Ёсць чым пахваліцца. Што зрабілі беларускія дэмакратычныя сілы за два гады


Мінулі два гады з пачатку беларускай рэвалюцыі ў 2020 годзе. За гэты час паўстала шмат розных ініцыятываў і арганізацыяў дэмакратычных сілаў. І нават шырэй – вызвольнага руху. Працягвалі працу і старыя арганізацыі. Карэспандэнты «Белсату» папрасілі іх прадстаўнікоў падвесці прамежкавыя вынікі сваёй працы за два гады.

Мы звярнуліся амаль да трох дзясяткаў ініцыятываў. Але адказы атрымалі толькі прыблізна ад паловы з іх. Хтосьці праігнараваў нашыя звароты, хтосьці, паабяцаўшы адказаць, гэтага не зрабіў. А хтосьці, як лідары КХП БНФ Зянон Пазняк і «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, папросту адмовіліся адказваць на пытанні.

Прыводзім адказы тых, хто пагадзіўся распавесці пра сваю дзейнасць за 20202022 гады.

Офіс Святланы Ціханоўскай (ОСЦ)

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай, распавёў, што Офіс два гады працуе, пашырае свой функцыянал і паляпшае кампетэнцыі, каб Святлана Ціханоўская ўмацоўвала легітымнасць і магла яе выкарыстоўваць для дапамогі беларусам:

«На прыкладзе Расеі мы бачым, як гэта, калі ў часткі грамадства, якая не падзяляе палітыкі дзяржавы, няма свайго прызнанага прадстаўніка, вакол каго можна яднацца. Расейцаў раўняюць з Пуціным, у вачах усяго свету Расея – нацыя-агрэсар. У тых расейцаў, што супраць вайны, цяпер няма голасу. У нас жа ёсць легітымны прадстаўнік, прызнаны ў Беларусі і міжнароднаю супольнасцю. У міжнароднай дыпламатыі адбываецца вельмі рэдка, калі палітыка, які кінуў выклік дыктатуры, рэгулярна прымаюць на самым высокім узроўні, а такія аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, як Рада Еўропы, прымаюць нашую прапанову працаваць увесь час і наўпрост з беларускім дэмакратычным рухам як з дзяржаваю. Такую працу мы вядзём у межах ААН, АБСЕ, іншых міжнародных арганізацыях».

Святлана Ціханоўская.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле Кавалеўскага, Ціханоўская з «палітыка-знака» ўсё больш робіцца «палітыкам-практыкам»: «Змагаецца за свабоду перамяшчэння беларусаў, якіх Лукашэнка ўцягнуў у вайну, лабіюе магчымасці для адукацыі беларускіх студэнтаў, ладзіць стыпендыі і супольнасці для навуковай працы, спаборніцтваў, павышэння кваліфікацыі і ліцэнзавання медычных работнікаў, збірае сродкі на дапамогу семʼям палітвязняў, грамадзянскай супольнасці і медыяў. Разам з замежнымі дзяржавамі мы ствараем структуры, у якіх Офіс, іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху на роўных абмяркоўваюць нашыя праблемы і шукаюць шляхі іх развязання. Гэта легітымны прадстаўнік нацыі, які на міжнародных сустрэчах, дзе пытанне Беларусі хочуць забыць і не згадваць, не дазваляе зрабіць нашую краіну разменнаю манетай і прымушае лічыцца з голасам беларусаў. Калі дойдзе да перамоваў пра завяршэнне вайны ва Украіне, прызнаны прадстаўнік народу і нацыянальны лідар будзе асабліва важным рэсурсам для нашай дзяржавы».

Офіс лічыць поспехам захаванне сувязяў паміж людзьмі ўнутры краіны (падпольныя структуры і супольнасці), дзякуючы якім «падчас новага акна магчымасцяў будзе каму ім скарыстацца». Таксама «ўдалося зарганізаваць устойлівы міжнародны ціск на Лукашэнку і рэжым, у выніку якога ён страціў легітымнасць не толькі ў Беларусі, але і ў свеце». Апроч таго, арганізаваны эканамічны ціск, распрацаваныя механізмы аднаўлення справядлівасці (сабраныя дакументы, пачатыя расследаванні ў межах універсальнай юрысдыкцыі, праведзенае расследаванне захопу самалёта).

Офіс Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. Травень 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Нам удалося стварыць вялікую кааліцыю дэмакратычных краінаў супраць рэжыму, якая дапамагае грамадзянскай супольнасці Беларусі (медыям, праваабаронцам, НДА) у яе барацьбе і распрацавала Усёабдымны план дапамогі дэмакратычнай Беларусі, фактычна План Маршала для нашай краіны, які дапаможа пазбегнуць узрушэнняў і дазволіць хутка перайсці да аднаўлення і развіцця эканомікі ды іншых сфераў развіцця краіны. Арганізаванае рыхтаванне да транзіту: выпрацоўваецца архітэктура дзяржаўнага ладу і тыя рашэнні, якія трэба будзе прыняць і выканаць для пераходу Беларусі да дэмакратычнага кіравання», – адзначае Кавалеўскі.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: Каардынацыйная рада, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), BYPOL, пратэставыя дваравыя ініцыятывы ў Беларусі, праваабарончыя арганізацыі, фонды, незалежныя медыі і НДА.

«Самыя галоўныя нашы партнёры – гэта самі беларусы. Мінулі два гады, але нам усё яшчэ дапамагаюць сотні валанцёраў з рознымі прафесійнымі навыкамі. Многія з іх робяць гэта, усё яшчэ застаючыся ў Беларусі! Гэта кожны раз неверагодна натхняе. Я спрабую ўявіць, якой смеласці гэта патрабуе, якой веры, і кожны раз разумею, што нельга спыняцца: гэтыя людзі заслугоўваюць лепшую краіну», – распавяла Святлана Ціханоўская.

BYPOL

У Аб’яднанні сілавікоў Беларусі BYPOL сярод дасягненняў назвалі сабраную базу доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку ў адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў, на падставе якіх у межах міжнароднай юрысдыкцыі ў Польшчы і Літве расследуюцца крымінальныя справы.

На падставе доказаў ад BYPOL і нададзенага доступу да базаў звестак Управа ААН у пытанні правоў чалавека сёлета апублікавала даклад аб сітуацыі ў Беларусі ў кантэксце выбараў 2020 года, апісаўшы сур’ёзныя парушэнні правоў і свабодаў.

Распрацаваная ўласная сістэма распазнання асобаў, «дзякуючы якой могуць быць апазнаныя ўсе злачынцы ў пагонах, якія спрыялі захопу ўлады ў Беларусі Лукашэнкі, у тым ліку і з маскамі на тварах».

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу і былы выкладчык акадэміі МУС. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Распрацаваны мабілізацыйны план «Перамога», «закліканы аднавіць у Беларусі законнасць і правапарадак, пераход Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця, правядзенне новых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў пад кантролем сусветнай супольнасці на падставе дэмакратычных прынцыпаў». Да плану далучыліся каля 200 тысячаў беларусаў, кажуць у BYPOL.

Удзельнікі плану сёлета правялі акцыі рэйкавай вайны, якія спачатку спынілі, а пасля запаволілі рух расейскіх цягнікоў, што спрыяла спыненню наступу расейскіх войскаў на Кіеў. А ў некалькіх краінах ЕЗ прайшлі адмысловыя трэнаванні беларусаў, падрыхтаваныя больш за 100 асобаў для ўдзелу ў адмысловых аперацыях плану «Перамога».

Праведзеныя 38 расследаванняў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку па факце забойства Рамана Бандарэнкі і арганізацыі правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: ОСЦ, НАУ, Рабочы рух, Кіберпартызаны, «Супраціў».

Кіберпартызаны

Кіберпартызаны сярод найважнейшых дасягненняў назвалі чатыры атакі на ўнутраныя сістэмы Беларускай чыгункі, у тым ліку пасля пачатку вайны ва Украіне:

«Дзве апошнія атакі вывелі са строю маршрутызатары, паралізавалі сістэму дыспетчарскай цэнтралізацыі «Нёман», адключылі аўтаматызаваную сістэму «Аўтадыспетчар» і іншае спадарожнае праграмнае забеспячэнне. Чыгунка перайшла ў ручны рэжым кіравання. З дапамогай атак на БЧ удалося спыніць рух расейскіх вайсковых эшалонаў на некаторы час і даць украінцам больш часу для адбіцця атак з боку Беларусі».

Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі і прадстаўніца Кіберпартызанаў Юліяна Шаметавец на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Таксама яны згадалі ўзлом унутраных базаў звестак і масавыя публікацыі асабістых звестак АМАПу, СК, КДБ і стварэнне агульнанацыянальнай базы звестак, публікацыя праслухоўвання сілавікоў і перадача размоваў, звестак ды іншай інфармацыі пра злачынцаў рэжыму, якою розныя ініцыятывы карыстаюцца для расследаванняў.

Пастаянна наносіцца шкода рэжыму праз атакі на дзяржаўныя інстытуты і прарэжымныя арганізацыі ды кампаніі (Акадэмія пры прэзідэнту, «Магілёўтрансмаш» і «Беларуськалій»).

Распрацаваная бяспечная прылада для сувязі ды атрымання навінаў – Партызанскі Тэлеграм.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: BYPOL, НАУ, тэлеграм-каналы «Черная книга Беларуси», «Каратели Беларуси».

Полк «Пагоня»

Падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў, полк «Пагоня» ставіць перад сабою задачу трэнаваць і навучаць адважных беларусаў, каб на вайне яны не былі гарматным мясам, а паспяхова выконвалі баявыя задачы.

«Больш за тое, рыхтаванне павінна дазваляць ім уступаць у склад ЗСУ Украіны, каб працягваць адточваць там сваё баявое майстэрства. Задача рыхтавання і адпраўлення ў ЗСУ Украіны выкананая, на гэты момант нашыя «выпускнікі» паспяхова абараняюць Украіну ад акупантаў», – распавёў памочнік камандзіра палка Вадзім Пракопʼеў.

Паводле яго, таксама створаная лёгка маштабаваная мадэль, на базе якой пры наяўнасці палітычных і людскіх рэсурсаў можна стварыць значна большую вайсковую частку. Полк пашыраецца за кошт стварэння падраздзялення аэравыведкі, рыхтавання ваенных медыкаў. Таксама разам са спецыялістамі палка Кастуся Каліноўскага створаны аналітычны аддзел.

«Яшчэ адна важная мэта нашага падраздзялення – прыцягненне кадравых афіцэраў, якія раней былі на службе ў ЗС Беларусі, а таксама рыхтаванне новага афіцэрскага складу для будучых Узброеных сілаў Новай Беларусі», – распавёў Пракоп’еў.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: Кіберпартызаны, «East European Strategic Forum», вайскова-палітычны рух «Сіла і воля» ў Беларусі, арганізацыя чэшскай дыяспары «Praga Support Team», Беларускі фонд спартовай салідарнасці, BYSOL.

BYSOL

Асноўныя вынікі дзейнасці ініцыятывы падвёў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак:

«Гэта тысячы людзей, якія атрымалі дапамогу. Тысячы людзей, якія навучыліся карыстацца бяспечнымі механізмамі ўвядзення грошай у Беларусь – у першую чаргу крыптавалютнымі. Тысячы людзей, якія даведаліся, што беларус беларусу – беларус і можа адно аднаму дапамагаць».

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Цяпер асноўныя кірункі дзейнасці BYSOL уключаюць:

  • падтрыманне людзей у Беларусі (сем’яў палітычных вязняў, вызваленых палітычных вязняў);
  • падтрыманне ініцыятываў, якія працуюць у Беларусі і рэалізуюць праекты на карысць грамадства нават у сённяшніх умовах;
  • тэрміновая эвакуацыя, якая значна ўскладнілася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

«Асноўны наш механізм – гэта сайт bysol.org, дзе людзі могуць адкрыць свае ініцыятывы і сабраць грошы на тое, што ім трэба. Проста можна зайсці на сайт, націснуць на «Дапамагчы» або «Атрымаць дапамогу» і атрымаць вычарпальную інфармацыю пра тое, што мы можам зрабіць і як можам дапамагчы», – распавёў Андрэй Стрыжак.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: ОСЦ, структуры беларускай дыяспары за мяжою (перадусім – Даніі, Чэхіі ды ЗША), фонд «BY_help», BYPOL, «INeedHelpBY», «Вясна» ды іншыя праваабаронцы.

«Сумленныя людзі»

У ініцыятыве «Сумленныя людзі» дапамагаюць беларусам пашыраць свае веды ў праве і ўжываць іх на практыцы, распрацоўваюць і рэалізуюць кампаніі грамадзянскага актывізму.

«Мы запусцілі і вядзём праекты, накіраваныя на падтрыманне, арганізацыю і абʼяднанне грамадзянскай супольнасці, рэалізуем асветніцкія кампаніі: антыпрапаганда, «Дыялог з народам», «Сумленны ўніверсітэт», Хаб Перамен, кампанія «Народная Канстытуцыя», «Вы нас нават не ўяўляеце» ды іншыя. З антыпрапагандаю мы пачалі фокусна працаваць пасля пачатку вайны: распавядаем беларусам, як пераконваць схільных да прапаганды сваякоў, даём гайды наладжвання YouTube для блізкіх, разам з Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам) робім фільмы», – кажуць у ініцыятыве.

Акцыя настаўнікаў
Падчас акцыі падтрымання сумленных настаўнікаў у Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат / Vot-tak

Разам з ініцыятываю «Zubr» і платформаю «Голас» падрыхтавалі ў 2020 годзе справаздачу пра фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а затым ініцыявалі кампанію «Перакрэслі рэферэндум – перакрэслі беззаконне», да якой удалося далучыць «шырокую аўдыторыю грамадзянаў Беларусі».

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: ОСЦ, Каардынацыйная рада, НАУ, ініцыятыва самвыдату «Байпрасвет», «Zubr», платформа «Голас», школа маладых менеджараў SYMPA.

Беларуская рада культуры

За ўвесь час існавання Беларуская рада культуры паспрыяла вырашэнню каля 700 кейсаў дапамогі творцам. Толькі за апошнія тры месяцы да яе звярнуліся 126 асобаў, што маюць дачыненне да культуры, 119 з іх атрымалі кансультацыі рознага кшталту, у тым ліку псіхалагічныя. Таксама за апошнія тры месяцы Рада была пасярэднікам у атрыманні 60 візаў, 37 асобаў ды іхныя сем’і падтрымала фінансава, паспрыяла рэалізацыі 22 творчых праектаў.

Ініцыятыва актыўна брала ўдзел у працэсе выключэння Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу і паспрыяла дыскваліфікацыі ўдзельніка ад Беларусі з «Еўрабачання-2021». Рада таксама звярнула ўвагу прафесійнай супольнасці на Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», які пасля пазбавілі акрэдытацыі Міжнароднай федэрацыі асацыяцыяў кінапрадзюсараў.

На маршы міру і незалежнасці тысячы чалавек у сталіцы выйшлі на вуліцы з «віншаваннямі для так званага прэзідэнта». Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У ліку нядаўніх медыякампаніяў згадаем #BelarusWithUkraine, мэтай якой стала планамернае асвятленне дапамогі ўкраінцам з боку беларусаў, акцэнт на салідарнасці беларусаў з украінцамі ды адрознасці пазіцыяў рэжыму Лукашэнкі ад беларускага народу. І яе вынікі ўражваюць: за тры месяцы кампаніі ролікі з нашым гэштэгам толькі ў TikTok паглядзелі больш як 4,4 млн разоў, прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці былі запрошаныя на эфіры і марафоны ўкраінскага тэлебачання, іх трансляцыі сабралі мільёны праглядаў у YouTube», – заяўляюць у Радзе.

У межах падтрымання беларускай культуры ў пачатку ліпеня ў Варшаве стартавалі Міжнародныя дні беларускай культуры. Сёння яны ўключаюць каля 80 імпрэзаў у 37 гарадах 16 краінаў.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: Арганізацыі беларускай дыяспары, ОСЦ, Павел Латушка і НАУ.

Народныя амбасады

Народныя амбасады ўзніклі ў снежні 2020 года «як адказ на тое, што рэальныя амбасады Беларусі дэ-факта перасталі працаваць», зазначае  Міхаіл Рубін, адзін з каардынатараў праекту. Сёння ў розных краінах існуюць 17 народных амбасадаў і консульстваў. У шэрагу краінаў наладжаныя вельмі шчыльныя кантакты з МЗС, грамадскімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі і лідарамі.

«У рэзалюцыі Еўрапейскага парламенту быў заклік да ўсіх краінаў – чальцоў Еўразвязу надаваць народным амбасадам усю магчымую дапамогу, каб яны маглі рэпрэзентаваць беларускія дэмакратычныя сілы ў краінах, у якіх мы ёсць», – распавядае Рубін.

Ініцыятыва бачыць сябе «працоўным канём, які робіць тое, што не могуць зрабіць іншыя». У Беларусі шмат на каго з яе прадстаўнікоў завялі крымінальныя справы за «незаконнае прысабечванне дыпламатычнага чыну».

Таксама пра ініцыятыве працуе школа народнага дыпламата, у якой можна атрымаць практычныя навыкі.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: прафесійныя дыпламаты з НАУ і ОСЦ (Уладзімір Астапенка, Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Дзяніс Кучынскі).

Рух «За свабоду»

РЗС з самога пачатку браў актыўны ўдзел ува ўсіх падзеях выбарчай кампаніі, пачынаючы з вылучэння кандыдата і працягваючы ўдзелам у каардынацыі дваравых і гарадскіх актыўнасцяў у часе пратэстаў восені-2020.

«Пацвярджаюць гэта сотні адміністратыўных і некалькі дзясяткаў крымінальных справаў супраць актывістаў руху. Пасля пазбаўлення афіцыйнай рэгістрацыі нам давялося сканцэнтравацца на дзейнасці з-за мяжы, якая ўключае ў сябе дапамогу з сябрам руху, пацярпелым ад рэпрэсіяў ці вымушаным з’ехаць, удзел у антываеннай кампаніі, працу над праграмамі рэфармавання, якія спатрэбяцца ў вольнай Беларусі», – распавёў кіраўнік Юрый Губарэвіч.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: Правацэнтрысцкая кааліцыя (РЗС, БХД і АГП), міжпартыйная пляцоўка «Паглыблены дыялог», НАУ, ОСЦ, Каардынацыйная рада.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

«11 сябраў асуджаныя і чакаюць суда паводле крымінальных артыкулаў, разгромлены партыйны офіс у Магілёве, штраф за афіцыйна зарэгістраваную сімволіку (партыйны сцяг), афіцыйнае папярэджанне партыі, крымінальная справа супраць партыйнага часопісу «Пазіцыя», спроба сілавікоў выбіць дзверы ў сталічным офісе, больш за 150 адміністратыўных справаў на сябраў партыі – вось невялічкі спіс нашых «дасягненняў». На фоне гэтага пра дасягненні ў палітыцы казаць не выпадае», – паведаміў старшыня БСДП(Г) Ігар Барысаў.

Ігар Барысаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Менск, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Апошняю буйною падзеяй за межамі офісу стаўся Форум левых дэмакратычных сілаў у лютым 2021 года, які сабраў каля 200 удзельнікаў. Цяпер ідуць дзве інфармацыйныя кампаніі, распрацоўваюцца праекты і канцэпцыі законаў, адбываюцца адукацыйныя і статутныя падзеі.

З кім супрацоўнічаюць: Арганізацыі, уключаныя ў распрацоўку «Рэанімацыйнага пакета рэформаў». Супраца на іншых пляцоўках спыненая праз небяспекі для арганізацыі і актывістаў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя

У АГП адзначылі, што партыя надалей захавала структуру, офісы. Практычна ўсе яе лідары застаюцца ў краіне, акрамя тых, хто працуе ў Офісе Святланы Ціханоўскай (Ганна Красуліна, Аляксандр Дабравольскі і Анатоль Лябедзька).

«Нашыя дасягненні – гэта актыўная пазіцыя, мужны супраціў рэпрэсіям і працяг працы для таго, каб Беларусь стала дэмакратычнаю краінаю», – паведамілі ў АГП.

Вялікая колькасць чальцоў прайшла праз содні, частка з’ехала за мяжу ад пераследу. За кратамі застаюцца лідар АГП Мікалай Казлоў, лідарка менскай гарадской арганізацыі Аксана Аляксеева, былая намесніца старшыні партыі Антаніна Кавалёва, блогер Аляксандр Кабанаў, праваабаронца Леанід Судаленка, актывісты Артур Смалякоў, Андрэй Асмалоўскі, Дзіяна Чарнушына, Уладзімір Няпомняшчых, Андрэй Кудзік, Рамуальд Улан, Аляксандр Нагела. Некалькі чалавек ужо выйшлі на волю або застаюцца на «хатняй хіміі» (Сяргей Альшэўскі, Марк Бернштэйн).

«Пры гэтым партыя працягвала працу, праходзілі сустрэчы з людзьмі, ішлі абмеркаванні сітуацыі, праграмы партыі, неабходных рэформаў. Аднак 27 ліпеня пачаўся новы масавы наезд», – адзначаюць прадстаўнікі партыі.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: ОСЦ, партнёры ў дэмакратычным руху з іншых апазіцыйных палітычных партыяў.

Беларуская хрысціянская дэмакратыя

Дзеянні хрысціянскіх дэмакратаў накіраваныя на падтрыманне палітычных вязняў, у тым ліку з арганізацыйнага камітэту БХД (сустаршыні Паўла Севярынца, Таццяны і Дзмітрыя Канеўскіх, Эмы Сцепулёнак), а таксама іхных сем’яў. Таксама хрысціянскія дэмакраты бяруць удзел у ініцыятывах іншых дэмакратычных сілаў.

«Мы захавалі структуры аргкамітэту партыі. Частка актыву, найперш каардынатары, былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, але касцяк хрысціянскай дэмакратыі ды актывістаў засталіся ў аргкамітэце. Па-ранейшаму захоўваем сувязі і праводзім тую дзейнасць, якую магчыма праводзіць у гэтых умовах. Частка людзей, якая з’ехала, таксама працягвае сваю дзейнасць», – паведамілі ў аргкамітэце БХД.

Павел Севярынец.
Фота: Белсат

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: Каардынацыйная рада, ОСЦ, кампанія развіцця мясцовага самакіравання «КАТОС», незалежныя прафсаюзы, паплечнікі з Правацэнтрысцкай кааліцыі.

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада

«Пасля 2020 года, мы вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасцях. Але мы засталіся ў Беларусі і захавалі структуры. Усе астатнія працэсы, у якіх мы бяром удзел, пакуль не прынеслі вынікаў, але лёс палітычных вязняў і будучыня Беларусі для нас, нягледзячы на ўсю складанасць, застаюцца прыярытэтнымі задачамі», – распавёў кіраўнік БСДГ, экс-кандыдат на прэзідэнта Сяргей Чэрачэнь.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічаюць: Прафсаюз РЭП, які цяпер у стадыі ліквідацыі.

Ганна Канапацкая

Экс-кандыдатка на прэзідэнта Ганна Канапацкая заявіла, што найбольш важнае яе дасягненне – перамога на прэзідэнцкіх выбарах – «яшчэ наперадзе».

«Пра астатнія мае дасягненні – і ў якасці апазіцыйнага палітыка, і ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў, і ў якасці адзінага прабеларускага кандыдата на «выбарах» 2020 года – патрыятычна настроеныя грамадзяне нашай краіны і адказныя еўрапейскія палітыкі за яе межамі добра ведаюць, таму яны ў дадатковых пераліках не маюць патрэбы», – сказала яна.

З кім найбольш актыўна супрацоўнічае: Грамадскі цэнтр заканадаўчых ініцыятываў, Партыя БНФ, Палата прадстаўнікоў Беларусі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў