Кіраўнік МАгАтЭ заявіў, што небяспека ядравай катастрофы «вельмі рэальная»


Кіраўнік МАгАтЭ Рафаэль Гросі выступіў з адмысловай заявай у сувязі з апошнімі падзеямі на Запарожскай АЭС.

«Я вельмі занепакоены ўчорашнім абстрэлам найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі, які падкрэслівае суцэль рэальную небяспеку ядравай катастрофы, якая можа пагражаць здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю ва Украіне і за яе межамі», – адзначыў ён.

Гросі падкрэслівае, што, паводле звестак Украіны, пашкоджанняў саміх рэактараў і радыяцыйнага выкіду не было. Аднак ёсць пашкоджанні на тэрыторыі АЭС. Паводле яго, ваенныя дзеянні, якія ставяць пад пагрозу бяспеку атамную электрастанцыю, абсалютна непрымальныя, іх трэба пазбягаць любой цаной.

Гросі заклікаў бакі да стрыманасці і адзначыў, што гатовы ўзначаліць місію экспертаў МАгАтЭ па бяспецы, абароне і гарантыям на ЗАЭС. Ён падкрэсліў, што гэтая місія да гэтага часу не адбылася не па віне МАгАтЭ.

«Я не здамся. Я буду працягваць зноў і зноў настойваць на тым, каб гэтая місія МАгАтЭ нарэшце адбылася. Але для гэтага спатрэбіцца супраца, разуменне і спрыянне з боку Украіны і Расеі», – заявіў ён.

Hавiны
«Енергоатом»: расейцы перайшлі да сцэнара ядравай аварыі на Запарожскай АЭС
2022.08.06 20:47

Нагадаем, Запарожская АЭС у горадзе Энэргадар захоплена расейскімі вайскоўцамі. Украінскія ўлады заяўляюць, што расейскія вайскоўцы неаднаразова абстрэльвалі ЗАЭС у мэтах правакацыі. Акрамя таго, прадпрыемства «Енергоатом» сцвярджае, што расейцы размясцілі вайсковую тэхніку са зброяй і выбухоўкай у машынных залах энергаблокаў № 1 і № 2, што ёсць фактычным мініраваннем ядравых рэактараў. Пра размяшчэнне вайсковай тэхнікі і мініраванне станцыі паведамляе таксама расейскае незалежнае выданне «The Insider».

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць, што расейскія войскі выкарыстоўваюць Запарожскую атамную электрастанцыю, каб узмацніць страх ядравай катастрофы і знізіць жаданне Захаду падтрымліваць Украіну.

Улады Расеі ў сваю чаргу вінавацяць у абстрэлах атамнай станцыі ўкраінскую армію.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў