Зазірнулі ў беларускі банк вакансіяў. Ёсць прапанова нават на 10,5 тысячаў рублёў


У Беларусі ўсё больш звальняюць і ўсё менш прымаюць на працу. Пры гэтым у дзяржаўным банку вакансіяў – каля сотні вольных працоўных месцаў. Пацікавіліся, каго шукаюць, якія заробкі прапаноўваюць.

Знак, предупреждающий о ведении ремонтных работ в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знак «Рамонтныя працы» на Зыбіцкай вуліцы. Менск, Беларусь. 21 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле афіцыйнай статыстыкі, са студзеня да траўня 2022 года ў Беларусі прынялі на працу 219,77 тысячы чалавек, а звольнілі 262,95 тысяч – звольненых на 43,2 тысячы больш за прынятых на працу. Толькі ў красавіку колькасць людзей у працоўнай сіле скарацілася на 21,3 тысячы. Тры гады таму занятых у эканоміцы было 4,928 млн чалавек, цяпер – 4,771 млн, на 157 тысячаў менш. Гэтая статыстыка – без мікраарганізацыяў і малых арганізацыяў без ведамаснай падпарадкаванасці.

На сайце Дзяржаўнай службы занятасці амаль 96 тысяч вакансіяў, за апошні месяц іх дадалося 44 тысячы, тады як рэзюмэ – толькі 489. Прырост за тыдзень – 10 тысяч вакансіяў і 137 рэзюмэ.

Hавiны
Беларускі бізнес працягвае пераязджаць у Польшчу. Наколькі цяжка там адкрыць і весці сваю справу?
2022.06.30 19:24

Мінімум, максімум і медыяна заробкаў

Мінімальны заробак, які прапаноўваюць на сайце, спадзяемся, памылковы: за 3 рублі (не сотні і не тысячы) на месяц запрашаюць папрацаваць аператарам хляратарнай устаноўкі ў Магілёве.

Аднак ёсць шмат абвестак з працай на 0,1 стаўкі – за менш як 50 рублёў на месяц: так можна падзарабіць пакаёўкай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Менску, лабарантам хімічнага аналізу ў Гомлі, электраманцёрам кабельных лініяў у Круглым, машыністам кампрэсара ў Шклове…

Найвышэйшы заробак у банку вакансіяў – 10 500 рублёў на месяц, начальнікам аддзелу ў кампаніі «Turk Hava Yollari Anonim Ortakligi», але на гэта патрабуюць стаж працы ў «Турэцкіх авіялініях» ад 10 гадоў, веданне сістэмаў бранявання пасажырскіх рэйсаў, а таксама веды англійскай і турэцкай моваў. Абвестка вісіць з канца траўня.

За 7189 рублёў і 25 капеек на месяц прапаноўваюць пасаду генеральнага дырэктара фармацэўтычнай кампаніі «Натавіта» ў Бешанковічах. Патрэбны досвед працы ў фармацэўтыцы ад 5 гадоў, вольнае валоданне англійскай моваю і ўласны аўтамабіль. Ёсць яшчэ чатыры абвесткі з «ніжняй мяжой» заробкаў больш за 5000 рублёў, яшчэ 13 – больш як 4000 рублёў.

Медыянны заробак у абвестках на сайце дзяржаўнай службы занятасці. Выява: Белсат

Якія заробкі сярэднія ў гэтым спісе? Бачым 1069 старонак, на кожнай з якіх 50 вакансіяў, ідзем на сярэднюю ў гэтым спісе 535-ю – там вакансіі, дзе заробак пачынаецца ад 624 рублёў за працу на поўную стаўку (электраманцёрам, электрагазазварнікам, слесарам пыланарыхтоўчых цэхаў, аператарам банкаўскага цэнтру, галоўным ветэрынарным доктарам, прыбіральнікам, настаўнікам харэаграфіі, паштальёнам). На такія грошы можна купіць 237 долараў і 26 цэнтаў – нават не палову ад «сакральных пяцісот». Гэта трошкі больш за два бюджэты пражытковага мінімуму.

Hавiны
Ідэальны шторм. Як змянілася Беларусь і беларусы з пачатку вайны
2022.06.30 18:14

Што гэта за вакансіі?

Толькі на кожную пятую з вакансіяў патрэбная вышэйшая адукацыя, а на 3 % абвестак дастаткова толькі агульнай базавай. Жытло прапаноўваюць усяго 5,7 % працадаўцаў.

Адкрыццё школы ў Доцішках, дзе цяпер шукаюць праграміста за 120 рублёў на чвэрць стаўкі. 5 верасня 2013 года.
Фота: sb.by

Мы паглядзелі некаторыя найбольш папулярныя пазіцыі. Так, больш за ўсё абвестак на доктара – 5626 з улікам ветэрынараў. Ім абяцаюць заробак ад 457 да 7018 рублёў (тут і далей размова пра поўную стаўку). Часта шукаюць слесараў – 5402, яны могуць разлічваць на 457–1950 рублёў. Вакансіяў інжынераў 3392, ім заплацяць 457–5000 рублёў. Прыбіральнікаў шукаюць 3015, заробкі – 457–1306,5 рубля. Вакансіяў трактарыстаў – 2741, заробкі – 457–4000 рублёў.

Сярэднестатыстычныя прапановы такія:

Якія заробкі прапаноўваюць на сайце Дзяржаўнай службы занятасці. Выява: Белсат / openmoji.org, CC BY-SAу 4.0

Вось некалькі свежых абвестак, якія анансуюць заробак, ніжэйшы за сярэдні. Педагогу-арганізатару ў школе ў Шчучыне прапануюць 240 рублёў на месяц на паўстаўкі, прарабу ў аграгарадку пад Свіслаччу – 1000 рублёў (на поўную стаўку), бібліятэкару ў Шчучыне – 480 рублёў, машыністу экструдара ў Барысаве – 1000 рублёў, майстру лесу ў Крычаве – 780–1100 рублёў, рабочаму комплекснага абслугоўвання і рамонту будынкаў у Шчучыне – 480–600 рублёў, дальнабойніку ў барысаўскай фірме – 900 рублёў, токару ў Барысаве – 985 рублёў, кіроўцу ў Барысаве – 1065 рублёў, трактарысту ў аграгарадку пад Свіслаччу – 850–950 рублёў…

Пры гэтым сярэдні заробак у траўні 2022 года складаў да вылічэння падаткаў і збораў 1573,4 рубля – «чыстымі» гэта 1353,12 рубля. Заробак, вышэйшы за сярэдні (калі лічыць, што пазначаюць заробак «чыстымі на рукі»), прапаноўвае 11,5 % вакансіяў. Менш за пражытковы мінімум (311,15 рубля) анансуюць у 5 % абвестак, але ўсё гэта – праца не на поўную стаўку. Ёсць абвесткі, дзе шукаюць працаўнікоў на поўную стаўку з заробкам, ніжэйшым за мінімальны (479,83 рубля) – напрыклад, галоўным спецыялістам у аддзел падатковай справаздачнасці «Банку ВТБ» або настаўнікам-дэфектолагам у віцебскія яслі-сад.

Не трэба здзіўляцца, што айцішнікам на дзяржаўным сайце прапаноўваюць даволі нізкія заробкі. Рэч у тым, што яны звычайна шукаюць працу ў сацыяльнай сетцы LinkedIn ці на спецыялізаваных сайтах.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Аб’ектыў
Рэальнае беспрацоўе ў 30 разоў болей за афіцыйнае. Хто з беспрацоўных трапіць у базу дармаедаў?
2022.02.02 22:36
Стужка навінаў