Пачынаецца суд над белапанаўцамі. Што вядома пра справу і абвінавачваных?


«Справа БелаПАНу» будзе слухацца ў закрытым рэжыме Менскім абласным судом. Першае паседжанне – ў панядзелак, 6 чэрвеня, а 10:30, у будынку суда Менскага раёну. Абвінавачваныя – журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і ягоная нявеста Ірына Злобіна, галоўная рэдактарка і дырэктарка БелаПАНу Ірына Леўшына, былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў. Распавядаем, што ім ставяць у віну, а таксама чым вядомыя гэтыя прадстаўнікі беларускай медыясферы.

Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзмітрый Наважылаў.
Фота: Белсат

Андрэй Аляксандраў: дапамагаў рэпрэсаваным, можа быць асуджаны за здраду дзяржаве

Першымі ў «справе БелаПАНу» 12 студзеня 2021 года затрымалі Андрэя Аляксандрава і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну.

Іх абвінавацілі ў рыхтаванні ў перыяд з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш чым 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Такім рыхтаваннем пракуратура палічыла аплату штрафаў і паслугаў адвакатаў затрыманым падчас акцыяў пратэсту ўлетку і ўвосень 2020 года. МУС сцвярджае, што Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў і такім чынам разам з Ірынай Злобінай перадаў 4 млн долараў рэпрэсаваным ад фонду «By_Help». Гэта было кваліфікаванае як здрада дзяржаве.

Андрэя Аляксандрава разам з Ірынай Леўшынай і Дзмітрыем Наважылавым таксама абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім. БелаПАН быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем у лістападзе 2021 года пастановаю КДБ.

Hавiны
Белапанаўцаў вінавацяць у атрыманні не менш за $ 1,6 мільёна замежнага фінансавання
2022.04.08 15:02

Андрэю Аляксандраву і Дзмітрыю Наважылаву таксама выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў за люты 2015 года – красавік 2021 года. Шкоду ацанілі на 449 тыс. рублёў. Таксама СК заяўляе, што працаўнікі інфармацыйнага агенцтва атрымалі схаванае фінансаванне ад замежных арганізацыяў на суму 1,6 млн долараў з 2014 года.

Такім чынам, Андрэй Аляксандраў праходзіць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • арт. 342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»;
  • арт. 243 – «Ухіленне ад выплаты падаткаў»;
  • арт. 361.1 – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»;
  • арт. 356 – «Здрада дзяржаве».
Hавiны
Патрыятызм ці злачынства? Каго і за што ў Беларусі вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»
2022.04.08 14:36

Вучыўся ў Вялікай Брытаніі і вярнуўся ў Беларусь

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 года ў Ніжнім Тагіле (бацька Андрэя служыў у вайсковых структурах), але сваім родным горадам лічыць Наваполацк, дзе правёў дзяцінства, юнацтва і частку дарослага жыцця.

Андрэй скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік» і на мясцовым гарадскім тэлебачанні.

Андрэй Аляксандраў.
Фота: Andrei Aliaksandrau / Facebook

У 2011 годзе Андрэй выйграў конкурс і атрымаў прэстыжную стыпендыю «Chevening» Міністэрства замежных справаў і міжнароднага развіцця Вялікай Брытаніі. Вывучаў медыяменеджмент у магістратуры Ўэстмінстэрскага ўніверсітэту. Пасля вучобы Андрэй працаваў у лонданскіх офісах такіх вядомых праваабарончых арганізацыяў, як «Index on Censorship» і «Article 19», адказваў там за постсавецкі кірунак.

У 2009–2012 гадах Андрэй быў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, адказваў за міжнародныя зносіны.

«Андрэй – моцны арганізатар, чалавек, які ўмее завязваць важныя, карысныя і галоўнае – эфектыўныя кантакты на міжнароднай арэне, – зазначае сябра Андрэя журналіст Кастусь Лашкевіч. – […] Завадатар, лідар, душа любой кампаніі, аптымістычны, пазітыўны, з тонкім пачуццём гумару».

У 2014 годзе, калі пачалася вайна на Данбасе, Аляксандраў паехаў туды здымаць дакументальны фільм. Потым на запрашэнне дырэктара БелаПАНу Алеся Ліпая вярнуўся ў Беларусь і цягам 2015–2018 гадоў быў намеснікам дырэктара агенцтва. Пасля смерці Ліпая Аляксандраў узяў на сябе абавязкі ў развіцці агенцтва. Паралельна вёў «Белорусский журнал» – інтэлектуальнае онлайн-выданне, якое сам і заснаваў. Удзельнічаў у праектах метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча (які таксама за кратамі з 4 жніўня 2021 года). Шмат працаваў як трэнер у медыяменеджменце на рынках Украіны, Грузіі, Узбекістану, Лівану.

Менскі офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН пасля ператрусу 14 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Андрэй любіць футбол, заўзімаецца за «Лівэрпул», грае на фартэпіяна і піша вершы на беларускай мове. Адзін з ягоных вершаў «Пакіньце мне права» ўкраінскі гурт «Колир» паклаў на музыку і запісаў кампазіцыю «Застацца сабой». Журналіст працягвае пісаць вершы за кратамі.

Ірына Злобіна: атрымала прапанову рукі і сэрца за кратамі

Ірына Злобіна – адзіная з фігурантак «справы БелаПАНу», якая не працавала ў агенцтве. Ірына нарадзілася 25 красавіка 1989 года. Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, апошнія гады мела ўласны невялікі бізнес – кветкі і вытворчасць сувеніраў, праводзіла лекцыі на тэму фларыстыкі ў Менску.

Знаёмыя кажуць, што, нягледзячы на год за кратамі, Ірына не траціць бадзёрасці і аптымізму. Працягвае займацца спортам, села на шпагат, навучылася «варыць суп з сякеры», спаць з запаленым святлом, пераключаць свядомасць на ўнутранае, нават калі вакол сем сукамерніц. У турме складана падтрымліваць здароўе, таму часта прастывае.

Артыкулы
«Каханне дапамагае нават там»: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна – год за кратамі
2022.01.12 15:19

Андрэй зрабіў Ірыне прапанову з-за кратаў. Яны хацелі ажаніцца, але праходзяць падазраванымі ў адной справе, ім нельга сустракацца, таму вяселле адкладаецца. Але Ірына цяпер у статусе нявесты, і гэта яе радуе. Перажывае за Андрэя і за ўсіх, хто трапіў у бяду.

Ірыну абвінавачваюць паводле:

  • арт. 342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»;
  • арт. 356 – «Здрада дзяржаве».

І Ірыне, і Аляксандру пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Абаіх у СІЗА паставілі на ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў».

Ірына Леўшына: марыла стаць акторкай, а знайшла сябе ў журналістыцы

Ірына Леўшына – галоўная рэдактарка і дырэктарка БелаПАНу. Нарадзілася 29 лістапада 1965 года ў Магілёве. Бацька Ірыны быў вайскоўцам, таму сям’я часта пераязджала. Дзве сястры Ірыны нарадзіліся за мяжой. Бабуля і дзядуля Ірыны з Украіны.

«Так атрымалася, што ўва мне няма беларускай крыві, але нарадзілася і вырасла я тут. І таму лічу Беларусь сваёй радзімай», – казала Ірына ў адным з інтэрв’ю.

У першы клас Ірына пайшла ў Нямеччыне, але потым з бацькамі вярнулася ў Беларусь. Марыла стаць акторкай і пасля школы спрабавала паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут, аднак не прайшла і пайшла вучыцца на факультэт журналістыкі БДУ.

Дырэктарка і галоўная рэдактарка БелаПАНу Ірына Леўшына з дыпломамі прэміі імя Алеся Ліпая «Гонар журналістыкі» для журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Менск, Беларусь. 9 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

У БелаПАНе Ірына амаль з самага пачатку – з 1992 года. Адразу пасля сканчэння журфаку Ірына нарадзіла дачку, два гады не працавала. А калі стала шукаць працу, сутыкнулася з адмовамі праз тое, што ў яе малое дзіця. Звярнуцца ў БелаПАН Ірыне параіў рэдактар газеты «Рэспубліка», куды яе таксама не ўзялі. У БелаПАНе наяўнасць дзіцяці не стала перашкодаў, так Леўшына пачала там працаваць.

Ірына вельмі любіць жывёлінаў – у яе ўдома пастаянна жылі гадаванцы.

«Мне падаецца, у старасці, калі я ўжо не змагу працаваць журналісткай, уладкуюся ў які-небудзь заапарк, каб даглядаць жывёлінаў. Ці адкрыю прытулак у доміку ў вёсцы. Я сілкуюся нейкай неймавернай энергіяй ад камунікацыі з імі», – казала Ірына пра свае адносіны з жывёлінамі.

«Ірына – проста жалезная жанчына»

У 2018 годзе Ірыне Леўшынай было нададзенае званне журналісткі года ў рамках штогадовых узнагародаў праваабаронцаў у Беларусі.

Ірына наўпрост сутыкнулася з беларускай рэпрэсіўнай машынай яшчэ ў 2018 годзе, калі яе затрымлівалі паводле «справы БелТА». Тады рэдактарку БелаПАНу адпусцілі, аднак яна разумела, што могуць ізноў прыйсці ў любы момант, асабліва пасля падзеяў 9 жніўня 2020 года. Тым не менш, Ірына прынцыпова адмовілася з’язджаць з Беларусі.

Hавiны
Галоўнай рэдактарцы БелаПАНу Ірыне Леўшынай на Акрэсціна не выдалі матраца і падушкі
2021.08.24 14:30

«Ірына – проста жалезная жанчына. Яна сама мне прызнавалася, што ёй неаднойчы настойліва раілі з’ехаць з Беларусі. Але прынцыповая была пазіцыя Ірыны, што капітан мусіць быць на караблі да апошняга. Як мы бачым, яно так і адбылося, што яна да апошняга выконвала свае абавязкі», – казаў журналіст Аляксандр Класкоўскі, які супрацоўнічаў з БелаПАНам.

«Я не зʼеду, – казала Іра. – Я не збіраюся зʼязджаць. Так, я ведаю, што мяне могуць пасадзіць, і я гатовая сядзець у турме. Але я не зʼеду», – перадавала словы Леўшынай журналістка Таццяна Бублікава.

Ірына падрыхтавала да свайго затрымання дачку.

«Калі я даведалася, што яна з раніцы не выходзіць на сувязь, шоку і стрэсу не было. Я разумела, што трэба дзейнічаць паводле ейных інструкцыяў», – казала дачка Леўшынай Ганна.

Ранкам 18 жніўня 2021 года да Ірыны прыйшлі сілавікі з ператрусам. Затым адвезлі на ператрус у рэдакцыю агенцтва, а затым – на допыт. З таго часу Ірына застаецца за кратамі. Яе абвінавачваюць толькі паводле аднаго артыкулу – 361.1 – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім». Журналістцы пагражае да 7 гадоў турмы.

Дзмітрый Наважылаў. «Гэта цяпер такі рарытэт, людзі проста не здольныя такімі быць»

Дзмітрый Наважылаў узначальваў БелаПАН з лета 2018 года да студзеня 2021 года.

Дзмітрый нарадзіўся 12 жніўня 1972 года. Скончыў прыборабудаўнічы факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытуту (цяпер БНТУ), атрымаў дыплом інжынера электроннай тэхнікі, але пасля вучобы пайшоў працаваць на тэлебачанне, спачатку на беларускіх тэлеканалах, а потым – уласным карэспандэнтам расейскага тэлеканалу «ОРТ».

«Ён вельмі адкрыты, добры, – казаў пра Наважылава ягоны сябар і аднакурснік Юры Кітаеў. – Адна асаблівасць – за ўвесь час, колькі я яго ведаю, ні разу ад яго мацернага слова не чуў. Вельмі інтэлігентны чалавек. Гэта цяпер такі рарытэт, людзі проста не здольныя такімі быць».

Дзмітрый Наважылаў быў затрыманы 18 жніўня 2021 года пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. На момант затрымання Наважылаў ужо не працаваў у БелаПАНе.

Менскі офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН пасля ператрусу 14 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Праз 10 содняў пасля затрымання пераведзены ў СІЗА № 1, дзе застаецца дагэтуль.

У віну Наважылаву ставяць:

  • арт. 243 – «Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў»;
  • арт. 361.1 – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобіну, Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава палітвязнямі. Пісаць белапанаўцам можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў