Лаўроў не наведаў Сербіі праз адмову прапусціць ягоны самалёт


Візіт кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова ў Сербію, запланаваны на 6–7 чэрвеня, не адбудзецца. Суседнія з Сербіяй краіны не дазволілі самалёту расейскага чыноўніка скарыстацца іх паветранаю прастораю, заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.

Сяргей Лаўроў.
Фота: mid.ru

«Расейская дэлегацыя павінна была прыбыць для вядзення перамоваў у Бялград. Але суседнія краіны ЕЗ і NATO закрылі сваю паветраную прастору», – сказала Захарава.

Стала вядома, што Чарнагорыя, Паўночная Македонія і Балгарыя забаранілі самалёту Лаўрова заходзіць у іх паветраную прастору. Раней прэм’ер-міністарка Сербіі Ана Бырнабіч паведаміла, што сітуацыя з прыбыццём Лаўрова ў Бялград «надзвычай ускладненая». Паветраная прастора трох суседніх з Сербіяй краінаў была закрытая на падставе санкцыяў, уведзеных ЕЗ супраць Лаўрова і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна на фоне расейскага ўварвання ва Украіну.

Крыніца ў МЗС Расеі пацвердзіла расейскім СМІ, што Лаўроў не зможа прыбыць у Бялград:

«Гэтыя паведамленні адпавядаюць рэчаіснасці. Здольнасцю да тэлепартацыі дыпламатыя яшчэ не авалодала».

У Савеце Федэрацыі запатрабавалі ў адказ люстэркавай рэакцыі.

Віцэ-спікер Савету Федэрацыі Канстанцін Касачоў рэзка асудзіў дзеянні Балгарыі, Чарнагорыі і Паўночнай Македоніі, назваўшы іх крокам, накіраваным супраць Расеі ды Сербіі як дзяржаваў.

«Рэакцыя, спадзяюся, будзе супольнай і жорсткай. У фармаце не толькі дыпламатычных пратэстаў, але і канкрэтных практычных зваротных дзеянняў. Каб непанадна было», – напісаў Касачоў у сваім Telegram-канале.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў