«Можна пасадзіць чалавека, але нельга пасадзіць ягоныя ідэі». Хто такая сацыёлаг Таццяна Вадалажская


7 чэрвеня пачынаецца суд над вядомым беларускім сацыёлагам і метадолагам Таццянай Вадалажскай. Ёй выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Паседжанне пройдзе ў судзе Заводскага раёну Менску, суддзя – Алег Каляда.

Таццяну Вадалажскую ўпершыню затрымалі 4 жніўня 2021 года разам з філосафам Уладзімірам Мацкевічам. Пасля 10 содняў адміністратыўнага арышту яе адпусцілі ў статусе падазраванай у крымінальнай справе. Цягам усяго гэтага часу Таццяну некалькі разоў выклікалі на допыты ў СК, ад следства яна не хавалася.

Таццяна Вадалажская.
Фота: belmarket.by

6 жніўня 2021 года Таццяна Вадалажская была прызнаная палітзняволенай.

23 сакавіка 2022 года Таццяну затрымалі падчас візіту ў Следчы камітэт, куды яна звярнулася з хадайніцтвам, каб ёй дазволілі выехаць на лячэнне ў Літву. У Следчым камітэце выдалі пастанову пра змяшчэнне пад варту і адвезлі яе ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Адвакат Таццяны застаецца пад падпіскай аб нераскрыцці інфармацыі, таму больш ніякіх падрабязнасцяў наконт справы і следства невядома.

Hавiны
Затрыманая сябра Каардынацыйнай рады Таццяна Вадалажская
2022.03.23 20:53

Хто такая Таццяна Вадалажская

Таццяна – вядомы беларускі сацыёлаг і метадолаг. Акрамя гэтага, яна – кандыдатка сацыялагічных навук (PhD), экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту», старэйшы аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі. Ад самага пачатку Таццяна ўдзельнічае ў аргкамітэце Міжнароднага кангрэсу даследнікаў Беларусі, уваходзіць у склад акадэмічнай рады міжнароднай PhD-праграмы для Беларусі. Аўтарка кніг і артыкулаў на тэмы: метадалогія гуманітарных навук, культурная палітыка, беларускае сучаснае мысленне.

«Таццяна завочна скончыла аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і паралельна з гэтым працавала швачкай. Пасля вучобы пайшла працаваць у Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, абараніла там дысертацыю», – распавядае ў гутарцы з «Белсатам» метадолаг, палітолаг, калега і сябар Таццяны Андрэй Ягораў.

У Акадэміі навук Таццяна прапрацавала 11 гадоў, займала пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка. Асноўны фокус ейных даследніцкіх інтарэсаў быў накіраваны на пытанні станаўлення і трансфармацыі нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці. Таццяна мае шэраг публікацыяў, удзельнічала ў розных даследаваннях на гэтую тэму.

У 2005 годзе яна далучылася да праграмнай дзейнасці філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча – рэалізацыі ў Беларусі праграмы культурнай палітыкі, пабудаванай на падмурку сістэмна-думкадзейнаснай метадалогіі.

«Мы пазнаёміліся з Таняй у 2005 годзе, яна яшчэ працавала ў Акадэміі навук. У той час разгортвалася ўзноўленая дзейнасць Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў – філасофскага гуртка Уладзіміра Мацкевіча. Таццяна далучылася да нас, а пасля цалкам перайшла на працу ў грамадскі даследніцкі сектар. У плане свабоды даследаванняў тут было больш перспектывы», – узгадвае Андрэй Ягораў.

Таццяна шмат гадоў працавала над развіццём акадэмічнай супольнасці Беларусі. Да канца 2009 года была штатным выкладчыкам дэпартаменту палітычных навук (праграмы «Паліталогія. Еўрапейскія даследаванні») Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Вільня), брала ўдзел у страйку выкладчыкаў дэпартаменту, якія пратэставалі супраць парушэння кіраўніцтвам універсітэту акадэмічных свабодаў.

Таццяна Вадалажская і Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Вясна. Правы чалавека ў Беларусі / Facebook

«Гэта эпізод нашай супольнай біяграфіі. Я таксама выкладаў у ЕГУ, мы былі выкладчыкамі дэпартаменту паліталогіі. Мы патрабавалі акадэмічнай аўтаноміі – незалежнасці ў пытаннях арганізацыі змястоўнага жыцця нашага дэпартаменту: каб мы мелі магчымасць вызначаць праграму, уплываць на выкладчыкаў, рыхтаванне студэнтаў, арганізацыю даследніцкай працы. Адміністрацыя ўніверсітэту не хацела даваць нам такой аўтаноміі, тады паўстаў канфлікт. Мы пайшлі на крайні сродак – страйк. Урэшце мы гэты канфлікт прайгралі, нягледзячы на падтрыманне студэнтаў і часткі нашых калегаў. Гэта быў першы такі канфлікт універсітэту з акадэмічнай супольнасцю, потым ён паўтарыўся яшчэ разы тры-чатыры, але ўжо з іншымі выкладчыкамі і факультэтамі. Што ўрэшце прывяло да рэформаў унутры ЕГУ», – распавядае Андрэй Ягораў.

З 2010 года Таццяна працуе старэйшым аналітыкам Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі – незалежнага аналітычнага цэнтру, што ўваходзіць у структуру міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь». У гэтай якасці яна стала аўтаркай і суаўтаркай шэрагу канцэптуальных распрацовак і прапановаў, даследаванняў і аналітычных дакументаў, накіраваных на развіццё і ўзмацненне беларускай грамадзянскай супольнасці.

З 2011 года Таццяна каардынуе рэалізацыю праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэту ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт».

«Стварэнне і дзейнасць «Лятучага ўніверсітэту» былі звязаныя з тым, што ў Беларусі мусіць быць інстытуцыйнае месца для мыслення. Месца, дзе будавалася б жывое, крытычнае мысленне, дзе людзі маглі б праходзіць практыку ўласнага жывога мыслення ў супольнасці, у дотыку з мысленнем іншых. З кніжкай мы маем сітуацыю з мысленнем, што адбылося, для нас жа важна супольна ўдзельнічаць у самім стваральным працэсе», – кажа Андрэй Ягораў.

Разам з гэтым Таццяна працягвала свае даследаванні беларускага грамадства.

«Ейныя даследаванні і метадычныя распрацоўкі ўнікальныя. Апошнія ейныя працы прысвечаныя сучасным тэхналогіям і іх уплыву на змены характару працы людзей, іхнай занятасці, няроўнасці, як гэта ўплывае на трансфармацыю грамадскай структуры ў Беларусі. Гэта ўнікальнае паводле характару даследаванне на тэму, вельмі важную ў сённяшняй сацыялогіі: як змяняецца грамадства пад уплывам сучасных тэхналогіяў», – адзначае Андрэй Ягораў.

З ягоных словаў, у Беларусі склалася даволі дзіўная сітуацыя. Усё, што ствараецца каштоўнае, ствараецца за межамі Акадэміі навук. Акадэмія не займаецца сучаснасцю, актуальнымі тэмамі, там няма крытычнасці. А вось тое, што сапраўды каштоўнае і важнае, ствараецца па-за межамі і не трапляе ў акадэмічны дыскурс, шырокае абмеркаванне. Гэта праблема, што існуе з беларускімі даследнікамі і беларускімі даследніцкімі цэнтрамі.

Артыкулы
Думаем Беларусь: топ артыкулаў і кніг філосафа Уладзіміра Мацкевіча
2022.03.15 12:30

«Апошнія месяцы яна шмат дапамагала рэпрэсаваным. Яна вельмі смелая»

«Таня – гэта чалавек, які можа рабіць унікальныя праекты для Беларусі. Напрыклад, можна адзначыць аспен-семінары. Таня была драйверам гэтых семінараў. Падчас іх людзі чытаюць і абмяркоўваюць класічныя тэксты, у спецыяльным фармаце, калі з удзельнікаў ствараецца мікрамадэль беларускага грамадства, прадстаўнікоў розных сектараў. Яны абмяркоўваюць тэксты ў дачыненні з культурай і асэнсаваннем. Таня ўкладала шмат высілкаў у гэтую справу, каб яна жыла і развівалася.

Яна была адным з інтэлектуальных драйвераў розных праектаў у межах Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў. У яе шмат ідэяў, якія даследаванні можна рабіць для беларускага грамадства. Апошнім часам яна звяртала ўвагу на пытанні інавацыйнай эканомікі і аспекты няроўнасці – у прыватнасці, тэму жанчын у IT. Яна бралася за такія тэмы, якія да яе ніхто не ўздымаў.

Таня – чалавек з вельмі актыўнай грамадскай пазіцыяй. Апошнія месяцы яна шмат дапамагала рэпрэсаваным. Яна вельмі смелая. Тое, што Таня публічна рабіла ў Беларусі, выклікала павагу, бо любое публічнае выказванне ў Беларусі цяпер вымагае пэўнай мужнасці. У Тані гэтая мужнасць ёсць», – кажа Андрэй Ягораў.

Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Алена Арцёменка.
Фота: salidarnasc.org

Пасля першага затрымання ў жніўні 2021 года Таццяна заставалася абвінавачванай паводле крымінальнага артыкулу. Яе выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

«Калі б Таня пастанавіла з’ехаць з краіны, гэта былі б уцёкі ад крымінальнага пераследу. Яна гэтага не зрабіла. Таня не хацела з’язджаць з Беларусі, бо гэта месца сілы, самарэалізацыі, месца, якое ты пераўтвараеш сваёй дзейнасцю, сваім мысленнем. Для яе гэта было вельмі важным. Таму гэта было свядомае прыняцце абставінаў жыцця. Яна не магла інакш: маўляў, гэта маё месца, і ніхто не можа выкінуць мяне з гэтага месца.

У Тані таксама была грамадская і чалавечая адказнасць за тых, хто застаецца ў Беларусі. Твае сябры ў турме, і ты дапамагаеш ім усім, чым можаш. Калі ты з’язджаеш, хтосьці іншы мусіць гэта за цябе рабіць. Таня не перакладвала гэтай адказнасці на іншых, меркавала, што яна мусіць рабіць гэта сама ў Беларусі. Яна дапамагала ў рэдагаванні і выданні кніжак і тэкстаў Уладзіміра Мацкевіча, напісаных ім да таго, як ён трапіў у турму. Яна лічыла важным гэта рабіць. Мы цяпер нясём адказнасць за тое, каб працягваць рабіць, што належыць», – перакананы Андрэй Ягораў.

Тое, што Таццяна цяпер за кратамі – цяжкая сітуацыя для ейных родных і сяброў. Але яны пішуць, падтрымліваюць Таццяну і цалкам разумеюць, што яе пераследуюць за грамадскую дзейнасць і пазіцыю.

Не ўсе лісты ад Таццяны даходзяць да адрасатаў. Тым не менш, сябры і родныя актыўна пішуць ёй, абменьваюцца атрыманымі лістамі, некаторыя ўрыўкі з каштоўнымі развагамі на інтэлектуальныя тэмы публікуюцца.

«Таня моцны духам чалавек – і трымаецца адпаведна. Яна здольная з усім справіцца. Можна пасадзіць чалавека ў турму, але нельга пасадзіць ягоныя ідэі, дух і мысленне. У Тані цяпер з’явілася шмат вольнага часу, і яна шмат разважае на розныя актуальныя тэмы», – кажа Андрэй Ягораў.

Таццяна Вадалажская, Уладзімір Мацкевіч застаюцца цяпер за кратамі. Чаму ўлады пераследуюць інтэлектуалаў?

«Як казаў Уладзімір Мацкевіч, для ўлады самае небяспечнае – гэта свабодная думка, выказаная публічна і адказна. Мы бачым пераслед за оруэлаўскае думзлачынства, іншадумства. Дыктатуры традыцыйна пераследуюць філосафаў, вальнадумцаў, для таго каб яны не ўплывалі на грамадства, на грамадскую ацэнку таго, што адбываецца ў краіне», – адзначае Андрэй Ягораў.

Артыкулы
Суд над філосафам Уладзімірам Мацкевічам пачнецца 9 чэрвеня
2022.06.03 11:28

Пра што піша Таццяна з-за кратаў

У сваіх лістах Таццяна Вадалажская перадае, што агулам у яе ўсё добра, яна бадзёрая і настроеная аптымістычна, але не стае інфармацыі і залучанасці ў жыццё. Лісты прыходзяць вельмі рэдка. Тым больш каштоўныя тыя, што «прарываюцца». У лістах Таццяна адзначае, што на Валадарцы яна вядзе здаровы лад жыцця: штодня зарадка, прагулкі, суп. Чытае Набокава, малюе. Адносіны ў камеры сяброўскія: летуценяць і робяць кулінарныя шэдэўры ў складаных умовах.

«Агулам тут жыццё чымсьці нагадвае «традыцыйнае грамадства», дзе рытм і падзеі задаюцца рухам сонца дый прыродай, закальцаваныя ў вечны паўтор. Сонца тут няшмат, але натуральныя сілы дыктуюць нам распарадак дня. Я часта цяпер шпацырую ў думках па Менску, і калі «заходжу» на Грушаўку, узгадваю нашыя сустрэчы і грушы. А неўзабаве яны ўжо будуць квітнець. Спадзяюся, што-небудзь ад квецені заляціць і да нас. Скляпенні старога замку, як не дзіўна, настройваюць на такі гістарычна-рамантычны лад, будзяць фантазію. Пакуль мы сустракаем вясну з дапамогай сонечных вокнаў на прагулках…»

У лістах да сяброў Таццяна разважае пра задачы беларускіх інтэлектуалаў, што не страчваюць сваёй актуальнасці.

«Цяпер, калі для беларускага грамадства настаў час рэакцыі, важна зрабіць працу над памылкамі і зразумець, што мы недаацанілі ў 2020 годзе. І гэтая задача можа быць развязаная інтэлектуаламі, аналітыкамі, вучонымі. Адным з важных момантаў, што трэба разгледзець, ёсць веды пра беларускае грамадства, пра рухальныя сілы, супярэчнасці, напрамкі развіцця.

На жаль, вельмі часта для тлумачэння таго, што адбылося, адбываецца і будзе адбывацца, выкарыстоўваюцца шаблонныя схемы ці не рэфлексіўна перанесены досвед іншых краінаў. Да 2020 года ў Беларусі склалася ўласная ўнікальная грамадска-палітычная сітуацыя, звязаная не толькі з палітычным рэжымам, але і з агульнымі працэсамі развіцця ў інавацыйную эпоху.

І сёння інтэлектуальныя намаганні важна засяродзіць на разуменні таго, кім мы ёсць, што намі рухае і што нас спыняе. І гэтыя веды не мусяць быць замкнёнымі ў навуковых кабінетах. Разуменне сябе – ключавы элемент наступнага этапу нашага развіцця».

Таццяна Вадалажская на закрыцці Тыдня беларускага мыслення ў Менску ў верасні 2016 года.
Фота: nashaniva.com

Таксама Таццяна разважае пра культуру, літаратуру, пра сябе і сваю справу.

Пра культуру: «Я ўсё больш думаю, што гэтыя часы ў культуры мусяць спарадзіць новую хвалю. Не пафасна-гераічную, а рэфлексіўную».

Пра сябе: «Я вылучылася са справаў. І ў нейкім сэнсе думаю, што гэтае завяршэнне пэўнага этапу жыцця і дзейнасці. Праўда, пакуль не прыдумала, што далей, што для мяне не характэрна. Я не ўмею жыць без разумення таго, куды і з чым іду. Але цяпер ці то стамілася, ці проста стан такі – індульгенцыя на бяздзеянне».

Пра сваю справу: «А яшчэ прачытала тут Даўлатава «Рамяство». І падумала, што ніколі не думала пра сваю справу як пра рамяство. Мусіць, жыву ў іншых катэгорыях. Вось што шкада, што няма з кім абмеркаваць тут такіх матэрыяў».

З ліставання з калегам наконт праблемы незавершанай дэсаветызацыі, што цяпер для постсавецкіх краінаў робіцца фактарам рызыкі трапіць пад уплыў «расейскага свету»:

«Сапраўды, інстытуцыйныя падмуркі савецкага грамадства і імперыі – вельмі блізкія. Хаця, вядома, гэта не адно і тое ж. У прыватнасці, імперскі прынцып мае на ўвазе магчымасць культурнай разнастайнасці на землях імперыі. Стандартызаванымі мусяць быць толькі інфраструктурныя і кіраўнічыя элементы сістэмы. Па сутнасці, Савецкі Саюз выкарыстоўваў такі (імперскі) прынцып у нацыянальнай палітыцы.

Але гэта дэкаратыўнае, лубачнае нацыянальнае. Нацыянальнае без прэтэнзіяў і права нацыі на самавызначэнне. Таму ўсталяванні расейскай імперыі добра кладуцца на дэканструяванае савецкае. А паўнавартаснае нацыянальнае супрацьстаіць яму».

Адрас для ліставання: Таццяне Валер’еўне Вадалажскай, СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск.

СП, belsat.eu

 

Стужка навінаў