разбіраліся, ці пагражае ўсё гэта перарасці ў новы глабальны канфлікт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эвакуацыя мірнага насельніцтва з Данецкай вобласці цягніком «Пакроўск – Львоў». Пакроўск, Украіна.
Фота: Сельхуда / Белсат

24 лютага Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. І хоць расейскія войскі так і не здолелі за абяцаныя тры дні захапіць Кіева, канфлікт трывае. Надалей гінуць людзі, разбураюцца гарады. Вялікія праблемы зазнала і сусветная эканоміка.

Адначасова з гэтым Расея стварае напружанне і ў іншых краінах. Абяцае праблемы Малдове з Прыднястроўем, абмяркоўвае рэферэндум у Паўднёвай Асеціі ды пагражае Сувалкскаму калідору на мяжы Польшчы і Літвы. Гучаць і пагрозы Казахстану ды ўсім іншым суседнім краінам.

Напаляюць сітуацыю і краіны, якія Расея лічыць сваймі саюзнікамі. Гэтак, днямі ледзь не пачаўся памежны канфлікт паміж Сербіяй і Косавам, які пакуль адкладзены на месяц.

Аналітыка
Дыктатары, тэрарысты і сепаратысты. Хто падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны
2022.03.28 19:46

Кітай абяцае захапіць Тайвань, праводзіць вакол яго вайсковыя вучэнні і нават пагражаў збіць самалёт са спікеркаю Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі.

Таксама абвастраецца канфлікт у Нагорным Карабаху. Чарговыя сутыкненні адбываюцца паміж Ізраілем і Палестынаю.

Наколькі імавернае зліццё гэтых канфліктаў у адзін гэтак, як гэта было, напрыклад, у часе Другой сусветнай вайны, дзе з аднаго боку апынецца ўмоўны прарасейскі, або прааўтарытарны лагер, а з другога – праамерыканскі, або прадэмакратычны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Візіт спікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі (злева) на Тайвань.
Фота: Chien Chih-Hung / Taiwan President / Zuma Press / Forum

Абвастрэнняў будзе больш

У каментары «Белсату» Алена Кудзько, дырэктарка даследчага інстытуту «Globsec», адзначыла, што «пэўнае раздваенне міжнароднай сістэмы будзе працягвацца, але даволі малаверагодна, што праз пару дзён мы ўсе прачнёмся ў гарачай трэцяй сусветнай». Разам з тым, дадала экспертка, з улікам патэнцыйных наступстваў «і 10 % верагоднасць сусветнага канфлікту – занадта высокая і занадта турбуе».

«Кітай, Расея актыўна намагаюцца прасунуць свае ўмовы і сваё бачанне міжнародных стасункаў. Таму і абвастрэнняў будзе больш. Але нават калі назіраецца абвастрэнне ў пэўнай краіне ці рэгіёне, яно не абавязкова перарасце ў вайсковы канфлікт (абсалютная большасць абвастрэнняў не канчаецца актыўным ваенным канфліктам). Але гэта ўсё ж азначае, што верагоднасць памылковага і незапланаванага больш шырокага канфлікту таксама ўзрастае. Больш змястоўны канфлікт і амаль непазбежны падзел будзе пашырацца ў сферы эканомікі, тэхналогіяў, інфармацыйнай прасторы», – мяркуе Алена Кудзько.

Аналітыка
Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?
2022.04.26 18:27

У сваю чаргу дырэктар даследчага цэнтру «EAST Center» Андрэй Елісееў адзначыў, што падзел лагераў на прадэмакратычны і прарасейскі даволі штучны, бо дыктатуры прысутнічаюць з абодвух бакоў:

«На бліжэйшую будучыню два найбольш канфліктныя рэгіёны, дзе найбольш канфлікты магчымыя, – гэта постсавецкая прастора і Блізкі Усход. І калі браць Блізкі Усход, то там – варагаванне Ірану і Саудаўскай Аравіі, дзвюх дыктатураў».

Найбольшая пагроза ад Кітаю

Кацярына Шмаціна, даследніца «Virginia Tech», адзначае, што ў свеце ўвесь час адбываюцца канфлікты і «перыяду суцэльнага спакою няма».

«Але сённяшняя напружанасць адметная тым, што Расея наважылася на перадзел рэгіёну пасярод белага дня», – кажа палітолаг.

На думку Кацярыны, за вайною ва Украіне пільна назірае КНР, «падлічваючы, якая будзе рэакцыя міжнароднай супольнасці, калі Кітай таксама наважыцца на аднабаковы перадзел свайго рэгіёну, будзь то, напрыклад, напад на Тайвань або выцісканне амерыканскага флоту з Паўднёва-Кітайскага мора». І менавіта Кітай, «які вельмі шчыльна супернічае з ЗША за права быць наймагутнейшаю дзяржаваю свету», уяўляе найбольшую пагрозу для статус-кво, падкрэсліла экспертка.

«Сённяшняя вайна – вялікае выпрабаванне для міжнароднай супольнасці, правяранне на трываласць інстытуцыяў кшталту ААН і наймацнейшых дзяржаваў кшталту ЗША, а таксама кансалідацыі (або яе адсутнасці) з боку краінаў дэмакратычнага свету. Я кажу не толькі пра трансатлантычны блок, але і іншыя дэмакратыі – Японія, Індыя, Бразілія ды іншыя», – адзначыла палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайскі праект «Адзін пояс – адзін шлях» даўно крытыкуюць за рызыкі бяспекі. На здымку – порт Эрлянь на поўначы Кітаю, важны вузлавы горад у праекце «Адзін пояс – адзін шлях».
Фота: Guopngjie / Zuma Press / Forum

Тым не менш Пекін наўрад ці ўступіць у поўнамаштабнае вайсковае супрацьстаянне, бо, «у адрозненні ад Масквы, мае стратэгічнае цярпенне, рацыянальнасць і дзеіць больш стрымана, пашыраючы свой уплыў менавіта праз эканамічныя стасункі».

Аднак кітайскі праект «Адзін пояс – адзін шлях» даўно крытыкуюць за рызыкі бяспекі. У тым ліку і таму, што інфраструктурныя аб’екты, якія дапамагае будаваць Кітай у Пакістане, Шры-Ланцы, можа быць выкарыстаны ў вайсковых мэтах, распавяла палітолаг.

«Захапіць што-небудзь яшчэ»

Што датычыць постсавецкай прасторы, то, на думку Алены Кудзько, Крэмль наўрад ці спыніцца на ўжо захопленых тэрыторыях. Яна мяркуе, што наступнай ахвярай Расеі, калі войскі РФ здолеюць прасунуцца далей на поўдні Украіны, можа стацца малдаўскае Прыднястроўе. Дырэктарка даследчага інстытуту «Globsec» падкрэсліла, што Расея не мае рэсурсаў адкрываць другі фронт:

«Нават калі вайна ва Украіне падзамарозіцца, спатрэбіцца пэўны час, каб замясціць страчаныя войскі, тэхніку, зброю, перастроіць эканоміку на падтрыманне ваенных дзеянняў і прыстасавацца да санкцыяў. Шмат будзе залежыць ад таго, наколькі ўкраінцы змогуць адваяваць тэрыторыю і якія страты нанясуць расейцам. Крэмль спадзяецца, што Еўропа пачне мерзнуць без расейскага газу даволі хутка, і ўзрушаныя інфляцыяй ды холадам еўрапейцы перастануць дапамагаць Украіне. Наступны ключавы этап можа адбыцца дзесьці перад 2024 годам. У Расеі будзе дастаткова часу аднавіць вайсковыя рэсурсы і перастроіцца, шмат якія еўрапейскія краіны пройдуць праз выбары, ЗША будуць занятыя сваймі прэзідэнцкімі выбарамі з вельмі непрадказальным вынікам: гэта могуць быць добрыя варункі для Расеі паспрабаваць захапіць што-небудзь яшчэ».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец ЗСУ фатаграфуе разбураны жылы дом, пасля таго як горад пакінулі расейскія вайскоўцы. Барадзянка, Украіна.
Фота: Эдуард Крыжаноўскі / Вот Так

«Рацыянальныя довады скончыліся»

Падобнай думкі прытрымліваецца і Кацярына Шмаціна. Яна нагадала, што «Расея прадэманстравала сумнеўныя поспехі ва Украіне, відавочна, недаацэньваючы слабасці ўласнай арміі ды моцы суперніка».

«І калі Расея развяжа яшчэ некалькі канфліктаў па суседстве, гэта можа аслабіць менавіта Расею, бо кожны канфлікт будзе прыносіць новыя рызыкі, непадуладныя Крамлю. І наўрад ці, напрыклад, краіны – удзельніцы АДКБ патрымаюць Маскву ў гэтых дзеяннях», – заявіла палітолаг.

Аналітыка
«Гэта будзе трэцяя сусветная». Што кажуць чыноўнікі, медыі і жыхары Літвы пра магчымы напад Расеі
2022.06.29 16:07

Гэтак, пагражаючы Літве, Расея адначасова перакідвае войскі з Калінінграду для ўдзелу ў вайне з Украінаю, бо «ім не стае рэсурсаў у гэтым напрамку». Таксама і краіны NATO «больш кансалідаваныя ў параўнанні з мінулымі гадамі – у плане разумення неабходнасці абароны на ўсходнім флангу».

«Іх агульная стратэгія цяпер – падтрымаць Украіну і выпрацаваць рашэнні, якія аслабяць Расею, каб тая была не здольная весці вайны. Гаворка не пра чалавечыя страты расейскай арміі, а пра ціск на эканамічныя рэсурсы краіны, – адзначыла Кацярына Шмаціна. – Пасля 24 лютага рацыянальныя довады ў Крамля скончыліся. І далейшае вядзенне вайны кіруецца не логікай, у разліку, што Расея можа выйграць ад такіх дзеянняў, а імперскім ажыятажам, не зважаючы на страты. Таму цалкам выключаць расейскую агрэсію і выкарыстанне, напрыклад, ядравай зброі нельга».

Фактар Расеі неабавязковы

У сваю чаргу Андрэй Елісееў не выключае, што бліжэйшымі гадамі чарговыя канфлікты на постсавецкай прасторы – ад Прыднястроўя і да Цэнтральнай Азіі – могуць пачацца нават без актыўнага ўдзелу Расеі. Гэтак, у Нагорна-Карабхскім канфлікце РФ хоць і ўскосна задзеяная, але не ёсць галоўным акторам.

«У цэнтральнаазіяцкіх краінах таксама ёсць мноства ўнутрыпалітычных чыннікаў, якія могуць справакаваць канфлікты. Ці ўзяць, напрыклад, памежны канфлікт паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам. Неабавязковы фактар Расеі, але ён цяпер вельмі важны, асабліва што да тэрыторыі вакол Украіны», – заявіў эксперт.

Аналітыка
«Палітычная інтрыга збанкрутаванага рэжыму». Чаму Паўднёвая Асеція перадумала далучацца да Расеі
2022.05.31 18:23

«Разлік не апраўдваецца»

А вось у стварэнні цэлых антызаходніх вайсковых саюзаў, кшталту восі Берлін – Рым – Токіа падчас Другой сусветнай вайны, эксперты сумняюцца.

«Мне здаецца, разлік Расеі на тое, што дыктатуры кшталту Ірану і Кітаю пачнуць больш актыўна праяўляць сябе, напэўна, не апраўдваецца. Наўрад ці бліжэйшым часам верагодны нейкі надта вялікі глабальны канфлікт, як у Другую сусветную», – заявіў Андрэй Елісееў.

Паводле эксперта, не відаць, «каб той жа Кітай планаваў ажно такія надта стратэгічныя антызаходнія стасункі з Расеяй».

«Ёсць даволі блізкія стасункі і пэўная гульня на антызаходніх сентыментах, але прынамсі на найбліжэйшую будучыню не відаць, што ўтворыцца пэўная вось», – падкрэсліў дырэктар даследчага цэнтру «EAST Center».

Аналітыка
Чаму Тайвань стаў «парахавой бочкай» праз візіт Пэлоўсі і чым гэта можа скончыцца
2022.08.03 16:39

Тым не менш, мяркуе Алена Кудзько, «за прыязнасці» іншых краінаў, у тым ліку эканамічныя і тэхналагічныя стасункі, будзе адбывацца барацьба, якая крыху нагадвае халодную вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія міратворцы ў Лачынскім калідоры – 6-кіламетровым горным калідоры, які злучае Арменію і Нагорны Карабах.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

«Ужо цяпер і расейскія, і кітайскія, і заходнія дыпламаты амаль навыперадкі едуць у краіны Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі. А гэтыя краіны, вядома, хацелі б мець найлепшае з усіх бакоў, чым абіраць паміж імі, і таму будуць актыўна гандлявацца», – заявіла палітолаг.

У прыватнасці Індыя хоць і бачыць вялікую пагрозу з боку Кітаю, але пры гэтым ёсць антыамерыканскаю краінай і актыўна прасоўвае адраджэнне «восі нейтральных» краінаў. Таксама і Сербія актыўна імкнецца захаваць добрыя эканамічныя стасункі з Захадам, што немагчыма «без хоць якіх прыстойных палітычных стасункаў».

Аналітыка
Косава, Сербія і міні-Пуцін. Што гэта было і ці можа з’явіцца на Балканах новы гарачы пункт?
2022.08.01 19:35

Калі сінхранізацыя Кітаю з Расеяй усё ж адбудзецца, гэта «створыць найперш Кітаю дадатковыя магчымасці дыктаваць свае ўмовы іншым», падкрэсліла Алена Кудзько.

«Усякае можа быць»

Тым не менш эксперты пакуль не называюць тых працэсаў, што адбываюцца на планеце, трэцяю сусветнаю вайною.

«Ідзе глабальнае расслаенне і канфрантацыя вельмі розных, часам несумяшчальных падыходаў да арганізацыі грамадства і жыцця індывідуумаў. Я ўстрымліваюся ад тэрміну «вайна», бо сённяшняй канфрантацыі яшчэ ёсць куды скачвацца», – сказала Алена Кудзько.

Аднак, мяркуе Андрэй Елісееў, перадумовы для трэцяй сусветнай усё ж ёсць, а ў сярэдняй перспектыве наагул «ўсялякае можа быць».

Hавiны
Расея хоча стварыць яшчэ адно Прыднястроўе на Балканах
2022.01.26 22:19

У сваю чаргу Кацярына Шмаціна адзначыла, што пабачыць паралелі можна не толькі з 1939 годам, але і з вайною СССР у Афганістане:

«Гэтая вайна сталася адным з фактараў распаду Саюзу праз эканамічныя страты і праз рост руху за незалежнасць у СССР і грамадскую незадаволенасць чалавечымі стратамі ад вайны».

Палітолаг не выключае: калі вайна ва Украіне будзе зацягвацца, а колькасць ахвяраў і стратаў расці, падтрыманне расейцамі дзеянняў свайго ўраду можа змяніцца на незадаволенасць. І гэта можа быць адным з фактараў ціску на будучыя рашэнні Крамля, заключыла Кацярына Шмаціна.

Беларусь жа, калі ў свеце будуць з’яўляцца вялікія канфліктныя сітуацыі, не толькі ў вайсковым плане, але і вялізныя сацыяльна-эканамічныя ці міграцыйныя забурэнні, будзе надалей «траціць сваю актуальнасць для міжнароднай супольнасці», мяркуе Андрэй Елісееў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў