Казацкі атаман і наркаман. Сталі вядомыя імёны беларусаў, якія загінулі ва Украіне за Расею


Радыё «Свабода» паведамляе пра нарадзінцаў Беларусі, якія загінулі ва Украіне, ваюючы на баку самаабвешчаных рэспублік.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Гэтак, 30 чэрвеня загінуў 50-гадовы грузчык з Менску, удзельнік дзвюх чачэнскіх войнаў Аляксандр Шыянаў. Ён ваяваў у складзе вайсковых фармаванняў так званай ДНР яшчэ з 2014 года. На пэўны час пераязджаў у Тульскую вобласць Расеі, быў паходным атаманам «Вялікага брацтва казацкіх войскаў». У 2022 годзе Шыянаў уступіў у казацкі атрад «Дон». Меў пазыўны Рыкс.

Таксама пацвердзілася смерць 48-гадовага Васіля Курловіча з Ваўкавыску. Пра ягоную гібель паведамлялі яшчэ 23 сакавіка. У складзе войскаў так званай ЛНР Курловіч ваяваў прынамсі з 2015 года, быў намеснікам камандзіра агнямётнага ўзводу. Старэйшы сяржант. У Беларусі меў пяць судзімасцяў за захоўванне наркотыкаў, вёў антысацыяльны лад жыцця.

11 чэрвеня ў расейскай Цверы развіталіся з 35-гадовым старэйшым лейтэнантам Узброеных сілаў Расеі Андрэем Бабко. Ён нарадзіўся ў Беларусі, вучыўся ў школе і сувораўскай вучэльні. Пяць гадоў праслужыў на расейскай вайсковай базе ў Таджыкістане. Ягоны бацька, былы мар’інагорскі спецназавец, загінуў у 1995 годзе ў Чачэніі.

Hавiны
Медыі даведаліся імёны звязаных з Беларуссю вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне на баку Расеі
2022.06.01 14:18

Раней паведамлялася пра гібель ва Украіне яшчэ пяці вайскоўцаў, якія былі звязаныя з Беларуссю і ваявалі на баку Расеі: Пятра Лузанава, Паўла Яўглеўскага, Іллі Курналёва, Уладзіслава Чарнова і Мікалая Маркава.

Між тым з 24 лютага ў баях за ўкраінскую незалежнасць ужо загінулі не менш як сямёра беларусаў: Павел Волат, Канстанцін Дзюбайла, Зміцер Рубашэўскі, Зміцер Апанасовіч, Аляксей Скобля, Ілля Хрэнаў і Іван Марчук. Яшчэ некалькі трапілі ў палон або зніклі без вестак.

Hавiны
«Паставіў усё на кон». Іван Брэст за дзень да гібелі даў інтэрв’ю журналістам
2022.07.06 09:41

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў