Спявачку Мерыем Герасіменку пакаралі 15 соднямі арышту


Імаверная прычына затрымання Мерыем Герасіменкі – выкананне ёю песні ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» падчас канцэрту на вуліцы Зыбіцкай у Менску.

Даведка
Мерыем Герасіменка.
Фота: meriem_gera/Instagram

6 жніўня тэлеграм-канал @spiski_okrestina паведаміў, што Мерыем Герасіменка атрымала 15 содняў арышту, яна ў ізалятары на Акрэсціна.

Паводле ПЦ «Вясна», справу Мерыем разглядаў суд Цэнтральнага раёну Менску. Ад асобаў, якія былі з ёй у адной камеры, вядома, што дзяўчына трымаецца ўпэўнена, аднак пасля затрымання не спала двое содняў.

Паводле непацверджанай інфармацыі, разам з Мерыем маглі затрымаць і ейнага хлопца.

Раней праўладныя тэлеграм-каналы вінавацілі спявачку ў тым, што тая нібыта ахвяравала грошы ўкраінскай арміі.

Нагадаем, што ўвечары 3 жніўня на тэрасе бару «Банкі-бутэлькі» на вуліцы Зыбіцкай у Менску прайшоў вулічны канцэрт менскай спявачкі Мерыем Герасіменкі. Падчас канцэрту яна выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обіймі». За гэта на яе абурыліся прапагандысты, назваўшы канцэрт «бэчэбэшным шабашам». Ім не спадабалася і тое, што спявачка была ў белай майцы з чырвоным сэрцам.

Мерыем, кіраўнік бару «Банкі-бутэлькі» Андрэй Жук і адзін з работнікаў бару былі затрыманыя. Жука пакаралі 30 соднямі адміністратыўнага арышту, работніка бару – 14 соднямі.

Hавiны
Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 5 жніўня
2022.08.05 22:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў