Стрэлы, ракеты і шчыты. Праваабаронца распавёў, як беларускія памежнікі не даюць мігрантам вярнуцца ў Беларусь


За содні літоўскія памежнікі затрымалі рэкордную колькасць мігрантаў без адпаведных дакументаў.
Фота: VMG

Кантралёр літоўскага парламенту ў сферы правоў чалавека Вітаўтас Валенцінавічус у Facebook падзяліўся расповедам пра вяртанне нелегалаў на тэрыторыю Беларусі.

Вітаўтас Валенцінавічус адзначыў, што ўначы «беларускія памежнікі запускалі асвятляльныя ракеты і назіралі за нашымі памежнікамі з вежы, акрамя таго, беларускія памежнікі былі размеркаваныя ў лесе».

Паводле яго, каля адной заставы памежнікі вярнулі групу з 45 чалавек.

«Аднак яны стаялі на беларускім баку і малілі пашкадаваць іх, пусціць у Літву – бяспечную краіну ЕЗ. Тады літоўскія памежнікі са словамі «Go to a safe country – Belarus, go away» пачалі гнаць іх далей ад мяжы. Група ні з месца», – распавёў парламенцкі кантралёр.

Ён адзначыў, што людзі пыталіся, як ім легальна трапіць у Літву, а памежнікі казалі ім вяртацца.

Hавiны
«Што стаім? Давай, наперад». Апублікаванае відэа, як беларускія сілавікі гоняць мігрантаў у Літву
2021.08.06 10:39

Але напружанасць на мяжы, паводле Валенцінавічуса, толькі нарастае.

«Праз рацыю мы чуем выклік да 129-га слупа на мяжы, там праз мяжу перайшла група з 34 чалавек, 15 з іх – дзеці. Вярнуць іх у тым жа месцы не атрымоўваецца, бо ў 5:30 чуюцца аўтаматныя чэргі з беларускага боку, страляюць у паветра. Пры мяжы шыхтуюць беларускіх памежнікаў у шлемах, са шчытамі і дубінкамі. Аўтаматныя чэргі не сціхаюць, таму літоўскія памежнікі пасадзілі нелегалаў у аўтобус, перавезлі да знаку 125-126, высадзілі і, панукаючы, «Go, go go», выправілі ў бок Беларусі. Мігранты павольна ішлі ў бок Беларусі», – распавёў кантралёр.

На ягоную думку, калі Беларусь будзе фармаваць больш падобных групаў, у літоўскага боку можа не хапіць магутнасцяў, каб усіх вярнуць назад. Мігранты ж, на думку Валенцінавічуса, робяцца закладнікамі ў гэтай сітуацыі.

Hавiны
Ірак заклікаў сваіх грамадзянаў не рабіцца мішэнню кантрабандыстаў і гандляроў людзьмі
2021.08.05 12:11

МГ belsat.eu

Стужка навінаў