У судзе над Кацярынай Андрэевай абвясцілі перапынак на тыдзень


У працэсе над журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай абвешчаны перапынак да 13 ліпеня. Пра гэта паведаміў у Facebook ейны муж Ігар Ільяш.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

«Чаму была ўзятая такая паўза – невядома», – адзначыў ён.

Сам суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Артыкулы
У Гомлі пачынаецца закрыты суд над Кацярынай Андрэевай. Што трэба ведаць пра новую справу
2022.07.04 08:00

4 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс у новай крымінальнай справе супраць журналісткі Кацярыны Андрэевай.

Яе разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Свой тэрмін Кацярына адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі, ён мусіў завяршыцца 5 верасня 2022 года. Але 10 лютага Кацярыну раптам этапавалі ў гомельскае СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у якім статусе яе трымаюць і ў межах якой справы.

7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Паводле гэтага артыкулу ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Што канкрэтна інкрымінуецца журналістцы і на аснове якіх падзеяў узнікла абвінавачанне – невядома. На справу быў накладзены грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб неразгалошванні і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў