Ціханоўская распавяла, колькі беларусаў ваюе за Украіну


Святлана Ціханоўская агучыла колькасць беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер змагаюцца на баку Украіны. Лідарка дэмакратычнай Беларусі ў інтэрв’ю газеце «Corriere della Sera» адзначыла, што гаворка пра 1500 чалавек.

Аўтамат у руках байца палка Кастуся Каліноўскага. Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларусы з самога пачатку вайны пачалі актыўна дапамагаць Украіне. Такім чынам быў арганізаваны батальён імя Каліноўскага ды іншыя фармаванні. На пачатак чэрвеня, паводле Ціханоўскай, беларускія ўтварэнні налічваюць 1500 чалавек. Яны месцяцца ў розных гарадах краіны пад наглядам украінскага войска.

Таксама палітык адзначыла, што колькасна беларускія адзінкі пастаянна растуць:

«Многія ў Беларусі хочуць дапамагчы Украіне і ў цяперашні час праходзяць навучанне ў іншых краінах. Колькі іх і дзе яны, мне не дазваляецца казаць. Часта гэта людзі, якія маюць патрэбу ў навучанні, бо ў іх няма досведу вайны. Але, напэўна, колькасць беларускіх байцоў на баку Украіны будзе расці».

Артыкулы
Байцы палка Каліноўскага атрымалі ўзнагароды за мужнасць
2022.06.04 19:25

Нагадаем, што 24 лютага пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну. Уладзімір Пуцін агучыў зварот пра пачатак «спецыяльнай вайсковай аперацыі», якая ставіла за мэту заняць значныя тэрыторыі Украіны, у тым ліку сталіцу, Кіеў, за 3–7 дзён. Вайна цягнецца больш за 100 дзён. Войскі РФ здзяйснялі агрэсію таксама з тэрыторыі Беларусі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў