Эскалацыя ці асцярожнасць? Чаго чакаць на беларуска-літоўскай мяжы


Міграцыйны канфлікт адбываецца не проста між дзяржавамі-суседкамі, а між чальцом NATO і чальцом АДКБ. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін разважае ў каментары «Белсату», чым гэта можа скончыцца.

Гэта адзінае месца, дзе злучаецца мяжа Беларусі, Літвы і Польшчы. Выкліканая Беларуссю пагроза нелегальнай міграцыі закранае Літву, але можа стаць рэальнай і для Польшчы. На здымку – тэрыторыя ля пункту пропуску Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Ужо два месяцы на беларуска-літоўскай мяжы трывае крызіс з нелегальнай міграцыяй. Літоўцы злавілі больш за 4000 мігрантаў – і вырашылі больш іх не прымаць, а разварочваць іх у Беларусь, бо лічаць хвалю міграцыі гібрыднай агрэсіяй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ірак, з якога паходзіць больш як палова затрыманых мігрантаў, заклікаў сваіх грамадзянаў не рабіцца мішэнню кантрабандыстаў і гандляроў людзьмі, а таксама мае скасаваць палёты ў Менск.

Hавiны
Стрэлы, ракеты і шчыты. Праваабаронца распавёў, як беларускія памежнікі не даюць мігрантам вярнуцца ў Беларусь
2021.08.06 14:09

Беларускія дзяржаўныя медыі заяўляюць пра смерць іракца на мяжы з Літвой – нібыта яго збілі на літоўскім баку. Версіі дзяржаўных СМІ і дзяржаўных органаў адрозніваюцца. Літоўскія медыі тым часам публікуюць відэа, на якім раўнютка на беларуска-літоўскай мяжы невядомыя байцы з дубінкамі і шчытамі гоняць людзей у бок Літвы.

Гэта ўсё нейкі план? Ужо задумалі наступны крок?

Даведка
Вайсковы аглядальнік, эксперт у пытаннях абароны і вайскова-прамысловага комплексу Аляксандр Алесін.
Фота: Ej.by

Алесін мяркуе, што канфлікт на мяжы наўрад ці неяк спланаваны – найхутчэй, бакі рэагуюць на дзеянні адно аднаго даволі спантанна. Магчыма, кажа ён, яны не чакалі такой узаемнай рэакцыі.

«Таму вялікая рызыка таго, што, не пралічыўшы наступстваў, яны могуць зрабіць нейкія рэзкія неабдуманыя крокі, якія яшчэ больш абвостраць сітуацыю», – кажа Алесін.

У сеціва 4 жніўня выклалі аўдыязапіс размовы, на якой прадстаўнік праўладнай «Белай Русі» кажа невядомаму, што акцыю пратэсту супраць нібыта забойства мігранта «літоўскімі карнікамі» рыхтавалі яшчэ да таго, як пра інцыдэнт стала вядома.

Аналітыка
«На ўсю прапагандысцкую моц». Якія пагрозы нясуць заявы пра смерць іракца і чаму эскалацыя будзе працягвацца
2021.08.05 09:19

Алесін кажа, што пасля 2020 года ніякім злівам не верыць – тэхналогіі дасягнулі такіх вышыняў, што магчыма сфабрыкаваць любое аўдыё. Тое аўдыё ён не бярэцца аналізаваць без пацверджання з некалькіх крыніцаў. Але разважае: правакацыя з нібыта забойствам наўрад ці выгадная беларускаму боку, бо Літва можа абвінаваціць Беларусь у тым, што гэта было зроблена рукамі беларускіх памежнікаў або наогул было інсцэнізацыяй, бо памерлага знайшлі ўжо на беларускім баку.

Што будзе, калі на мяжы здарыцца значны інцыдэнт?

Літоўскі памежнік. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Але калі здарыцца нейкая ўзброеная правакацыя або выпадковая перастрэлка між беларускімі і літоўскімі памежнікамі, што далей?

І Беларусь, і Літва – удзельніцы вайсковых блокаў, нагадвае Алесін. «Магутных старэйшых саюзнікаў» Літва мае ў NATO, Беларусь жа ў «саюзе» з Расеяй і ў АДКБ.

«Я думаю, што дзеянні абодвух бакоў застаюцца пад пільнай увагаю і Бруселю, і Крамля, – разважае Алесін. – Ні таму, ні другому боку не выгаднае абвастрэнне канфлікту вышэй за пэўны ўзровень».

Hавiны
Ірак заклікаў сваіх грамадзянаў не рабіцца мішэнню кантрабандыстаў і гандляроў людзьмі
2021.08.05 12:11

У Беларусі ўжо ёсць расейскія войскі, якія сцягнулі на вучэнні «Захад-2021», і беларускія войскі таксама прывялі ў стан гатовасці да вучэнняў. У такіх умовах наступствы канфлікту непрадказальныя, таму, мяркуе Алесін, «старэйшыя партнёры» будуць утрымліваць абодва бакі ад непрадуманых ці авантурных крокаў.

«Старэйшыя партнёры між сабой будуць кантактаваць і, калі сітуацыя наблізіцца да небяспечнага ўзроўню, будуць задзеяныя адпаведныя каналы сувязі між NATO і Масквой, а нават магчыма, і між Вашынгтонам і Масквой, – мяркуе Алесін. – Бо любы канфлікт у нашым рэгіёне, калі пачнецца з выкарыстаннем звычайных узбраенняў, мае рызыку перарасці ў абмен ядравымі ўдарамі».

Аналітык верыць у тое, што абодва бакі, NATO і Крэмль, дастаткова рацыянальныя і разумеюць, што «трэба будзе неяк спыніцца».

АА belsat.eu

Стужка навінаў