Лукашэнка прыгразіў немцам спыніць імпарт і транзіт. Эканамісты тлумачаць, ці рэальна гэта


На нарадзе 6 ліпеня Аляксандр Лукашэнка «паставіў заданне зрабіць так, каб ад санкцыяў не пацярпеў беларускі народ». І тут жа сказаў забараніць імпарт і транзіт нямецкіх кампаніяў, што падтрымлівалі санкцыі.

Іюстрацыйнае фота. Пункт «Брузгі», 20 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

«Мы ведаем, хто ў ЗША, Нямеччыне ды іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектавальных і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў, – перадае БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі. – Мы іх ведаем. У нас ёсць досвед. Памятаеце, «Шкода», «Нівэя» і гэтак далей? Мы ім сказалі: хлопцы, дзякуй, да пабачэння. Першае: на беларускі рынак – ні кроку. Другое: праз Беларусь – таксама ні кроку. Гэтак жа трэба зрабіць і з немцамі. Хай праз Фінляндыю ў Кітай і Расею пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну, там добрыя дарогі, няхай едуць і пастаўляюць туды».

Паводле Лукашэнкі, трэба «зрабіць усе захады, каб яны адчулі, што такое Беларусь, і перад тым, як брацца за эканамічную зброю, думалі». «Белсат» спытаў эканамістаў, ці спрацуе гэта. У тым, каму ад гэтага будзе горш, апытаныя эканамісты не сумняюцца.

Іосуб: «Удар па сваёй эканоміцы атрымаюць больш адчувальны, чым змогуць адчуць нямецкія кампаніі»

Старэйшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб мяркуе, што менавіта немцам «дасталася» ў працяг прэтэнзіяў, якія Лукашэнка агучыў чатыры дні таму: тады праз «контртэрарыстычную аперацыю» нібыта выявілі сувязь «тэрарыстаў» з Нямеччынаю. Выставіць прэтэнзіі Лукашэнка абяцаў асабіста канцлерцы Ангеле Мэркель.

Вадзім Іосуб. Менск, Беларусь, 1 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

У прамове Лукашэнкі Іосуб адзначае «дзве розныя гісторыі»: імпарт нямецкіх тавараў у Беларусь і транзіт праз Беларусь на Усход. Эканамісту цікава было б паглядзець на рэакцыю Расеі і Кітаю на выказванне пра тое, што «хай немцы пастаўляюць праз Фінляндыю або Украіну».

«Калі казаць пра тое, што Беларусь там купляе, то гэта пераважна не нейкія мазі ці парфуму, ад якіх можна лёгка адмовіцца, – кажа Іосуб. – Вось звесткі за 2019 год: імпарт з Нямеччыны ў Беларусь перавысіў $ 1,7 млрд, прычым большая частка была інвестыцыйным імпартам. Больш за 50 % – гэта транспартныя сродкі, машыны, абсталяванне і інструменты. І яшчэ больш за 25 % – гэта прадукцыя хімічнай прамысловасці».

На думку Іосуба, відавочна: куплялі тое абсталяванне, без якога могуць спыняцца цэлыя вытворчасці, і раз гэта куплялі ў Нямеччыне, то гэта абсталяванне, якое не мае больш танных альтэрнатываў ад Расеі ці Кітаю. Таму адмова ад такога імпарту – «чарговы стрэл сабе ў нагу», а для нямецкіх кампаніяў Беларусь – наўрад ці аб’ёмны ці «прэміяльны» рынак.

Львоўскі: «Нават такія заявы самі па сабе маюць негатыўны эфект»

Старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі прыгадвае, што пра гэткі «стрэл сабе ў нагу», як спыненне транзіту, Лукашэнка заяўляе не першы раз, пра гэта пэўны час разважалі і эканамісты. З пытаннем пра тое, наколькі гэта рэальная пагроза, ён раіць звяртацца да варажбітак.

Леў Львоўскі.
Фота: beroc.by

«Але нават простыя заявы, што мы можам абмежаваць транзіт, ужо негатыўна ўплываюць на гэты бізнес, – засцерагае Львоўскі. – А трэба разумець, што ў прыватным бізнесе ніхто не хоча зрываць угоды, таму нават без забароны на транзіт многія еўрапейскія і кітайскія партнёры ўжо цяпер пачнуць разглядаць перанакіраванне сваіх грузавых плыняў у абыход Беларусі».

Шкода ад такіх контрсанкцыяў для беларускай эканомікі будзе сувымерная з той, якую нанясуць ёй еўрапейскія санкцыі. Беларусь жа «можна аб’ехаць і зверху, і знізу» – выдаткі на планавы аб’езд не будуць супастаўляльныя з тымі, якія могуць здарыцца ад раптоўнага перакрыцця транзіту і затрымання паставак. І калі Кітай не хвалююць правы чалавека, то на стабільную працу экспартавай сістэмы «ім не напляваць» – для іх Лукашэнка становіцца чалавекам, які дэстабілізуе іх каналы экспарту.

«У многіх краінаў ёсць рэчы, якія яны не зарабілі, а якія дасталіся ім за проста так, але ёсць важнымі часткамі іх валавога ўнутранага прадукту, – дадае Львоўскі. – Калі ў Расеі гэта нафта, то ў Беларусі – геаграфічнае размяшчэнне, якое спрыяе заробку на транзіце. Некалькі гадоў таму былі ацэнкі, што транзіт адказвае за прыблізна 6 % беларускага ВУП».

Львоўскі не сумняецца, што ў Нямеччыне, як і ў любой краіне, будуць і сярэднія, і буйныя бізнесоўцы, не зацікаўленыя ў санкцыях і спрэчках з Беларуссю, «але гэта толькі адно з меркаванняў». Калі большая частка немцаў палічыць паводзіны ўладаў Беларусі непрымальнымі, кіраўніцтва Нямеччыны будзе падпарадкоўвацца выбарнікам, не зважаючы нават на галасы бізнесоўцаў.

Раманчук: «Спаліць сваю хату, каб дым сапсаваў настрой суседу»

Кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прапануе перакладаць расейскі мэм «бамбіць Варонеж» на беларускія рэаліі: такімі контрсанкцыямі будуць «бамбіць Бабруйск».

Яраслаў Раманчук у студыі «Белсату», 2019 год.
Фота: belsat.eu

Але чаму менавіта немцы? Раманчук адказвае: «Калі ваяваць, дык ваяваць з лідарамі. Які сэнс наязджаць на Мальту ці Кіпр?» Нямеччына – адна з асноўных краінаў Еўразвязу, таму так можна паказаць, што «мы моцныя».

На гэта кладзецца і сюжэт Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, да 2020 года Нямеччына была асноўным ініцыятарам і зацікаўленым бокам «Менскага дыялогу», пяць гадоў з Беларуссю актыўна працавалі нямецкія палітыкі і фонды – раней «здавалася, што ёсць больш, чым проста дыпламатычныя і інфармацыйныя сувязі», цяпер крыўдна.

«Гэта ўжо не эканоміка, гэта не нейкая прадказальная мадэль, – каментуе Раманчук выказванні Лукашэнкі. – Гэта эмоцыі, гэта барацьба, гэта ментальная і псіхалагічная вайна. У такім стане чалавек можа спаліць сваю хату ў спадзеве, што дым сапсуе настрой суседу».

Беларусь і краіны Захаду яшчэ не дайшлі да таго, каб «зачахліць зброю», мяркуе ён. Але Нямеччына мае валавы ўнутраны прадукт у некалькі трыльёнаў долараў, а доля беларускага рынку ў еўрапейскай эканоміцы нязначная. Нават калі б нямецкія заводы былі набітыя беларускаю тэхнікай і праграмным абсталяваннем, кажа Раманчук, немцам было б непрыемна, але яны перажылі б такія контрсанкцыі. А забарона імпарту і транзіту – «з тым жа поспехам можна было б забараніць беларускія інвестыцыі ў іншыя краіны».

АА belsat.eu

Стужка навінаў