«Паставіў усё на кон». Іван Брэст за дзень да гібелі даў інтэрв’ю журналістам


26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёну «Волат» палка Кастуся Каліноўскага Іван Марчук з пазыўным Брэст. За дзень да гібелі з 28-гадовым ваяром паразмаўляла радыё «Свабода».

Іван Брэст.
Фота: belwarriors/instagram

«Цяпер усё прыходзіць да нейкай лагічнай развязкі, таму я ва Украіне, дзе паставіў усё на кон, застаючыся ў небяспецы як з боку КДБ, гэтак і з боку ворагаў-расейцаў», – распавёў камандзір.

Беларус з 2015 года заставаўся ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі.

«Як было не паехаць? Ужо тады было зразумела, у якое рэчышча гэта пойдзе. Былі спадзяванні, што гэта ўсё не перарасце ў нешта поўнамаштабнае. Але ўжо тады АТА была высакароднай справай у абароне братоў ад неправамернай агрэсіі. І ўжо тады было зразумела, што Расея спрабуе ўсталёўваць на тых тэрыторыях незразумелы рэжым, дзе творыцца беззаконне», – казаў Брэст.

Але цяпер, паводле яго, маштаб вайны «зусім іншы».

«Тады не было такога, каб усё вакол выбухала, каб працавалі адначасова і артылерыя, і авіяцыя, і танкі, і пяхота. Узровень ворага цяпер зусім ужо іншы», – распавёў ваяр.

Таксама ён некаторы час служыў у французскім Замежным легіёне:

«Было выдатнае рыхтаванне, цяпер гэта вельмі заўважна. Гэта дапамагае мне захоўваць жыцці хлопцаў і дзейнічаць максімальна абазнана».

Hавiны
Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Брэст, яшчэ адзін – у палоне
2022.07.06 01:26

26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам знікла сувязь з некаторымі байцамі беларускага палка Кастуся Каліноўскага. Як паведамілі ў фармаванні, пазней стала вядома, што загінуў камандзір батальёна «Волат» Іван Марчук з пазыўным Брэст, а Ян Дзюрбейка з пазыўным Тромблі трапіў у расейскі палон.

Дагэтуль невядома, дзе цяпер яшчэ шэраг беларускіх ваяроў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў