«Мы закопвалі матэрыялы ў некалькіх лясах». Як ананімная суполка дакументалістаў здымае фільмы ва ўмовах рэпрэсіяў


Дакументалісты адкрываюць новыя матэрыялы, знятыя ў Беларусі пасля жніўня 2020-га. Таемная (з меркаванняў бяспекі) суполка кінааўтараў «DocWave» стварыла першы фільм з запланаванай серыі «Галасы».

Карціна «Дзе мой край» распавядае гісторыю музыкаў з Вольнага хору, што спявалі на прыступках філармоніі ў час пратэстаў, а пасля мусілі з’ехаць з краіны праз пераслед. Аўтары фільму з «DocWave» кажуць, што маюць яшчэ багата знятага ў Беларусі матэрыялу – яго даводзілася зберагаць у лясах, але ўвесь ён захаваны і з часам ператворыцца ў новыя фільмы. Пра карціну «Дзе мой край», давер ад Вольнага хору і адметнасці захавання відэаматэрыялаў падчас рэпрэсіяў – у нашай размове з прадстаўнікамі «DocWave».

«Уяўлялі Вольны хор як банду, што аднойчы абрабуе архіў КДБ»

А. Мы прыдумалі суполку ў ліпені 2021-га – на той момант мы ўжо год працавалі над праектам і думалі, як у не вельмі прыемных умовах працы застрахаваць сябе і не падставіць нашых герояў.

B. Каб не выходзіць пад сапраўднымі прозвішчамі ці нейкімі іншымі прозвішчамі, мы пастанавілі назвацца «DocWave». Самі мы ўжо правераныя ў баі, нешта рабілі разам і ведалі, што можам давяраць адно аднаму.

С. У 2020-м у беларускіх кінатворцаў была спроба сабрацца, каб стварыць нешта накшталт украінскай суполкі «Babylon’13» – яе ўдзельнікі здымалі файныя фільмы на Майдане. Тады далей за сустрэчу нічога не зайшло, але прага аб’яднацца засталася, бо ў тых варунках рабіць нешта аднаму было сапраўды цяжка. Гэта нават відаць у фільме: як выглядае здыманне ў Беларусі і за яе межамі.

Вольны хор выступае дзеля падтрымання Марыі Калеснікавай. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

– Я так разумею, канцэпцыя фільму мянялася разам з жыццём. Як вы ўяўлялі фільм напачатку?

В. Нашая трэцяя калега першай падумала зняць фільм пра Вольны хор, маўляў, гэта хвацкі феномен і яго трэба зафіксаваць, бо неўзабаве гістарычны момант можа скончыцца. Я ніколі не цікавіўся харамі, не хадзіў і не слухаў, а тут прыйшоў на рэпетыцыю і быў так уражаны тым, як яны спяваюць, што ў мяне нават дрыжыкі пайшлі. Да таго ж, мне вельмі спадабалася іхная самаарганізацыя: яны мне нагадвалі сапраўдную банду, мы нават фантазіявалі, як хор робіць свае акцыі, а аднойчы ідзе і рабуе банк. Можна ўявіць, якая мусіць быць зладжанасць, каб прыйсці ў належнае месца ў належны час, з дрэскодам, выкананнем многіх розных штук для бяспекі, праспяваць дзве песні і знікнуць. Мяне зачапіла, што дзеля культурніцкага перформансу яны рызыкуюць сабой, але ўсё робяць вельмі хвацка.

Н. Я павёўся якраз на тое, што яны могуць абрабаваць банк або архіў КДБ, або скрасці матэрыялы Міколы Равенскага – і падумаў, што гэта будзе візуальна прыемна.

– Колькі разоў даводзілася мяняць уяўленне пра тое, якім будзе вынік?

Н. Вядома, напачатку мы ўсё ўяўлялі інакш. Мы пастанавілі, што не будзем выкладваць матэрыялу, пакуль не пераможам: думалі, што ў 2021 годзе ўсё скончыцца перамогай новага жыцця. Але жыццё пайшло іншым шляхам, таму ў гэтых варунках мы спыніліся на героях, гісторыя якіх, можна сказаць, мае лагічны канец. І паказаць якіх можна бяспечна для іншых удзельнікаў. Але «Дзе мой край» – толькі першая частка, мы працягваем працаваць з іншымі ўдзельнікамі хору і над іншымі тэмамі.

А. Спачатку мы рабілі фільм пра пратэст вачыма хору, потым пачалі вылучацца асобныя фігуры. Неяк мы паехалі здымаць харавы тур і пабачылі, што ў дваіх нашых герояў пачынаецца новы віток жыцця, хаця яны не планавалі з’язджаць з Беларусі і казалі, што трэба проста дачакацца – і ўсё будзе шыкоўна. Пераломны момант для мяне адбыўся на канцэрце ў Беларускім доме ў Варшаве: адна-дзве песні і нашыя героі, увесь час такія аптымісты, проста пайшлі адтуль – ён недзе схаваўся і, я ўпэўнены, пусціў стрыманую мужчынскую слязу, а Саша не вытрымала ўжо на канцэрце. Я зразумеў, што гэта можа быць супермоцнае адгалінаванне.

На фінальным здыманні ў Літве яны нам сапраўды адкрыліся: хоць раней і казалі, што ўсё класна, у апошнім інтэрв’ю відаць, што яно не так прыгожа.

Агулам з верасня 2020 года адбылося, мне здаецца, мінімум пяць зменаў канцэпту – гэта было звязана з тым, што сітуацыя ў Беларусі пагаршалася, што мы не можам паказваць удзельнікаў хору, а да тых, каго можам, было складана даехаць.

Светлана Тихановская и президент Польши Анджей Дуда встретились с представителями белорусской диаспоры во дворце Бельведер в Варшаве, Вольный хор
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і Святлана Ціханоўская спаткаліся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Бэльвэдэрскім палацы. На сустрэчы выступілі Вольны хор і Лявон Вольскі. Варшава, Польшча. 9 снежня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

– Як вы ўцерліся ў давер да Вольнага хору?

В. Як ні дзіўна, я ведаў некалькіх чалавек з хору, да таго ж у нашай камандзе ёсць чалавек з каманды хору. Праз яго мы пачалі здымаць закулісныя сцэны, яны звярталіся да нас, каб мы здымалі іхныя акцыі.

А потым мы разам перажылі іхны першы канцэрт у Варшаве, калі жылі разам і елі на адной кухні. Тады яны сапраўды «прынялі» нас у каманду і сказалі, што мы таксама – хор.

С. Але не без перашкодаў. Да першага замежнага туру мы былі такія: ну, людзі нешта здымаюць, оўкей. А потым мы здымалі ў Варшаве і яны папрасілі нас выйсці з памяшкання, маўляў, цяпер без камераў. Мы выйшлі і пачалі думаць, што такое незразумелае адбываецца: ну, мы былі з імі на акцыях, мы былі, калі іх ганялі на рэпетыцыях, мы таксама рызыкавалі. У выніку мы вярнуліся і кажам: «Нам трэба паразмаўляць». І абгрунтавалі, што хор – гэта не толькі тыя, хто спявае, але і тыя, хто дапамагае, з транспартам, лагістыкай ці здыманнем. Пасля гэтага нам далі карт-бланш і сказалі, маўляў, мы не супраць, нават калі вы ў душы захочаце здымаць.

Выступление «Вольного хора» на кинофестивале «Bulbamovie» в Варшаве
У Варшаве тры дні праходзіў кінафестываль «Bulbamovie». Беларускія фільмы паказалі ў кінатэатры «Iluzjon», тамсама адбыліся дыскусіі і сустрэчы з рэжысёрамі і прадзюсарамі. У заключны дзень кінафестывалю выступіў Вольны хор. Варшава, Польшча. 14 лістапада 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Калі чытаў Оруэла, уяўляў, куды ўсё пойдзе»

– Вы помніце, як працавалі яшчэ ў Беларусі: у які момант стала зразумела, што гэта становіцца рэальна небяспечным?

С. Ад самага пачатку было адчуванне, што ўсё можа абярнуцца не вельмі прыемна: калі чытаў Оруэла, уяўляў, куды ўсё пойдзе. Першае здыманне хору ў кастрычніку 2020-га было больш-менш спрыяльным, а ўжо на здыманні акцыі ў «Яме» ў снежні – на той момант шмат хто перасядзеў – я адчуў, што мне складана фіксавацца на творчай частцы, бо даводзіцца думаць яшчэ і пра тое, каб цябе не злапалі. Тады я зразумеў, што хуткай перамогі дакладна не атрымаецца і фільм будзе мяняцца.

Н. Да канца 2020-га, хоць і было страшна, заставалася нейкая надзея на вясну.

А пасля Новага года стала нашмат цяжэй: з’явілася разуменне, што казачнага сцэнару не будзе, што ўсё гэта надоўга.

Але здыманне ў той час мела нейкі тэрапеўтычны эфект: цяжка было нават з дому выйсці – але калі маеш мэту, ты выходзіш. А яшчэ і бачыш людзей, якія не толькі не баяцца, але і нешта робяць, і робяць нешта прыгожае. Я падумаў, стане гэта фільмам ці не, для мяне важна проста сабрацца разам і таксама нешта зрабіць. Тую вясну я перажыў дзякуючы гэтай працы.

Выступление Светланы Тихановской во время встречи с белорусской диаспорой в Берлине
Выступ Святланы Ціханоўскай падчас сустрэчы з беларускай дыяспарай у Берліне. Нямеччына, 9 лістапада 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

А. Калі ідэя з абрабаваннем банку расплылася, усё адно было адчуванне, што ты займаешся важнымі рэчамі і, нават калі гэта не стане дакументам, будзе прынамсі фіксацыяй часу. Тады ўсё было незразумела: можа, па цябе прыйдуць і ты не зможаш увогуле нічога зрабіць – таму ты проста лавіў момант і фіксаваў тое, што пасля, магчыма, раскажа гісторыю таго, як так атрымалася. Тэрапеўтычны эфект быў стоадсоткавы, бо ты бачыў сапраўдную неймавернасць, пра якую казалі палітычныя кампаніі.

– З якімі мерамі перасцярогі вам удалося захаваць зняты матэрыял?

А. Мы закопвалі матэрыялы ў некалькіх лясах. Гэта, вядома, адцягвае ад творчай дзейнасці, але для гісторыі цікавы феномен. Галоўнае было – не падставіць людзей, таму даводзілася прыдумляць рэчы, што выглядаюць дзіўнымі. Калі мы пасля шукалі так званы found footage (а мы бачылі вельмі шмат людзей, якія нешта здымалі), часта аказвалася, што матэрыялы выдаленыя. У тым шаленстве і віры падзеяў людзі не ведалі, што рабіць. І дзеля бяспекі проста выдалялі відэа. Нашы героі таксама ўсё павыдалялі, калі да іх прыйшлі. Гэта вялікая праблема. Мне падаецца, адна з місіяў таго, што мы цяпер робім, захаваць як мага больш, а мы назбіралі шмат матэрыялаў ад першай асобы, што было няпроста.

Мы стварылі бот, куды можна дасылаць відэа, і нам даслалі вельмі шмат цікавага. (Дасылаць відэа можна сюды – https://t.me/VideoVHBot. – аўт.)

– А вы ўяўляеце, як шмат са здымкаў, што фіксуюць Беларусь пасля жніўня 2020-га, у беларускіх аўтараў захавалася?

В. Шмат з таго, што ёсць у фільме, знялі відавочцы, часта гэта матэрыялы нашых калегаў. Мы бачылі знаёмых нам людзей з камерай і пасля пісалі ім наўпрост. Шмат хто сапраўды выкопваў матэрыялы ў лесе і дасылаў нам. Першыя месяцы пратэстаў зафіксаваныя больш, людзі здымалі ўсё, што рухаецца, без канкрэтных герояў і падзеяў. Але спадзяюся, хтосьці паралельна таксама нешта мантуе і мы яшчэ пабачым новыя фільмы.

С. Я магу дакладна сказаць, што ўсе матэрыялы, што знялі мы, захаваліся. Гэта нас цешыць. Але чаму мы і пастанавілі працаваць як суполка – бо цяпер сапраўды цяжка здымаць аднаму. Не ведаю, ці я б штосьці здымаў адзін і ці здымалі б мае калегі. Некаторыя баяцца дзяліцца матэрыяламі, каб не падставіць сябе і людзей. Я б на іхным месцы таксама задумаўся, асабліва, калі ты ў Беларусі. Зрэшты, большасць з тых, да каго мы звярнуліся, з намі падзялілася, што таксама вельмі цешыць.

Думаю, пакуль палітычная катастрофа ў Беларусі трывае, можна недаатрымаць нейкія матэрыялы, але пасля хтосьці абавязкова ўспомніць, што дзесьці ў лесе нешта закапаў, і шмат матэрыялу яшчэ ўсплыве.

У польскай сталіцы з’явілася колавая развязка Вольнай Беларусі. Ініцыятары гэтай падзеі — Цэнтр беларускай салідарнасці, ініцыятыва «Вольная Беларусь» і рух «Polska 2050». Варшава, Польшча. 15 кастрычніка 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

– Фільм расказвае гісторыю пра эміграцыю – ці ён не толькі для тых беларусаў, якія з’ехалі з краіны?

Н. Так, фільм пра эміграцыю, гэта, падаецца, цяпер самая актуальная тэма для Беларусі. Мяркую, яна будзе бачная і тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся, людзі ўсцяж думаюць пра гэта і размаўляюць. Да таго ж, тэма мае нейкую ўніверсальную каштоўнасць, шмат людзей ва ўсім свеце мусяць з’язджаць. «Дзе мой край» – не толькі беларуская тэма.

С. Складана задаволіць усіх. Вядома, перадусім гэта зразумеюць людзі ў эміграцыі, апошнія планы перажыванняў гераіні адгукнуцца тым, хто таксама выязджаў і неяк уладкоўваўся на новым месцы.

Але спадзяюся, і тыя, хто цяпер у Беларусі і жадае нейкай размовы, пабачаць, як бывае ў тых, хто з’ехаў, што яны не проста ездзяць на Мальту пагрэць азадкі на сонцы, што ад жніўня 2020 года беларусы маюць вялікую псіхалагічную траўму.

Мы разумелі, што ўніверсальна не зробім, але прынамсі пачнём дыялог пра пытанні, што дакладна ведаюць у эміграцыі. А хто не ведае, зможа паглядзець і паспрачацца, і сказаць, што ўсё гэта лухта.

Слухачы Вольнага хору на канцэрце, прысвечаным Марыі Калеснікавай. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

– Канцоўка не дае намёку, пазітыўны будзе працяг ці негатыўны. Можа, вы дадасцё словамі, эміграцыя тысяч беларусаў скончыцца чымсьці станоўчым – ці не?

А. Я фанат «Joy Division» і «ў лепшае заўтра веру з цяжкасцю».

В. У фільме дзве асноўныя лініі – герояў і хору. З героямі яна не моцна суцяшальная. Зрэшты, ізноў жа як сказаць – у іх усё даволі добра. Але хор, які ідзе і спявае не для слухачоў, а для саміх сябе, і не губляе пратэснага настрою… Мне падаецца, гэта пазітыўны канец. Ёсць частка грамадства, не важна хто яны і дзе, якая не здаецца. Таму нічога не скончана, працяг будзе. І я спадзяюся, ён будзе добры.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

 

Стужка навінаў