Вандроўнік з інваліднасцю Саша Аўдзевіч адкрые ў Варшаве інклюзіўную кавярню


Вядомы сацыяльны прадпрымальнік з Ліды Саша Аўдзевіч праехаў на сваім легендарным хэндбайку каля 7000 км за паўгода і збіраецца цяпер адкрыць у Варшаве сетку інклюзіўных кавярняў. На сустрэчы ў «Беларускім моладзевым хабе» Саша расказаў, якую каву варыў Святлане Ціханоўскай у Капенгагене і чаму не ўдалося запарыць «прарочы» кубачак для суддзі ў Гаазе.

Вазочнік, вандроўнік і сацыяльны прадпрымальнік Саша Аўдзевіч падчас сустрэчы ў «Беларускім моладзевым хабе» ў Варшаве. 5 жніўня 2022 году.
Фота: Белсат.

Заснавальнік праекту «Інклюзіўны барыста» ў Беларусі Саша Аўдзевіч анансаваў адкрыццё кавярні ў Варшаве.

«Планую адкрыць ужо праз месяц, калі ўсё будзе добра. Таму што ў мяне для гэтага ўсё ёсць.

А наконт людзей, якія будуць там працаваць, то першапачаткова, гэта будуць людзі-вазочнікі з інваліднасцю 1-й групы. А далей пабачым…» – сказаў на сустрэчы ў Варшаве Саша Аўдзевіч.

Наконт «далей» пажартаваў, што зможа браць на працу людзей нават без візы, а самую кавярню назаве «Бязвіз». 

«Калі ты адэкватны – ніякі коп за шкірку не возьме»

Справа ў тым, што частку сваёй вандроўкі Саша ладзіў з пратэрмінаванай візай і без усялякай страхоўкі. «Як такое магчыма і ці не сутыкаліся вы праз гэта з паліцыяй?» – запытаўся падчас сустрэчы адзін з беларусаў.

«Калі ты адэкватны чалавек і знаходзішся ў нармальнай краіне, а не ў Паўночнай Карэі, ніякі коп цябе за шкірку праз гэта не возьме – ну няма такога. Там людзі не тое што без візы – там людзі без ведання мовы жывуць: лечацца, «тусуюцца» і зусім не разумеюць, навошта прыдуманыя гэтыя візы. Я таксама не разумею. А калі ты ведаеш мову і калі ты абсалютна адэкватны персанаж, то на цябе паліцэйскія наагул не будуць траціць энергіі», – падзяліўся сваім бачаннем Саша Аўдзевіч.

Віза ягоная скончылася на Канарскіх выспах.

Вазочнік, вандроўнік і сацыяльны прадпрымальнік Саша Аўдзевіч падчас сустрэчы ў «Беларускім моладзевым хабе» ў Варшаве. 5 жніўня 2022 году.
Фота: Белсат.

Сваю вандроўку на ровары з ручным прыводам Саша пачаў у кастрычніку 2021 году з Грузіі. Праехаў узбярэжжа Чорнага мора, пасля была Турцыя і Грэцыя, пазней – Італія, дзе пад Неапалем яму дазволілі пераначаваць у сапраўдным сярэднявечным замку. Далей была Іспанія (Барсэлона, Валенсія).

І менавіта адтуль вандроўнік пераляцеў на Канарскія астравы, а дакладней – у Лос-Крысціанас, дзе знаходзіцца адзін з самых вядомых і старэйшых гатэляў на свеце для людзей з інваліднасцю (правёў у гатэлі два тыдні). Пачынаючы з Канараў вандраваў ужо без візы.

Начлегі ў замку і царкве, кава для Ціханоўскай

Адтуль зноў пераправіўся ў мацерыковую Іспанію, дзе яго прытуліла ўкраінская сям’я.

«Я шукаў гостэл, бо трэба было памыцца, і я быў стомлены. І мяне прыняла ўкраінская сямʼя – баршчы мне штодзень варылі! І гэта – у разгар вайны ва Украіне. Адтуль я накіраваўся ў Францыю», – распавядае Саша Аўдзевіч.

Мапа вандроўкі Сашы Аўдзевіча. Скрын відэа: Беларускі Моладзевы Хаб / Youtube

Па яго словах, у французскім Б’ярыцу ён пазнаёміўся з мясцовым актывістам, які стаў вядомы ўсяму свету праз захоп вілы дачкі Пуціна. Там жа, у Б’ярыцу, Саша Аўдзевіч жыў і начаваў у царкве. Мясцовая парафія «спакушала» беларускага вандроўніка застацца там назаўсёды – бо складаліся прароцтвы. Абяцалі купіць новы вазок і нават кватэру. Але беларуса чакала дарога.

Дарэчы наконт прароцтваў. Саша кажа, што ўжо пасля Парыжу, калі апынуўся ў Антвэрпэне (Бельгія), меў на мэце заехаць у Гаагу, да якой было ўсяго каля 20 км, – каб запарыць адмысловую каву для суддзі.

«Ну такую – прарочую. Каб судзіў потым нармальна таго, каго трэба…» – смяецца Аўдзевіч.

На жаль, каву для Гаагскага трыбуналу зварыць не ўдалося – у Антвэрпэне Сашу зваліла хвароба. Але сваю мару запарыць каву для прэзідэнта ён ажыццявіў. У час, калі быў у Парыжы, Святлана Ціханоўская ладзіла візіт у Данію. Даўняя знаёмая Сашы, якая была датычная да арганізацыі імпрэзы, прапанавала яму білет да Капенгагена. І такім чынам Саша Аўдзевіч апынуўся ў Даніі і зварыў каву для Ціханоўскай.

«Гэта быў моцны «лунга», з адным цукрам, па-мойму. Паразмаўлялі троху. Яна ведае пра Васю (дырэктар «Інклюзіўнага барысты» – заўв. ЗМ), пра праект і падпісаная на мой канал. Усё было нармальна. Але там столькі людзей было, мітусня такая. Перакінуліся словам, бо стаіць чарга – і я не мог закрыць кавярню, каб размаўляць даўжэй», – успамінае Саша Аўдзевіч.

«Каб вазочнікі былі шчаслівыя і пасміхаліся»

Згадваючы ўсе свае прыгоды, хваробы і цудоўныя здарэнні падчас вандроўкі, Саша Аўдзевіч кажа, што ў такіх выпадках проста варта «быць упэўненым у сваім вектары».

«Фішка ў тым, што, калі ты перастаеш у чымсьці сумнявацца і цягам нейкага часу чымсьці займаешся, – то ўсё яно як бы само і развязваецца. То бок ты настолькі ўпэўнены ў сваім вектары, што табе ўжо не страшна. Можна, канечне, панікаваць, але потым ты проста прывыкаеш да гэтых дзіўных падзеяў», – гаворыць вандроўнік.

Вазочнік, вандроўнік і сацыяльны прадпрымальнік Саша Аўдзевіч падчас сустрэчы ў «Беларускім моладзевым хабе» ў Варшаве. 5 жніўня 2022 году.
Фота: Белсат.

Але прызнаецца, што ў бліжэйшы час нікуды не паедзе.

«У планах адкрываць новую кавярню, рабіць франшызу, займацца бізнесам, рэлакаваць беларускіх вазочнікаў, каб яны былі шчаслівыя і пасміхаліся, бо ў Беларусі, пакуль там Лукашэнка, ім будзе кепска», – кажа Саша Аўдзевіч.

Сашу Аўдзевічу 36 гадоў. З адукацыі ён інжынер-праграміст. У інвалідным вазку – больш за 10 гадоў, пасля таго як у 2011-м пашкодзіў спінны мозг, патрапіўшы ў аварыю на матацыкле. Займаецца сацыяльным прадпрымальніцтвам. Некалькі гадоў працаваў па кантракце ПРААН. Заснавальнік і стваральнік праекту «Інклюзіўны барыста» ў Беларусі, у межах якога адкрыў цягам года 5 кавярняў. У 2016 годзе зладзіў сваю першую вандроўку на хэндбайку з Беларусі ў Партугалію. У 2020 падтрымаў пратэст. Зімой 2020-га Саша Аўдзевіч зноў зламаў спіну і перахварэў у шпіталі на ковід. У жніўні 2021-га вылецеў у Грузію, каб распачаць кругасветную вандроўку. Праехаў на хэндбайку каля 7000 кіламетраў.

Гісторыі
«Напой свабоды». Пра каву, кнігі і аўтазакі пагутарылі з Ігарам Сцяпанавым, беларускім барыстам у Варшаве
2022.06.25 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў