Два адвакаты ўжо два дні не ведаюць, што з філосафам Мацкевічам. Гэта законна?


Раніцай 4 жніўня дома ў метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча прайшоў ператрус. Што цяпер з Мацкевічам, невядома. Вядома толькі, што ён у ізалятары на Акрэсціна.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: асабісты архіў Мацкевіча

Адвакат Дзмітрый Лазавік расказвае «Белсату»: 4 жніўня каля 9 раніцы Ўладзімір Мацкевіч паведаміў знаёмым пра ператрус – і знік. У другой палове дня 4 жніўня Лазавік заключыў дамову аб абароне Мацкевіча ў магчымай адміністратыўнай ці крымінальнай справе, пачаў рыхтаваць заявы ў розныя праваахоўныя органы.

У Мацкевіча была дамова і з іншай адвакаткай, яна ўступіць у справу пазней – цяпер яна занятая ў іншым працэсе. Яна таксама не мае доступу да Мацкевіча.

Артыкулы
Сілавікі прыйшлі да экспертаў: ператрусы ва Уладзіміра Мацкевіча, Таццяны Вадалажскай, Улада Вялічкі
2021.08.04 10:56

5 жніўня а 10-й раніцы ў адным з каналаў у Telegram з’явіўся спіс тых, каго ўтрымліваюць у менскім ізалятары на завулку Акрэсціна паводле крымінальных справаў. Праз прыблізна 20 хвілін Лазавік паехаў у ізалятар, спытаў у «дамафоне» дзяжурнай часткі, ці Мацкевіч у іх. Там сказалі, так. Спытаў, ці можа пабачыць свайго кліента – сказалі, трэба дазвол следчага, ён лічыцца за ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску.

Адвакат завёз у СК паведамленне аб тым, што ён абараняе Мацкевіча, паведамленне зарэгістравалі. Раніцай 6 жніўня Лазавік плануе пачаць высвятляць, хто вядзе справу, што закідаюць і ці можна атрымаць дазвол на наведванне падабароннага.

Гэта ўсё, што ведае адвакат. Чаму затрымалі Мацкевіча і ў чым вінавацяць, ён не ведае.

Адвакат Дзмітрый Лазавік у перадачы «Размова» на «Белсаце». 1 сакавіка 2021 года. Скрыншот: Белсат

Чаму адвакатам нічога не паведамляюць пра затрыманага і не даюць да яго доступу? Лазавік лічыць, што гэта незаконна:

«Але тут я не здольны змагацца з дзяжурным, – тлумачыць Лазавік. – Тым больш, што ён размаўляе са мной праз металічныя дзверы. Праз дамафон я нічога не здольны зрабіць, я мушу шукаць следчага і прасіць у яго дазвол на наведванне майго падабароннага».

Мацкевіч, кажа адвакат, «мае досвед» у стасунках з праваахоўнымі органамі, на момант ператрусу меў дамову з адвакатам. З гэтага Лазавік робіць дапушчэнне, што Мацкевіч прасіў, каб выклікалі адваката. Гэта пакуль не вядома дакладна, але пры асабістай сустрэчы адвакат зможа даведацца, ці парушаліся правы Мацкевіча на абарону. Пакуль выглядае, што хутчэй за ўсё, парушаліся.

«Канешне, гэта ненармальная сітуацыя, калі больш за содні ніхто з блізкіх не ведае, дзе знаходзіцца чалавек, – заяўляе адвакат. – У законе ёсць норма, што на просьбу затрыманага мусяць выклікаць адваката. Такіх выклікаў не атрымліваў ні я, ні тая адвакатка, з якой раней была заключаная дамова. Таксама я не ведаю, каб выклікалі дзяржаўнага адваката».

Што ў такой сітуацыі могуць зрабіць адвакат, сваякі і сам затрыманы? Адвакат кажа, застаецца толькі чакаць.

Лазавік наракае: падобныя выпадкі бывалі раней і з іншымі яго падабароннымі. На патрабаванне выклікаць адваката сілавікі нічога не рабілі, адно казалі: «Ну, мы з табой пакуль пагутарым, табе не патрэбны адвакат».

Hавiны
На шосты дзень да зняволеных журналістаў «Радыё Свабода» Груздзіловіча і Студзінскай пусцілі адвакатаў
2021.07.22 23:02

АА belsat.eu

Стужка навінаў