Прэм’еры Балтыі ды кіроўныя партыі Нямеччыны заклікаюць увесці новыя санкцыі супраць Менску

Літоўская мяжа. Фота: Sputnik Литва

Прадстаўнікі кіраўніцтва адразу некалькіх краінаў Еўрапейскага Звязу заклікалі да ўвядзення новых санкцыяў супраць дзейных уладаў Беларусі.

Гэтак, прэм’ер-міністры Эстоніі, Латвіі і Літвы прынялі супольную заяву з заклікам да Рады Еўрапейскага Звязу пашырыць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі.

Яны таксама прапаноўваюць увесці новыя санкцыі супраць усіх, хто ўдзельнічае ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў ЕЗ.

«Сітуацыя на вонкавай мяжы ЕЗ, якая хутка пагаршаецца, патрабуе хуткага, надзейнага і рашучага адказу беларускаму рэжыму, а таксама ўзмацнення дыпламатычнай, фінансавай і тэхнічнай падтрымкі Літвы з боку інстытутаў ЕЗ. Перамовы ЕЗ з краінамі паходжання нелегальнай міграцыі маюць першараднае значэнне. Мы шчыльна супрацоўнічаем з інстытутамі ЕЗ, каб перашкаджаць зʼяўленню новых маршрутаў нелегальнай міграцыі і спыняць іх», – гаворыцца ў заяве.

Нямеччына таксама за санкцыі

Між тым кіроўная фракцыя хрысціянскіх дэмакратаў у нямецкім Бундэстагу – партыі ХДС і ХСС – выпусціла жорсткую заяву аб сітуацыі ў Беларусі. Нямецкія хадэкі абвінавачваюць рэжым Лукашэнкі ў «дзяржаўным тэрарызме», ускладаючы на яго адказнасць за забойства апазіцыйных актывістаў за межамі краіны. Таксама падкрэсліваецца неабходнасць далейшых жорсткіх і адрасных санкцыяў.

Апроч таго, нямецкія хрысціянскія дэмакраты настойваюць на правядзенні новых свабодных выбараў у Беларусі.

У Кангрэсе ЗША прапануюць заснаваць Міжнародны крымінальны суд для Лукашэнкі

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны