У Канах пасля 2-гадовага перапынку адкрываюць галоўны кінаагляд свету


Сёння ў Францыі адкрываюць Канскі кінафестываль. Летась галоўны кінаагляд свету адмянілі праз каронавірус. 74-ая эдыцыя пройдзе хоць і з абмежаваннямі, але з публічнымі паказамі, чырвонымі дыванамі і Спайкам Лі ў якасці старшыні журы асноўнага конкурсу.

Летась дырэкцыя Канскага кінафестывалю была вымушаная адмяніць падзею. Да 2020 года кінаагляд адмянялі толькі аднойчы, у 1939-м. А ў 1968-м праз студэнцкія хваляванні яго спынілі ў працэсе. Год таму, хоць фестываль і не зарганізавалі ні офлайн, ні онлайн, каманда абвясціла праграму з 56 карцінаў. Яе не маглі паказаць на бульвары Круазэт, але меркавалі, што праграма разыдзецца па іншых фестывалях і ў кінапракаце з лэйблам «Каны-2020».

Сёлета ў Канах пакажуць больш за 60 фільмаў, з якіх 24 – у конкурсе.

Сёлета ў Канах пакажуць больш за 60 фільмаў, з якіх 24 – у конкурсе. У праграму ўвайшлі новыя карціны Паўла Вэргувэна, Франсуа Азона, Шона Пэна, Ўэса Эндэрсана, Кірыла Сярэбранікава. Апроч заўсёднікаў, у падбор трапілі і пачаткоўцы. Адкрыецца Канскі кінафестываль мюзіклам «Анэт» француза Леоса Каракса – першым мюзіклам у фільмаграфіі аўтара.

Журы асноўнага конкурсу ўзначаліць амерыканскі рэжысёр Спайк Лі, запрошаны на гэтую пасаду яшчэ летась. Таксама стала вядома, што адмысловым госцем фестывалю будзе карэйскі рэжысёр Понг Чун Хо – аўтар «Паразітаў», які два гады таму атрымаў «Залатую пальмавую галіну» Канаў, а пасля яшчэ і чатыры «Оскары».

Канскі кінафестываль адбудзецца 6–17 ліпеня.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў