«Прадмесце сцерлі з зямлі». Што прымушае жыхароў Данеччыны згаджацца на эвакуацыю


У пятніцу, 5 жніўня з Пакроўску ў Львоў адправіўся эвакуацыйны цягнік. На ім выехалі з Данецкай вобласці каля сотні пасажыраў. Карэспандэнт «Белсат» пагутарыў з людзьмі пра абставіны іхнага ад’езду.

Пільная эвакуацыя мірнага насельніцтва з Данецкай вобласці цягніком Пакроўск – Львоў.
Фота: Сельхуда / Белсат

На неакупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці працягваецца абавязковая эвакуацыя ўсіх жыхароў перад пачаткам ацяпляльнага сезону. Урад Украіны папярэджвае, што на гэтай частцы краіны не будзе ацяплення, бо няма неабходнай інфраструктуры. Нават тое, што аднаўляецца, вораг ізноў знішчае.

Самі людзі не вельмі хочуць пакідаць сваіх дамоў, таму эвакуацыя стала абавязковай, а калі хтосьці ўсё ж хоча застацца, то ён мусіць напісаць пісьмовы адказ, дзе пазначае, што разумее ўсе наступствы і нясе адказнасць за сваё жыццё.

Ад’езд адбываецца ў цяжкіх умовах, бо бамбаванне не спыняецца. Нягледзячы на гэта, Украінская чыгунка адзначае, што кантралюе бяспеку і бесперабойнасць эвакуацыі.

Фота: Сельхуда / Белсат

Эвакуацыйныя цягнікі з Пакроўску ходзяць рэгулярна ўжо некалькі месяцаў.

Наш фатограф прысутнічаў пры адпраўленні эвакуацыйнага цягніка 5 жніўня. У гэты дзень выязджалі каля сотні пасажыраў. Большая частка з іх  зСалядару, Бахмуту і Славянску. Мы запісалі іхныя гісторыі.

Андрэй

Суразмоўца распавёў, што ён з Салядару, едзе да сястры. У Салядары засталася ягоная маці: «Не ўгаварыў яе зʼехаць. Яна хадзячая прытомная жанчына – і не захацела. Сёння там вывозяць людзей браневікамі і я вельмі спадзяюся, што вывезуць яе».

Андрэй падчас пільнай эвакуацыі.
Фота: Сельхуда / Белсат

«Еду. Гэта цяжка. Давай я не буду расказваць? Там сёння днём, сёння ўначы так прыляцела! Прадмесце наогул сцерлі з зямлі. Бамбілі «Градамі». У суседнім доме дваіх забіла, пляменніка і дзядзьку два дні таму! Сёння быў масаваны абстрэл, здаецца, пачалі штурм гораду. Цяжка, дружа!», – прызнаецца Андрэй.

Ліза і Аліна

Дзве маладыя дзяўчыны з Касцянтынаўкі. Яны выехалі як уцякачкі ў пачатку вайны, жылі ў Львове. «Але потым нам захацелася з’ездзіць на тыдзень дадому», – распавядаюць Ліза і Аліна. Такое нечаканае і самастойнае вяртанне прывяло да таго, што дзяўчат паставілі ў міліцыі на ўлік як складаных падлеткаў.

Фота: Сельхуда / Белсат

«У выніку мама даведалася, што мы прыехалі і сказала тэрмінова зʼязджаць адсюль. Мы непаўналетнія (15 і 17 гадоў) – і ў нас узніклі праблемы праз узрост. Нас паставілі на ўлік і мы зноў едзем у Львоў», – расказваюць Ліза і Аліна.

Святлана, Алена і трое дзяцей

Алена, ейныя трое дзяцей і сяброўка Святлана прыехалі на цягнік з Бахмуту эвакуацыйнымі аўтобусамі.

Святлана і Алена з дзецьмі ў цягніку.
Фота: Сельхуда / Белсат

«Уцякаем, бо там сталыя абстрэлы, горад бамбуюць. Вельмі страшна. Цяпер едзем ва Ужгарад, а далей будзем думаць, відаць, паедзем у Славаччыну ці Чэхію», – кажа Алена.

Уладзімір

Наш наступны суразмоўца з Салядару, ён эвакуюецца разам з маці-інвалідам, якой ужо 91 гадоў: «Пагадзілася ехаць – не можа сама сабе гатаваць, трэба яе накарміць, памыць і пакласці спаць».

«Абстрэл Салядару пачаўся, вось і ўцяклі. А што там цяпер рабіць? Нам дапамаглі выехаць вайскоўцы ў Краматорск, там пераначавалі і сёння эвакуюемся. Еду ў Кіеў да дачкі. У падвале ў нас не схаваешся, кінеш гранату – і дом складзецца», – разважае Уладзімір.

Людміла і Антаніна

Жанчыны таксама з Салядару: «З самага гарачага пункту. Выбіраліся пад абстрэламі. Нас вывозілі на машыне-вышцы, з электрыкамі, якія лямпачкі ў ліхтарныя слупы ўкручваюць.

Людміла і Антаніна.
Фота: Сельхуда / Белсат

«А што было ў дзень паветраных сілаў Расеі… А чацвёртай раніцы пачалося і так шаснаццаць гадзінаў бамбавалі. Хаваліся ў падвалах. Сцяна ў маёй хаце абвалілася і лягла проста на ложак праўнучкі. Добра, што ўсе сядзелі ў сутарэннях. Дзеці ў прымусовым парадку паставілі перад фактам, што замоўленыя валанцёры, якія вас вывезуць, але пазней высветлілася, што валанцёры ўжо туды заехаць не могуць, таму ехалі ў машыне з электрыкамі», – распавялі суразмоўцы.

Фота: Сельхуда / Белсат
Фота: Сельхуда / Белсат
Фота: Сельхуда / Белсат
Фота: Сельхуда / Белсат
Фота: Сельхуда / Белсат
Фота: Сельхуда / Белсат

Міра Ляселішская    belsat.eu

Стужка навінаў